Агенцтва тэлевізійных навін працягвае праект «Беларусь помніць», прысвечаны 75-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта серыя відэаролікаў, якія нагадваюць сучасным беларусам пра вядомых і невядомых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — тых, хто сваім гераізмам, а часта і цаной уласнага жыцця адстаяў для нашчадкаў мір...
Адметнасць гэтага праекта ў тым, што яго аўтары праз гістарычную рэканструкцыю, праз старыя фотаздымкі, узнагароды, лісты з фронту, нібыта кавалкі мазаікі, паказваюць успаміны асобных сем'яў — з якіх, у рэшце рэшт, складваецца маштабнае пано нашай агульнай памяці пра страшныя падзеі больш чым 70-гадовай даўніны. «У гэтым і была задумка, — згаджаецца куратар праекта, загадчык аддзела крэатыўнага планавання АТН Руслан Туркоў, — паколькі жывых сведак і ўдзельнікаў бітваў Вялікай Айчыннай застаецца ўсё менш, расказаць пра гэтых герояў з дапамогай іх дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія разам з прафесійнымі акцёрамі ўзялі ўдзел у здымках і дапамаглі аднавіць пэўныя падзеі. Мы звярнуліся па дапамогу ў ветэранскую арганізацыю, дзе нам падказалі большасць герояў. Таксама пастараліся прадставіць розныя роды войскаў, каб гэтыя ролікі былі цікавыя і разварушылі памяць як мага большай колькасці людзей».
З восені мінулага года ў эфір ужо выйшла 5 ролікаў. Сярод герояў — удзельнік знакамітай бітвы на Курскай дузе танкіст Аляксандр Фень, зусім юная сястра міласэрнасці Зінаіда Корж, ваенурач Аляксандр Ключароў, выпрабавальнік сакрэтнай зброі «кацюша» Аляксей Разанаў, разведчык Мікалай Абядняк, які ў складзе штурмавой групы двое сутак трымаў плацдарм для наступлення асноўных сіл... На чарзе — шостая серыя, для падрыхтоўкі якой здымачнай групе давялося пабываць на ваенным аэрадроме ў Лідзе і аэрадроме ў Баравой, а ўспамінамі пра легендарнага лётчыка Леаніда Бяду падзяліўся яго сын, таксама Леанід. Усяго ж у праекце будзе 10 ролікаў-успамінаў.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna