Якая была самая вялікая мара Мальера?
Стаць сусветна вядомым аўтарам камедый? Не. Аўтар «Тарцюфа» прагнуў іншага. Ён жадаў здзіўляць сваіх прыхільнікаў высокай трагедыяй. Не горшай за «Цара Эдыпа» ці хаця б «Рычарда ІІІ».
Мальер напісаў нямала драматычных і трагедыйных п’ес, але яны амаль адразу ж пасля прэм’еры патаналі ў багне невядомасці.
Вядомы блогер Стась Карпаў мае дастатковую колькасць прыхільнікаў, якім падабаюцца яго вострыя, гратэскна-актуальныя допісы ў Фэйсбуку. Даволі часта ён піша пра рэчы сапраўды важныя, сур’ёзныя. Але каб напісанае ім не выглядала нейкім старэчым маралізатарствам, Стась Карпаў аздабляе свае выказванні дэкарацыйнай аблямоўкай сцёбу, вострага, як нечаканае шыла ў бок, жарту, агрэсіўна-вясёлага «наезду». Тады падобныя тэксты чытаюцца. Маюць прыхільнікаў і нават фанатаў.
Але глыбока (а можа, не так ужо і глыбока) у душы Стась сябе адчувае тонкім паэтам, філосафам. Як і Мальеру, яму мала быць адно толькі з’едлівым вастрасловам.
Займеўшы (якуюніякую) вядомасць дзякуючы словасвету (інтэрнэту), герой нашага артыкула песціў традыцыйную для беларускага інтэлігента і такую кранальную мару мець сваю кнігу.
Выдавецтва «Медысонт» у мінулым годзе пайшло аўтару насустрач і выдала яго паэтычны зборнік «Канцылярыі розных спраў».
У гэтым зборніку няма вясёла-грубаватага правакавання, брутальнай іроніі. Кніга здзіўляе энергетычнай сціпласцю (лепей сказаць стрыманасцю), спакоем, развагай.
Такое адчуванне, што сам аўтар, «канчаткова, як котка, заблытаны ў нітках дарог, неаднойчы падмануты…», стамлёны ад сваіх эмацыянальных допісаў, калі адчувае, што вакол яго «проста болей вады. Проста меней святла й цеплыні…», ратуе сябе і «шукае сваё месца — наносіць сябе на паперу». Стась Карпаў самотна сцвярджае, што «сонца не будзе. Я думаю цёпла не стане /…/ Усё сплывае, ссыпаецца…»
«Канцылярыі розных спраў» здзіўляюць сваёй непрыхаванай цішынёй.
Ніхто нікога не цвеліць, не пад’юджвае. Лірычны герой, як быццам з крыклівага пірацкага карабля «Маладнякоўцаў», зухавата пераскочыў на ціхую шхуну «Узвышаўцаў», і... зніклі жарты, песні, і падлеткавыя кпіны, з’явілася развага і… сум.
Нягучны, ціхі, але вельмі трывалы і моцны сум. Буры з вясёлай небяспекай штохвіліннага аверкіля прайшлі, на змену ім заваладарыў штыль.
Вершы Стася Карпава не здзіўляюць нечаканымі метафарамі, у іх няма дражлівага шматкроп’я, аўтар прагаворвае ў сваіх радках усё і не пакідае месца чытачу для ўласных фантазій ці алюзій. Ён занадта сур’ёзны, правільны і набліжаецца ў гэтым да эстэтыкі Міколы Маляўкі.
Але хіба Стась Карпаў мусіць адкрываць новае слова ў сённяшняй творча разгубленай беларускай паэзіі? Не.
Кніга героя нашага артыкула важная ў першую чаргу для яго самога. Як на самай справе і трагедыі Мальера былі напісаны не столькі для гледача, які прагнуў толькі камедый, колькі для разумення: я, маўляў, магу быць і не такі. Магу стварыць адрозны (магчыма, не такі памастацку прыцягальны, але больш родны мне) свет, куды, бы ў той бункер, заўсёды схаваюся, калі адчую хоць нейкую небяспеку для майго спакою, нерваў, унутранага свету.
Вольга ПЕРАГУДАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka