Мінскі тыдзень дызайну пройдзе ў сталіцы з 1 па 10 мая, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" [1].
Падобнае мерапрыемства адбудзецца ў горадзе не ўпершыню, але ў гэты раз яно плануецца ў больш інтэнсіўным фармаце.
- У гэтым годзе Тыдзень дызайну робіць стаўку на нестандартны фармат - міждысцыплінарнасць, аб'яднанне, супрацоўніцтва, інтэрактыўнасць, - кажуць арганізатары мерапрыемства.
На тэрыторыі Верхняга горада абсталююць больш за дзясятак пляцовак, на якіх намечаны майстар-класы, лекцыі, выставы, прэзентацыі, экспазіцыі малых архітэктурных формаў і аўтарскіх інсталяцый. Прычым на кожнай пляцоўцы будзе свая ўнікальная праграма. У фестывалі прымуць удзел больш за 40 каманд дызайнераў, а таксама архітэктары, мастакі, танцоры, акцёры і музыканты.
- Для ўзвядзення павільёнаў на тэрыторыі Верхняга Горада запрошана больш за 13 замежных студый і калектываў, - адзначаюць арганізатары. - Мы прымаем удзельнікаў з Расіі, Польшчы, Кітая, Францыі, Англіі, Ірландыі, Фінляндыі, Бразіліі, Ізраіля, Іспаніі, Турцыі і Арменіі. Кожная канструкцыя-павільён - унікальнае часовае збудаванне, якое мае сваю функцыю і не толькі ўпрыгожыць горад, але і патэнцыйна стане новай пляцоўкай для правядзення вольнага часу жыхароў і гасцей сталіцы. Частка павільёнаў пасля завяршэння мерапрыемства застанецца да канца сезона і стане цэнтрам прыцягнення ўвагі гасцей Мінска падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў [2].
Больш падрабязна з праграмай тыдня можна азнаёміцца на сайце Беларускага саюза архітэктараў [3].
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/nedelya-dizayna-v-minske-v-etom-godu-proydet-v-obnovlennom-formate/
[2] http://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019
[3] http://bsa.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/dyzayn
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-sayuz-arhitektarau