Літаратурнае супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана
Сучасныя літаратуры не могуць існаваць адасоблена — галоўная выснова беларуска-казахстанскага пісьменніцкага форуму «Літаратурны дыялог у прасторы і часе». У цэнтры абмеркавання — роля часопісаў і перакладу ў міжкультурным дыялогу.
У сустрэчы ўзялі ўдзел пісьменнікі, прадстаўнікі выдавецтваў, буйных літаратурных выданняў, бібліятэк, навуковых устаноў Беларусі і Казахстана, а таксама ганаровыя госці з Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь, з міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, вучні і настаўнікі школы № 143 імя М. Аўэзава, дзе адбылася імпрэза падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкікірмашу. Дарэчы, школа № 143 — адзіная ўстанова сярэдняй адукацыі за межамі Рэспублікі Казахстан, якая носіць імя казахскага вучонага і пісьменніка Мухтара Аўэзава.
— У нашых краін ёсць слаўная агульная гісторыя. Яшчэ ў XIX стагоддзі Казахстан наведалі ўраджэнцы беларускай зямлі член Рускага геаграфічнага таварыства Зігмунд Серакоўскі, выдавец, мастак і журналіст Браніслаў Залескі і паэт, этнограф Адольф Янушкевіч. Цікавы факт: Адольф Янушкевіч, вандруючы па казахскім стэпе, сустрэўся з бацькам Абая Кунанбаева, класіка казахскай паэзіі. А галоўны твор Мухтара Аўэзава — «Шлях Абая». Ужо адна гэта акалічнасць нас вельмі яднае, — адзначыў дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтваў імя М. Аўэзава Міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан Кенжахан Матыжанаў, расказваючы пра гісторыю культурных сувязяў дзвюх краін. Пачатак сяброўскім адносінам таксама паклаў Браніслаў Залескі, які стварыў вялікі жывапісны альбом «Жыццё казахскіх стэпаў». Адольф Янушкевіч, сябра Адама Міцкевіча, увайшоў у гісторыю казахска-беларускіх культурных сувязяў як аўтар унікальнай гісторыкагеаграфічнай кнігі «Дзённікі і лісты з падарожжа па казахскіх стэпах». Гэта кніга некалькі раз выдавалася і перакладалася на казахскую мову, заўважыў Кенжахан Матыжанаў.
Шмат увагі суразмоўцы надалі супроцоўніцтву ў сферы дзейнасці часопісаў. Цяпер наладжаны плённы дыялог з казахстанскім бокам дзякуючы беларускім выданням «Нёман», «Полымя», «Беларуская думка». У сваю чаргу ў творчасці беларускіх пісьменнікаў зацікаўлены і казахстанскі бок. Перш-наперш гэта датычацца часопіса «Прастор», дзе публікуюцца творы беларускіх аўтараў. У гэтым годзе ўжо надрукаваны пераклады паэтычных і празаічных твораў Алеся Бадака, Раісы Дзейкун, Віктара Шніпа, Алега ЖданаПушкіна, Навума Гальпяровіча, Кацярыны Мядзведзевай, Юрыя Пелюшонка і іншых. Да таго ж стасункі развіваюцца і дзякуючы публіцыстычным артыкулам і зборнікам. Дарэчы, у Інстытута літаратуры і мастацтваў імя М. Аўэзава заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Выдавецкім домам «Звязда» і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Але ва ўсёй гэтай дзейнасці галоўная роля належыць перакладчыкам, важкасць якіх у міжлітаратурным працэсе цяжка пераацаніць. Менавіта дзякуючы ім літаратуры ўзаемаўзбагачаюцца, становяцца вядомымі далёка за межамі краіны.
— Мы многае зрабілі супольна. Упэўнены, што наша сяброўства будзе толькі мацнець і чарговы раз мы акунаёмся ў сапраўдную паэзію і Казахстана, і Беларусі, — зазначыў паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі. — Мне выпаў лёс перакласці на беларускую мову выдатныя вершы Абая Кунанбаева — зборнік «Стэпавы прастор». Адметна, што гэтая праца ў Казахстане выклікала грамадскі рэзананс.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny