Гарадскі кніжны фэст для аматараў чытання, які штогод ладзяць Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Навуковая бібліятэка БНТУ і праект «ЗаЧытанне», сёлета пройдзе ў сталіцы 19—20 красавіка.
Як плануюць арганізатары, у гэтым годзе яго спецыяльнымі гасцямі будуць украінская пісьменніца ў жанры падлеткавага фэнтэзі, аўтар серыі «Часадзеі» Наталля Шчэрба, прафесійны мастак-ілюстратар, член Саюза мастакоў Расіі Антон Ламаеў і галоўны рэдактар літаратурнага выдання «Горький» Канстанцін Мільчын. Майстар-класы для мастакоў, блогераў і крытыкаў, чытанні на розных мовах з удзелам вядомых беларускіх артыстаў, літаратурная інтэлектуальная гульня-квіз, адмысловая чайная гасцёўня — агулам у праграме фестывалю больш як 100 разнастайных мерапрыемстваў. Адбудуцца яны па традыцыі на пяці пляцоўках: дзіцячай, маладзёжнай, пляцоўцы экспертных сустрэч, пляцоўцы гучных чытанняў і выстаўцы хэнд-мэйд-герояў сучасных кніг «Усмешлівыя цуды».
Зыходзячы з вопыту мінулых гадоў, «Горад і Кнігі» чакае не менш чым 8000 наведвальнікаў. Каб іх не расчараваць і выканаць усё запланаванае, арганізатары распачалі на пляцоўцы ulej.by краўдфандынгавую кампанію па падтрымцы валанцёрскага фестывалю. У тэрмін да 7 красавіка кожны ахвотны можа далучыцца да спонсараў мерапрыемства і атрымаць не толькі падзяку, але і памятны падарунак. «Мы перакананыя, што ў кожным горадзе мусіць быць кніжны фестываль, і Мінск гэтага дакладна заслугоўвае. Няхай добрыя аўтары і выдавецтвы прыязджаюць да нас усё часцей!» — гаворыць адна з аўтараў і куратараў праекта Вольга ВОЎК.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/gorad-i-knigi
[5] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen