...Перш чым зайсці ў палату, той мужчына, пэўна ж, пастукаў. І павітаўся. Але што ў тым такога? Вось і не ў памяці. Затое потым...
Ад дзвярэй праз усю палату ён — невысочанькі, прыгожа ссівелы, з ружай і поўным пакетам — ішоў у кут да акна і нікога-нічога, здаецца, не бачыў.
— Ну як ты, Люба мая? — спытаўся ў новенькай.
— Ды нармальна, — усміхнулася яна і рукой паказала на крэсла.
Мужчына падцягнуў яго бліжэй, да самага ложка, сеў, паправіў хворай коўдру і падушку, у свае нечакана вялікія, дужыя рукі ўзяў яе — маленькую, пульхную...
— Што там дома? — спытала яна.
— Усё добра, усе жывыя-здаровыя. Сказалі кланяцца... Так што ты, калі ласка, не перажывай, — запэўніў мужчына.
Але ж, падобна, спазніўся, бо Люба заплакала. Ён узяўся суцяшаць, казаць:
— Ну што ты, душа мая?! Усё будзе добра! Вось убачыш! Ты толькі не хвалюйся...
Каб не перашкаджаць гэтай размове, мы з суседкамі па палаце ціха паўставалі з ложкаў — рушылі ў калідор. Там стаялі крэслы і раскладушкі, там сноўдалі хворыя і дактары, там было на што паглядзець і аб чым пагаварыць. Але ўсё гэта вабіла менш: нам хацелася вярнуцца ў палату.
Дзверы яе (на адно імгненнечка!) адчынілі хвілін праз 40. Мужчына, падобна, ужо сыходзіў, развітваўся. Адной рукой Люба гладзіла яго па галаве, а другую, цалуючы пальцы, ён трымаў ля вуснаў.
...Мы бачылі каханне.
І гэта было не ў кіно.
Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta