Духоўнае багацце
Музей Якуба Коласа ладзіў акцыю “Дзясятка — за Коласа!” Яе ўдзельнікам прапанавалі напісаць дыктоўку па творах Песняра й вызначыць: з якога твора ўзяты ўрывак для яе. Кожны, хто прыйшоў у музей, змог паўдзельнічаць і ў інтарактыўнай гульні-віктарыне “Куфэрак скарбаў роднай мовы” — трэба было адказаць на пытанні пра жыццё й творчасць Якуба Коласа, паказаць веданне роднай мовы.
У свой час Якуб Колас напісаў радкі, якія застаюцца актуальнымі: “Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстравалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў”.
Са светам паразуменне
“Разнамоўны дзіўны свет” — такі літаратурна-адукацыйны праект да Свята роднай мовы ладзілі супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Для дзяцей і падлеткаў прайшла цікавая праграма з інтэлектуальнымі, лінгвістычнымі гульнямі, конкурсамі, віктарынай, гучнымі чытаннямі.
Працавала ў бібліятэцы таксама інтэрактыўная кніжная выстава “Чытаем сусветную класіку па-беларуску”. Многія шэдэўры рускай, польскай, украінскай, а таксама французкай, англійскай, нямецкай літаратуры можна чытаць на роднай мове.
Ганна Лагун
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy