У Шумілінскім раёне бытавыя паслугі аказваюць 11 арганізацый (юрыдычных асоб) і 18 індывідуальных прадпрымальнікаў. Па іх паслугі тутэйшыя могуць прыйсці ў 45 пунктаў. Аддаленыя вёскі прадстаўнікі дзяржаўнай «бытоўкі» абслугоўваюць з выездам на месца па графіку. Для гэтага з мясцовага бюджэту былі выдзелены грошы на набыццё новага аўто «Газель». Летась зарэгістравалі новыя суб'екты гаспадарання: саўну ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры і прадпрымальніка па фотапаслугах.
Паводле слоў выконваючага абавязкі старшыні райвыканкама Святланы Цімашэнкі, ва ўсіх без выключэння населеных пунктах аказваецца не менш за 11 асноўных відаў бытавых паслуг. Найбольш запатрабаваныя — цырульныя, рытуальныя і фотапаслугі... А наогул у раёне аказваецца 22 віды бытавых паслуг.
У складзе Шумілінскага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва — Дом быту, чатыры комплексныя прыёмныя пункты і пяць — па аказанні паслуг. Толькі летась прадпрыемства аказала паслуг на 70 тысяч рублёў.
У адным з КПП у аграрным гарадку Светласельскі працуе прыёмшчыца Іна Абраменка. Жанчына, можна так сказаць, «бытавы спецназавец»: прымае заказы, цырульнік, майстар па манікюры, швачка. Людзі да яе цягнуцца, бо заўсёды ветлівая і прафесіянал з вялікай літары. Працуе каля пяці гадоў пасля таго, як выйшла з водпуску па доглядзе дзіцяці.
Паколькі кошт паслуг у глыбінцы параўнальна нізкі, у вёску прыязджаюць нярэдка, каб зрабіць прычоску, і з абласнога цэнтра. Калі на дызелі, дарога займае ўсяго гадзіну.
Што датычыцца пракату, то тут можна ўзяць на пэўны час халадзільнік, пыласос, апырсквальнік і нават мячы! Суразмоўніца растлумачыла, што іх бяруць тыя, хто прыязджае сюды на адпачынак, каб згуляць у футбол. У цёплы час года карыстаецца вялікім попытам і пракат водных веласіпедаў.
Як адзначыў Віктар Бабічаў, дырэктар мясцовага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзяржаўная «бытоўка» стараецца пашыраць пералік паслуг. У прыватнасці, цяпер можна заказаць і дровы. Добры бізнес зрабілі на вырабе і ўстаноўцы бетонных агароджаў.
Новы аб'ект сацыяльнага прызначэння ў раёне — фізкультурна-аздараўленчы комплекс, у якім ёсць басейн. Тут працуюць тры інструктары. І з першага дня людзі літаральна займалі чэргі, каб запісацца на плаванне. Асабліва ахвотна наведваюць басейн дзеці. Удзельнічаюць паміж сабой у спаборніцтвах. Між іншым, усё больш ахвотных паплаваць не толькі з Шумілінскага раёна, але і з суседняга — Бешанковіцкага. Сюды прыязджаюць
сем'ямі. Летась ва ўстанове пачала працаваць саўна. Расцэнкі вельмі прывабныя: за гадзіну для чатырох наведвальнікаў трэба заплаціць 20 рублёў. Пры гэтым у Віцебску з-за дарагоўлі ўсё меней тых, хто наведвае проста лазні... У ФАК карыстаюцца добрым попытам трэнажорная зала, секцыі, гурткі, у якіх жанчыны могуць падкарэктаваць фігуру. Такім чынам, паслугі для здароўя не горшыя, чым у абласным цэнтры.
Пра тое, як абслугоўваюць насельніцтва прадстаўнікі бізнесу, пра стварэнне новых рабочых месцаў у недзяржаўным сектары эканомікі — у адным з наступных нумароў «МС».
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne