Выкананне паказчыкаў па экспарце тавараў на 2019 год вызначана ў якасці ключавога паказчыка эфектыўнасці работы кіраўнікоў загранустаноў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 21 лютага 2019 года нумар 110, піша БЕЛТА [1] са спасылкай на прэс-службу ўрада.
Кіраўнікам загранустаноў Беларусі, службовым асобам, замацаваным за краінамі, даручана забяспечыць штомесячнае павелічэнне аб'ёмаў экспарту тавараў (без уліку аб'ёмаў нафты, нафтапрадуктаў, газаў нафтавых і вуглевадародаў газападобных іншых, калійных і азотных угнаенняў) у працэнтах да аналагічнага перыяду 2018 года не ніжэй за ўстаноўленыя паказчыкі.
Згодна з дакументам, найбольшых паказчыкаў - тэмп росту не ніжэйшы за 160 працэнтаў - запланавана дабіцца па экспарце ў Венесуэлу. Экспарт у Нігерыю плануецца нарасціць на 45 працэнтаў, ва Украіну і Аргенціну - на 30 працэнтаў.
Тэмп росту экспарту ва Узбекістан павінен скласці не менш як 108 працэнтаў, Расію - 107 працэнтаў, Арменію, Грузію, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан - 105 працэнтаў.
З ліку краін Еўропы экспартныя пастаўкі плануецца больш за ўсё нарасціць у Іспанію (на 12 працэнтаў). Экспарт у В'етнам павінен вырасці на 15 працэнтаў, у Кітай і ПАР - на 10 працэнтаў.
Кантроль за выкананнем гэтай пастановы ўскладзены на Міністэрства замежных спраў. Інфармацыя аб ходзе выканання ключавога паказчыка эфектыўнасці работы па экспарце тавараў будзе штоквартальна накіроўвацца ва ўрад Беларусі.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/pravitelstvo-belarusi-utverdilo-prognoz-rosta-eksporta-tovarov-v-2019-godu-337494-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/urad
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekspart
[4] https://zviazda.by/be/tags/tavary