З пачатку лютага дзяржпрадпрыемства «Белгеадэзія» дае доступ усім карыстальнікам сеткі інтэрнэт да дзяржаўнай навігацыйнай карты нашай краіны ў лічбавым фармаце.
Гэта навігацыйная карта складаецца з трох частак: картаграфічнай падкладкі, дарожнага графа і адраснай інфармацыі.
У якасці картаграфічнай падкладкі выкарыстоўваюцца тапаграфічныя карты маштабу 1:100 000 на ўсю тэрыторыю краіны і маштабу 1:10 000 на тэрыторыі асобных гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу. Дарожная сетка прадстаўлена дарогамі міжнароднага, рэспубліканскага і мясцовага значэння. У базе даных адраснай інфармацыі змяшчаюцца звесткі пра больш чым 120 гарадоў і пасёлкаў.
Картаграфічная падкладка дзяржаўнай навігацыйнай карты ў выглядзе WMS-сэрвісу можа выкарыстоўвацца ў прыкладных геаінфармацыйных сістэмах. Графічная дакладнасць картаграфічнай падкладкі адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да дакладнасці дзяржаўных тапаграфічных картаў маштабаў 1:100 000 і 1:10 000.
У далейшым функцыянал web-сэрвісу дзяржаўнай навігацыйнай карты будзе пашырацца. Так, па адраснай інфармацыі сэрвіс забяспечыць вызначэнне месцазнаходжання аб'ектаў (сэрвіс геакадзіравання), а па дарожным графе сэрвіс дасць магчымасць пракладваць маршруты руху з рознымі крытэрыямі аптымізацыі (навігацыйны сэрвіс).
Будзе пашырацца таксама і пералік населеных пунктаў з адраснай прывязкай, уключаючы і сельскія населеныя пункты.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/karta