Што было — было. Адна кабета ў бальніцу з'язджала. А перад тым — адкрыла халадзільнік, паказала мужу, што можна з'есці сёння, што заўтра... Ён аж пакрыўдзіся: што я — маленькі, сам не сцямлю? Цяміў і сапраўды — дні са тры. На чацвёрты
(сам расказваў) — стаў кашу варыць. У каструлю насыпаў грэчкі, наліў вады, паставіў на агонь, пайшоў глядзець тэлевізар. Там жа, седзячы ў крэсле, падумаў, што жанчыны самі па сабе — стварэнні цікавыя, але ж досыць бесталковыя. Вось што яны гадзінамі робяць на кухні? Навошта стаяць ля пліты, калі яна сама...
Пакуль так думаў, з кухні пацягнула дымком. Грэчка знізу падгарэла, зверху была сырая. Прыйшлося выкінуць... Замачыць гэту каструлю, узяць іншую, зноў насыпаць круп, наліць вады, уключыць газ і сесці глядзець тэлевізар.
...Калі карацей, то не еўшы лёг чалавек і не спаўшы ўстаў, бо, галодны, да ранку мыў посуд.
...Кажаце, што апошні конкурсны здымак як быццам не пра тое? А гэта — як паглядзець. Спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў вырашыў, напрыклад, што дзеўка з верхняй фоткі замуж выходзіць, жыць плануе асобна ад бацькоў, посуд падбірае.
Чаму вось гэтак мерае? Ды на ўсякі выпадак:
Многія ўсміхаюцца,
Калі ў загс збіраюцца...
Што нявестам раіць дзед?
Муж — ён падкі на абед.
Калі жонка не тупая,
Ежа будзе — яшчэ тая...
Калі ж звілін толькі дзве —
Быць гаршку на галаве.
Што тут казаць, сустракаюцца (а сярод маладых — пагатоў) гора-гаспадыні і такія ж гаспадары. Але іншых, згадзіцеся, болей. «Дарагая, — адзін з такіх жонцы казаў, — калі я памру, ты не дужа бядуй, добра? Замуж выходзь — будзь шчаслівая... У мяне адна толькі просьба — хай ён дзяцей не крыўдзіць!»... Жонка ў адказ: «Як ты мяне дастаў!.. Нармальны суп! Не хочаш — не еш!»
А калі ясі, то і нагадваць ці варта (услед за спадарыняй Валянцінай Гудачковай з Жыткавічаў):
Мусіць, кожны змалку чуе
У хаце прыказку такую:
Недасол — ён на стале,
Перасол на галаве...
Закарцела ўбачыць Каці,
Як што мае выглядаці.
Дзіўна, але ж факт: гэтай маладзіцы пасуе — нават «перасол»! Калі ён быў... Ці будзе. Бо хутчэй за ўсё, паводле спадарыні Гудачковай, тут іншае:
Ёсць ідэя ў дзеўкі Веры,
Як прывабіць кавалераў:
Выгляд мае — усім на дзіва —
І красуня, й гаспадыня!
Што праўда, тое праўда! Ну палюбуйцеся!
Вам цікава, дзе яна жыве-гаспадарыць?
На думку спадара Віктара Сабалеўскага з Узды:
Маня ў горад, у сталіцу
Перабралася зімой.
Ды ўсё сніцца маладзіцы
Вёска, вольніца, спакой...
Нават ежу у каструлях
Ёй нясмачна гатаваць,
Вось бы ў печы, як бабуля...
Ёсць гаршкі?
Дык будзем браць!
Што з імі потым рабіць, як карыстацца, Мані расказваць не трэба, а вось іншым...
«На прагляд розных там прымітыўных тэлешоу накшталт «Абмену жонкамі» ў мяне ні часу, ні ахвоты няма, — піша спадар Мікалай Старых з Гомеля, — але ж, убачыўшы ў газеце чарговы конкурсны здымак, я вырашыў трохі паглядзець...»
Што з гэтага атрымалася? Чытайце:
Зацікавіў дзевак новы
Невядомы быт вясковы.
А таму мінчанка Жанка
Не паненка ўжо — сялянка.
У кухні бачыць чыгуны:
Можа, служаць як званы —
Каб склікаць людзей на збор?
Можа — галаўны убор?
Яшчэ адно «можа» ад спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:
У вялікіх гарадах
Ёсць для музыкі размах,
Там палацы, «партаменты»
І, вядома ж, інструменты.
Людзі вёскі любяць джаз,
Ды прылад няма у нас.
Перабралі, што маглі,
Да гаршкоў і труб дайшлі...
Бо (на думку сужэнцаў Астроўскіх з Мінска):
У нашай вёсцы на Каляды
Ў ход ідуць усе прылады:
Ступы, сані, вілы, дровы,
Дзверы вам замкнуць гатовы,
А вось тут, глядзіце самі,
Як цікава з кацялкамі:
Можна шышкі набіваць,
Можна — полечку сыграць!
Ну чаму б і не:
Як ёсць талент, на сяле
Можна граць на чапяле,
На лапатах, тапарах,
Аж да звону у вушах!
Ён, праўда, мала каму спадабаецца — яго трэба лячыць. «Калі ласка, падкажыце мне, як прайсці да бальніцы?» — спытаў адзін хворы ў карэннага адэсіта. «О-о, гэта цяжка растлумачыць, — пачухаў патыліцу той. — Прасцей будзе стукнуць вас па галаве і выклікаць «хуткую».
Дык, можа, вось тут і гаршчок не гаршчок, а свайго роду шлем ці скафандр? А то і наогул — дэманстрацыя мадэляў?
«Столькі выдумкі ў народзе...
Чыгункі — глядзіце — ў модзе!
Хто іх выкінуў учора,
Аж чарнее сёння з гора!
Я вось здымак разглядаю, —
Толькі локці не кусаю:
Каб наперад моду знала
Я б таксама шыкавала!» —
зайздросціць маладзіцы спадарыня Ніна Кандрашонак з Петрыкава. І ці толькі яна?! Мы ўсе, відаць (на думку спадара Сабалеўскага):
Аддаём даніну модзе:
Ледзь вясна —
без шапак ходзім.
А калі мароз знянацку?
Ці мяцеліца, снягі?
Трэба, значыць, уцяпляцца,
А то вымерзнуць мазгі.
Згадзіцеся, шкода будзе, бо апошнім часам ім і без таго дастаецца, прычым — з усіх бакоў. Адна маладзічка пра сябе напісала, што сядзіць на дыеце, што скінула ўжо два кілаграмы і цяпер нічога не цяміць. Значыць, гэта быў... мозг?!
Як вядома, лішняя вага да чалавека часцей вяртаецца, чым не вяртаецца, а вось шэрае рэчыва, яно...
Мае рацыю спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны:
Што ты, дзеванька, ні мерай —
Застанешся мышкай шэрай.
«Кацялок» варыць не будзе,
Ад таго, што ў ім — на людзі...
Лепш навукі ўпарта грызці:
Тады знойдзецца і выйсце.
На жаль, працэс «грызення» хуткім не назавеш. Ды і зубоў шкада. Ведаеце, што іх ратуе лепей за ўсё? Па прызнанні аўцюкоў — своечасова закрыты рот.
Што ратуе гандаль? Ці вам казаць?
У каго «кацёл» не варыць,
Тому новенькі падараць...
Затаварылася крама, —
Рознай можа быць рэклама.
Гэта ўбачыла на здымку спадарыня Валянціна Гудачкова. Яна ж, што называецца, аддала належнае дырэктару крамы, якога, згадзіцеся, не папракнеш у адсутнасці крэатыўнага мыслення. А калі ў гэтым «роліку» да «відэарада» яшчэ і словы дадаць...
Ну пачуйце (з вуснаў прыгажуні):
«Падыходзьце, паглядзіце —
Няма лепшае пасуды!
(За ўсмешку не плаціце —
Бо яе нашу я ўсюды...)
А гаршкі — вышэйшай пробы,
І нядорага прадам:
Імі выдалі заробак,
На паўгода гандлю нам».
Апошнія два радкі ад спадара Віктара Сабалеўскага можна памяняць на іншыя альбо не агучваць, а вось першыя: «няма лепшае пасуды»...
