Наведнікі Анкалагічнага цэнтра, у тым ліку й замежныя, у хуткім часе змогуць спыняцца ў новай камфортнай гасцініцы, якая ўзведзена пад Мінскам
“Хваробаю цывілізацыі” называюць у свеце ракавыя захворванні. У беларускіх спецыялістаў ёсць вялікі досвед іх лячэння, звяртаюцца па дапамогу й пацыенты з замежжа. СМІ пісалі, напрыклад, што ў 2012‑м у Беларусі была праведзена аперацыя па перасадцы печані Меіру Дагану. Былы кіраўнік ізраільскай разведкі Масад, маючы цяжкае анказахворванне, пражыў яшчэ больш за тры гады.
Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, які наведваў нядаўна Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі ды медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава (у пасёлку Бараўляны пад Мінскам), адзначыў поспехі яго спецыялістаў у лячэнні анкалогіі. Дырэктар цэнтра, доктар медыцынскіх навук, прафесар Алег Суконка прыводзіў на сустрэчы нямала доказаў на карысць укаранення ў Беларусі скрынінгавых праграм. Дарэчы, Урад Беларусі падтрымлівае такую працу, скіраваную на ранняе выяўленне анказахворванняў. І ёсць яшчэ добрая навіна для пацыентаў, іх сваякоў, якія прыязджаюць у Бараўляны з‑за мяжы ці аддаленых рэгіёнаў Беларусі на абследаванне, лячэнне. Хутка яны змогуць спыніцца ў новай гасцініцы — будынак узведзены, будзе адкрыты сёлета. Там і сталовая, і рэстаран. Як вядома, некаму даводзіцца чакаць вынікаў абследавання пару дзён. Змогуць там жыць і пацыенты, якім зручней не плаціць за шпіталізацыю, а праходзіць лячэнне амбулаторна.
Сёння РНПЦ АМР імя М. М. Аляксандрава — найбуйная даследчая медустанова Беларусі. Сучасныя ўстаноўкі, прыборы, якімі карыстаюцца спецыялісты, можна ўбачыць на яе сайце. Штогод у Бараўлянах праходзяць абследаванне й лячэнне больш за 2 тысячы анкахворых з замежжа, пераважна з Расіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, Літвы, Малдовы, Таджыкістана, Латвіі, Эстоніі. Ёсць і пацыенты з Балгарыі, Венгрыі, Венесуэлы, Вялікабрытаніі, а таксама з Ізраіля, Ірака, Лівіі, ЗША. “З замежнікаў найчасцей прыязджаюць расіяне са Смаленскай і Бранскай абласцей, з Калінінградскай, — расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Сяргей Красны. — Часам едуць прайсці дыягностыку: камп’ютарную тамаграфію, МРТ, ультрагукавое даследаванне, здаць аналізы. Запатрабаваны ўсе тры віды лячэння — хірургія, прамянёвая тэрапія, хіміятэрапія. Праўда, прамянёвая тэрапія дастаткова складаны й шматузроўневы працэс, і кошт паслугі адпаведны. Нядаўна з’явіўся ў нас так званы гама-нож — унікальны апарат для прамянёвай тэрапіі ды радыёхірургіі. Ён таксама стаў запатрабаваны ў расіян”.
Бывае, пацыенты з блізкага замежжа едуць у цэнтр за любой высокатэхналагічнай меддапамогай, калі яе няма ў іх рэгіёне ці не ўсім даступная. Тут можна зрабіць звычайную эндаскапічную аперацыю з выкарыстаннем лапараскапіі, аперацыі на хрыбце, печані, нават мозгу. Бывае, злаякаснае новаўтварэнне ў пацыента выяўлена, і ў сваёй краіне ён пастаўлены ў чаргу на бясплатную аперацыю, аднак пухліна запушчана, і нельга марудзіць. Тады таксама звяртаюцца па дапамогу ў беларускі цэнтр, але на платнай аснове. Людзям імпануе, што ў Беларусі выкарыстоўваецца комплекснае й камбінаванае лячэнне — так не ва ўсіх краінах заведзена. У цэнтры любы пацыент на 3‑й, 4‑й стадыі захворвання на рак можа атрымаць усе тры згаданыя віды лячэння. Нямала сярод замежнікаў і нашых землякоў, якія, шукаючы рашэння праблемы, едуць на Бацькаўшчыну, у Бараўляны — з надзеяй на лепшае.
Як вядома, на Захадзе страхавыя кампаніі аплочваюць лячэнне толькі ў тых бальніцах, якія прайшлі еўрапейскую сертыфікацыю. Атрымаць такі дакумент страхаўшчыкі прапаноўваюць і Анкацэнтру: абяцаючы прыток замежнікаў. Хоць лячэнне, медпрыборы тут найсучасныя, аднак будынку больш за 50 гадоў, і таму пакуль складана цэнтру ўпісацца ва ўсе еўрастандарты. Між тым за апошнія гады ў строй тут уведзены чатыры будынкі, у тым ліку паліклінічны корпус, дзе — найсучаснае абсталяванне. Летась Анкацэнтр аказаў паслугі калі 2,5 тысячы замежных пацыентаў, зарабіў на экспартных паслугах 3,5 мільёны даляраў.
Ганна Лагун
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy