У Беларусі ў гэтым годзе чакаецца прыняцце ўказа аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю, у адпаведнасці з якім у будынках, набытых за адну базавую велічыню, дазваляецца займацца аграэкатурыстычнай і рамеснай дзейнасцю (1 БВ цяпер складае Br25,5). Пра гэта паведаміў БЕЛТА [1] старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.
Акрамя таго, праект дакумента прадугледжвае магчымасць афармляць растэрміноўку на набыццё дзяржмаёмасці на тэрмін да трох гадоў, скарачэнне крокаў продажу аб'ектаў на аўкцыёнах. "Сёння для паніжэння кошту аб'ектаў, у выпадку калі яны па якіх-небудзь прычынах не запатрабаваныя, неабходна прайсці шэраг этапаў па зніжэнні цаны на 20%, 50%, 80%, потым аб'ект выстаўляецца за базавую велічыню. Прадугледжваецца магчымасць адразу паніжаць кошт да 50%", - растлумачыў Андрэй Гаеў.
Праектам указа таксама спрашчаецца парадак продажу аб'ектаў на разбор для наступнага выкарыстання будаўнічых матэрыялаў.
У цяперашні час пытанні ўключэння ў абарот невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай дзяржмаёмасці прапісаны ва ўказе №294. Новы нарматыўны акт накіраваны на павышэнне эфектыўнасці распараджэння дзяржмаёмасцю. "Радыкальна падыходы не мяняюцца. Мяркуецца эвалюцыйны шлях развіцця з улікам практыкі прымянення дзеючага заканадаўства, - адзначыў Андрэй Гаеў. - Праект указа ўнесены ў Адміністрацыю Прэзідэнта, усе неабходныя ўзгадненні пройдзены. Чакаем яго прыняцця".
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/v-belarusi-kuplennye-za-bazovuju-velichinu-zdanija-razreshat-ispolzovat-pod-agrousadby-336795-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhmayomasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/kancepcyya-kiravannya-dzyarzhmayomascyu