Стравы ў ёй, згадзіцеся, і праўда смачныя: з імі да едакоў ніякага прымусу! «Зая, а ты праўда хатняя гаспадыня?» — «Ну». — «А скажы мне што-небудзь па-свойму, па-хатнегаспадыньску». — «Рот закрый і еш, што даюць».
Зрэшты, у гаршках (на думку спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска) можна не толькі варыць ці тушыць:
На распродажы Пятроў
Купіў сотню чыгункоў,
Бо яны без рускай печы
Непатрэбнай сталі рэччу.
Ды Пятроў жа не дурны:
Чыгуны ў яго — званы.
А яшчэ на сэлфі мода,
Для яго і тут выгода.
Прычым — далёка не адзіная. Чарговую прадпрымальніку Пятрову падказвае спадарыня Гудачкова:
На святочны вечарок
Робім стрыжку «пад гаршчок».
Была мода у дзядоў
Ды вяртаецца ізноў!
Адкуль тры фразы, якія прамаўляць небяспечна: «Ты памыляешся» (на адрас жонкі), «Я не хачу есці» (на адрас бабулі) і «Зрабіце на свой густ» (на адрас цырульніка). Праўда, валасы не вушы, — яны адрастуць. І непрыемнасці, дасць бог, скончацца. Што пачнецца? Слова спадарыні Наталлі Шкут са Светлагоршчыны:
Закарцела неяк Свеце
Зоркай стаць у інтэрнэце,
Йдэя фікс —
ні даць ні ўзяць —
Болей лайкаў атрымаць.
Ёй, каб спраўдзіць гэту мару,
Чыгунок і той да твару!
А чаму б і не калі...
Эх, была ні была:
Прэч нягоды — напасці!
Да гаршка дажыла
І смяюся ад шчасця!
На такой вось аптымістычнай ноце — ад сямікласніцы СШ № 3 з Вілейкі Карыны Цанунінай — можна было б паставіць кропку, завяршыць гэты агляд, аднак трэба вярнуцца да папярэдняга. Такім чынам найлепшыя радкі да конкурснага здымка, змешчанага ў нумары «Звязды» за 15 студзеня, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, даслалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, Карына Цануніна з Вілейкі, спадары Іван Сіманёнак з Паставаў, Іван Астроўскі з Мінска і Мікалай Старых з Гомеля.
Крыху паспрачаўшыся, з гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Такім чынам прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на другі квартал 2019 года накіроўваецца ў слаўны Гомель...
Вы таксама хацелі б атрымліваць родную газету на роднай мове? Тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску (а зрабіць гэта можна заўсёды), другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Самыя ўдалыя варыянты будуць змешчаны, а вось пераможца, аўтар самага-самага — яшчэ і адзначаны. Той самай падпіскай.
Дарэчы, «жменька» лічбаў: «Сын Сяргея Ясеніна Канстанцін, — заўважае спадар Мікалай Старых, — быў вялікім аматарам спартыўнай статыстыкі. Ён ведаў нават тое, у якія вароты — усходнія ці заходнія — забівалі больш галоў на фіналах Кубка СССР. Мне да яго лаўраў як да неба, але... Летась у «Звядзе» было шэсць здымкаў, да якіх мы, чытачы, складалі подпісы. Найлепшымі прызнаваліся радкі Івана Сіманёнка з Паставаў, Аляксандра Матошкі з Расоншчыны, Віктара Сабалеўскага з Узды, сужэнцаў Ніны ды Івана Астроўскіх і Любові Чыгрынавай з Мінска, Наталлі Шкут са Светлагоршчыны... Што датычыцца колькасці перамог за ўсе гады існавання звяздоўскага конкурсу, то спадарыня Чыгрынава дагнала летась Анатоля Гарачова (ён, на жаль, чамусьці выйшаў з гульні). У іх па дзесяць перамог. Восем — у сужэнцаў Астроўскіх, сем — у спадара Гаўрыша».
Як той казаў, ёсць да чаго імкнуцца. Пішыце!
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[5] https://zviazda.by/be/hto-kago