У Савеце Рэспублікі ўпершыню прайшло сумеснае пасяджэнне профільных камісій абедзвюх палат парламента, прысвечанае ролі дэпутатаў і сенатараў у вырашэнні краінай знешнепалітычных і знешнеэканамічных задач.
— Парламенцкая дыпламатыя не ізаляваная. Яна дзейнічае ў рамках нашай агульнай знешнеэканамічнай, знешнепалітычнай лініі. Існуе чатыры віды дыпламатыі: афіцыйная (МЗС), парламенцкая, народная і экспертная. Мы цяпер стараемся аб'яднаць усе гэтыя складнікі, каб павысіць эфектыўнасць агульнай работы. У нас разам з выканаўчай уладай агульная задача — забяспечыць рост эканомікі, — растлумачыў журналістам мэту такога мерапрыемства старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАХМАНАЎ.
Ён дадаў, што парламентарыям удаецца ажыццяўляць досыць канкрэтныя праекты, такія, напрыклад, як форумы рэгіёнаў, на якіх заключаюцца камерцыйныя кантракты. Дарэчы, сёлета плануецца ўпершыню правесці рэгіянальны беларуска-ўзбекскі форум.
Адказваючы на пытанне «МС», Сяргей Рахманаў адзначыў: «Парламенцкая дыпламатыя па азначэнні павінна апераджаць афіцыйную, бо ў яе шырэйшы спектр, парламентарыі ў стане абмяркоўваць нават больш складаныя пытанні, чым гэта ўдаецца на ўзроўні афіцыйнай дыпламатыі. І гэта правільна, бо такім чынам рыхтуецца глеба для прыняцця рашэнняў».
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый ВАРАНЕЦКІ дадаў:
— Нам вельмі важна ўзгадніць нашы дзеянні, тым больш сёлета мы будзем праводзіць шэраг сумесных мерапрыемстваў. У прыватнасці, у красавіку плануем правядзенне канферэнцыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ па падтрымцы праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, куды будуць запрошаны прадстаўнікі каля трох дзясяткаў краін. Нашай краіне ёсць што прапанаваць: транзітная, інвестыцыйная і турыстычная прывабнасць, развіццё лічбавай эканомікі. Плануем правесці семінар па праблематыцы Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Дэпутат звярнуў увагу, што ў наш час значная колькасць краін свету з'яўляецца парламенцкімі рэспублікамі або парламенцкімі манархіямі. Гэта значыць, што парламенты там прызначаюць урады і вызначаюць унутраную і знешнюю палітыку. Таму сёння вельмі важна развіваць парламенцкае вымярэнне ўзаемадзеяння на знешнім контуры, больш актыўна прысутнічаць беларускаму парламенту на міжнароднай арэне, імкнуцца ўплываць на сусветную палітыку і пашыраць кантакты для большай магчымасці прасоўвання нацыянальных інтарэсаў Беларусі.
Міністэрствы замежных спраў любой краіны зацікаўлены ў тым, каб абапірацца на парламенцкую дыпламатыю, упэўнены Валерый Варанецкі, у мінулым прафесійны дыпламат.
На сумесным пасяджэнні члены профільных камісій дзвюх палат Нацыянальнага сходу абмеркавалі падыходы і метады сваёй работы на міжнародных пляцоўках. Сёння ў беларускім парламенце сфарміравана 13 пастаянных дэлегацый для такой работы.
Сёлета беларускія парламентарыі працуюць над рэзалюцыяй па пытаннях тэхнічнага прагназавання ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый, якую плануюць вынесці на разгляд Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
«Для нас вельмі важнае прасоўванне ініцыятывы кіраўніка дзяржавы па запуску новага Хельсінкскага працэсу, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах. — Размова ідзе пра ўмацаванне даверу і супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЕ. Калі мы не забяспечым мір, то ва ўмовах канфрантацыі і супрацьстаяння паміж Захадам і Усходам нам будзе цяжка захоўваць незалежную і нейтральную палітыку па шэрагу пытанняў».
Удзельнікі сумеснага пасяджэння казалі пра тое, што для таго, каб мець большы ўплыў у міжнародных арганізацыях, беларускім парламентарыям не хапае трох рэчаў: больш шырокага ўдзелу, прафесіяналізму і валодання замежнымі мовамі.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne