Самым хуткім у мужчынскім спрынце аказаўся нарвежскі біятланіст Тар’е Бё, сярэбраным прызёрам стаў Еспер Нэлін са Швецыі, замкнуў прызавую тройку расіянін Дзмітрый Малышка.
— Не скажу, што для мяне гэтая гонка стала ідэальнай, — адзначыў Дзмітрый на прэс-канферэнцыі. — Ды і хуткасць з-за падзення ўпала. Адным словам, ёсць над чым працаваць, каб максімальна наблізіцца да добрага выніку.
Найлепшым з беларусаў у спрынце стаў Сяргей Бачарнікаў, паказаўшы добрую хуткасць і дапусціўшы адзін промах на стральбе. Беларус аказаўся на пятым месцы, што вельмі важна перад гонкай пераследу.
— У мяне засталіся добрыя ўражанні ад гэтай гонкі, атрымалася паказаць годны вынік, — адзначыў Сяргей. — Дзень за днём атрымліваецца выступаць усё лепш. Пры падтрымцы такіх трыбун усё атрымліваецца класна. Заўтра, думаю, будзе яшчэ цікавей, будзе барацьба. У спрынце я зрабіў усё, што мог, працаваў на максімуме, таму не аб чым не шкадую. Беларуская каманда цяпер у вельмі добрай форме, мы зрабілі патрэбную працу і падрыхтаваліся да гэтага старту. Будзем змагацца да канца тут і на чэмпіянаце свету.
Сяргей таксама адзначыў, што яму было б цікава выступіць у мас-старце, але яго ў праграме чэмпіянату Еўропы няма.
— Улічваючы трасу Эстэрсунда, дзе пройдзе чэмпіянат свету, трэба пакінуць сілы на сакавік. Адзначу, што падтрымліваць форму заўсёды прасцей, чым яе набіраць.
Астатнія беларусы размясціліся за межамі 20-кі наймацнейшых. 22-м стаў Антон Смольскі, 32-м — Максім Варабей, 34-м — Уладзімір Чапелін, 35-м — Раман Ялётнаў, 59-м — Мікіта Лабастаў.
— Сёння я задаволены сваім фізічным станам, бегчы было лёгка, лыжы ехалі добра, — расказвае Антон Смольскі. — Трыбуны падтрымалі, хацелася б лепш адстраляцца. Калі параўноўваць з індывідуальнай гонкай, мне было больш камфортна, у сераду траса была цяжкая і ветравая абстаноўка складаная. Сёння надвор’е практычна ідэальнае для біятлона.
Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[2] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/biyatlon
[5] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-europy-pa-biyatlone
[6] https://zviazda.by/be/tags/raubichy