Даследчыкі высветлілі: чым больш бацькі надаюць увагі развіццю мовы ў дзіцяці, тым большага поспеху яно дасягне ў жыцці. Сувязь маўлення і мыслення даўно даказана. Але сённяшнія дзеці пачынаюць гаварыць пазней, чым іх бацькі. Прычым вялікая колькасць дашкалят мае парушэнні маўлення.
— Дзіця нараджаецца з яшчэ не сфарміраваным мозгам, развіццё якога адбываецца на працягу ўсяго жыцця. Нервовыя клеткі мозга растуць, утвараюць сістэмы, якія забяспечваюць кантроль розных функцый — слыху, зроку, руху, маўлення. Калі мозг немаўляці не стымуляваць з нараджэння, то нервовыя клеткі не будуць развівацца, што прывядзе да спынення развіцця дзіцяці, — расказвае лагапед 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Святлана КОЙПІШ.
Вобласці мозга, якія адказваюць за развіццё рухаў і маўленчай дзейнасці, размяшчаюцца побач. Таму розныя маніпуляцыі, асабліва з пальчыкамі рук, прыводзяць да растарможвання рухальных і маўленчых зон мозга. А чым больш розных імпульсаў паступае ў мозг, тым больш паспяхова развіваюцца разумовыя і маўленчыя здольнасці дзіцяці.
— Для вызначэння развіцця маўлення малых існуе такі метад: дзіця просяць паказаць адзін пальчык, затым два і тры. Малыя, якім удаюцца ізаляваныя рухі пальцаў рук дастаткова хутка і без напружання, — дзеці, якія добра размаўляюць, — тлумачыць спецыяліст. — Калі пальцы дзіцяці непаслухмяныя, напружаныя, згінаюцца і разгінаюцца толькі разам ці, наадварот, слабыя, вялыя і не даюць дакладных рухаў — гэта дзеці з маўленчымі праблемамі.
Цікава
Прынята лічыць, што другія і трэція дзеці ў сям'і размаўляюць горш, чым першыя. А навучанне дзвюм мовам адначасова пагражае затрымкай маўленчага развіцця. І тое і другое — міфы!
Устаноўлена, што да той пары, пакуль рухі пальцаў рук не стануць свабоднымі, дакладнымі, каардынаванымі, развіцця маўлення дасягнуць не ўдасца. Адпаведна, і развіваць яго трэба знізу ўгору — ад руху да маўлення, а не наадварот.
Трэніраваць пальцы рук можна ўжо з шасцімесячнага ўзросту. Самы просты і даступны метад — масаж: пагладжванне пальцаў ад кончыкаў да запясцяў. Можна выконваць і практыкаванні: браць кожны пальчык дзіцяці, згінаць і разгінаць яго. З сямі-васьмі месяцаў малое пачынае «заграбаць» прадмет у далонь. Цяпер яму можна даваць складаць у скрынку вялікія яркія цацкі. Галоўнае — ператварыць такі занятак у гульню.
Найбольшую цяжкасць для дзіцяці ўяўляе працэс расціскання пальцаў. У норме большасць малых умее гэта ў дзесяць-адзінаццаць месяцаў і імкнецца карыстацца навыкам. Таму можна катаць шарыкі з цеста, рваць паперу, перабіраць драўляныя пацеркі і гузікі, знаходзіць у ёмістасці з крупамі больш дробныя прадметы. Дзеці любяць праводзіць за такімі заняткамі працяглы час, і ад дарослага патрабуецца ўсяго толькі ўменне падтрымаць гульню.
Кубікі, рознакаляровыя прышчэпкі, складванне пірамідак, матрошак, пальчыкавыя практыкаванні і пальчыкавы тэатр — спіс заняткаў, якія развіваюць дробную маторыку, вельмі вялікі.
Пад уплывам сістэматычных трэніровак наступаюць станоўчыя змены. З'яўляюцца сіла, раўнавага, рухавасць, а пластычнасць нервовых працэсаў ажыццяўляецца на больш высокім узроўні. І такім чынам да года дзіця авалодвае маніпуляцыйнымі рухамі, што садзейнічае імкненню яго да кантактавання з дарослымі. І як вынік, малое вымаўляе 3—10 асэнсаваных слоў, якія, праўда, яшчэ доўгі час перамяшаны з лепетам.
Трэба ведаць
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya