Упраўленне абароны інфармацыі Нацыянальнага банка інфармуе аб тым, што ў нашай краіне зафіксаваныя выпадкі тэлефоннага махлярства — вішынгу.
Сутнасць вішынгу ў тым, што зламыснікі, выкарыстоўваючы тэлефонную сувязь і іграючы пэўную ролю (супрацоўніка банка, пакупніка або іншых), пад рознымі падставамі выманьваюць у трымальніка плацёжнай карткі канфідэнцыйную інфармацыю або просяць што-небудзь зрабіць са сваім рахункам. Вынік заўсёды адзін і той жа — грошы з карткі знікаюць.
Устаноўлена, што ашуканцы тэлефануюць кліентам беларускіх банкаў і, называючыся супрацоўнікамі банкаў (у тым ліку Нацыянальнага банка), пад рознымі нагодамі просяць даць пашпартныя даныя, а таксама рэквізіты банкаўскіх плацежных картак і коды, якія паступаюць на тэлефонны нумар кліента банка.
У большасці выпадкаў нумары тэлефонаў махляроў могуць быць схаваныя альбо належаць аператарам сувязі іншых дзяржаў. Аднак у асобных выпадках больш хітрыя злодзеі выкарыстоўваюць спецыяльныя тэхналогіі, і тады нумары тэлефонаў, з якіх ажыццяўляюцца званкі, вызначаюцца як афіцыйныя нумары, названыя на сайце банка.
Супрацоўнікі Нацбанка звяртаюць увагу: работнік банка пры тэлефанаванні кліенту загадзя павінен ведаць усе неабходныя яму даныя. Таму паведамляць камусьці рэквізіты банкаўскай плацежнай карткі, паролі і коды доступу, пашпартныя даныя ні ў якім разе нельга.
У Нацбанку рэкамендуюць у выпадку паступлення падобных званкоў адразу ж звярнуцца ў кантакт-цэнтр банка, які эмітаваў картку, расказаць аб сітуацыі і далей прытрымлівацца рэкамендацый супрацоўніка банка.
Калі зламысніку ўсё ж удалося атрымаць рэквізіты карткі або быў устаноўлены факт крадзяжу грашовых сродкаў, варта неадкладна заблакаваць картку і звярнуцца з заявай у праваахоўныя органы.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/bank
[4] https://zviazda.by/be/tags/mahlyary-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/mabilny-telefon