На нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўвалі дэмаграфічную сітуацыю і ўдасканаленне мер дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.
Паводле яго слоў, ні адна краіна ў свеце не падтрымлівае так сем'і з дзецьмі, у Беларусі больш за 10 дапамог. Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў Германіі вельмі моцныя выплаты ў гэтай сферы, аднак узровень нараджальнасці практычна як у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разабрацца ў сістэме падтрымкі сем'яў з дзецьмі і паглядзець, “можа, нам дзесьці ўзмацніць падтрымку, а дзесьці нейкую дробязь наогул прыбраць, якая не працуе".
Калі, напрыклад, будзе прынята прыстойнае рашэнне па забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём, то гэта безумоўны стымул. "Жыллё для сям'і — гэта ўсё", — упэўнены Прэзідэнт. Аднак, да прыкладу, адпраўляць на санаторна-курортнае лячэнне з мінімальнымі выплатамі, то гэта, па сутнасці, распыленне грашовых сродкаў.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў сферы дэмаграфічнай бяспекі наша краіна сутыкаецца з такімі ж праблемамі, як і большасць дзяржаў свету. Гэта зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнага змяншэння насельніцтва. Калі не прымаць папераджальных мераў, то, па прагнозах спецыялістаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва і яго старэння будуць толькі ўзмацняцца аж да 2040 года.
"Для падтрымкі сем'яў з дзецьмі ў Беларусі прыняты, я ўжо сказаў, выключныя меры, якіх няма ў іншых краінах. Сярод іх — адпачынак па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, які аплачваецца, льготнае крэдытаванне для шматдзетных і праграма сямейнага капіталу, а таксама іншыя меры", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, гэтыя асноўныя меры з'яўляюцца сапраўды істотнымі — і яны працуюць. Таму неабходна падумаць: калі ўжо ўзмацняць, то меры, якія даюць вынік, а непрацуючыя — прыбіраць.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзельнікаў нарады адказаць на наступныя пытанні.
Па-першае, наколькі прынятыя меры эфектыўныя? Ці спрыяюць яны павышэнню нараджальнасці?
"Прырост насельніцтва, павышэнне працоўнага патэнцыялу — пытанне нацыянальнай бяспекі, і для нас яно гучыць таксама востра, як для іншых развітых краін", — падкрэсліў ён.
Па-другое, згодна з інфармацыяй беларускага лідара, да гэтага часу існуюць недапрацоўкі з забеспячэннем шматдзетных сем'яў жыллём. "Мы пра гэта дамовіліся. 2021 год — мяжа, за якую непажадана выходзіць пры забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём", — адзначыў Прэзідэнт.
Па-трэцяе, была прынята Праграма "Здароўе народа". Як яна выконваецца? Лукашэнка звярнуў увагу, што пакуль вядзецца вельмі шмат размоў пра здаровы лад жыцця, тады як дзеянняў у гэтай сферы не хапае. Прэзідэнт папярэдзіў прысутных: калі хоць адно яго даручэнне не будзе выканана, варта сабрацца і сыходзіць.
"Я таксама патрабаваў ад міністра аховы здароўя прыняць комплексныя меры па зніжэнні смяротнасці. Хацелася б пачуць, што ў гэтым напрамку робіцца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На думку беларускага лідара, задача — у бліжэйшыя гады распрацаваць і рэалізаваць дзейсныя меры, накіраваныя на павелічэнне нараджальнасці насельніцтва Беларусі. Важна надаць увагу фарміраванню ў грамадстве пазітыўнага і паважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцяў.
Таксама ён заклікаў удзельнікаў нарады актыўна абмяркоўваць і выказваць канкрэтныя прапановы па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.
"Яшчэ раз падкрэсліваю: ніякіх самасправаздач і разглагольстванняў. Трэба было разглядаць ва ўрадзе гэтыя пытанні перш, чым прыходзіць да Прэзідэнта. Да мяне трэба прыходзіць з канкрэтнымі прапановамі — што будзем рабіць і ў якім аб'ёме", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля гэтага ён перадаў слова міністру працы і сацыяльнай абароны Ірыне Касцевіч.
Яна адзначыла, што з 1993 года наша краіна ўступіла ў этап дэпапуляцыі — смяротнасць перавышае нараджальнасць. Дзяржава не ўзнаўляе сваё насельніцтва з 1978 года, калі каэфіцыент простага ўзнаўлення ўпаў ніжэй парогавага значэння 2,15. 2018 год — сумарны каэфіцыент складае 1,414.
"Прынятыя на дзяржаўным узроўні меры дазволілі дамагчыся, пачынаючы з 2010 года, адноснай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі, аднак дадзеная тэндэнцыя не набыла ўстойлівы характар, пра што сведчаць вынікі апошніх двух гадоў. Нараджальнасць зніжаецца. У 2018 годзе нарадзілася менш за 5 тысяч дзяцей, што на 8 % менш, чым у 2017. Узровень смяротнасці застаецца досыць высокім. Памерла амаль 200 тысяч чалавек, што на 600 чалавек больш, чым у 2017. У выніку натуральнае змяншэнне склала больш за 25 тысяч чалавек, павялічыўшыся на 9 тысяч. Вынікі 2018 года: колькасць насельніцтва паменшылася і склала амаль 9 млн 476 тысяч чалавек ", — заявіла Ірына Касцевіч.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/demagrafiya