Пробны гектар заморскага кустарніка высадзіў філіял «Парачанка» Гродзенскага мясакамбіната. Паколькі ў Беларусі прамысловым вырошчваннем ніхто не займаўся, ягадная культура павінна прайсці сертыфікацыю.
Аб цуда-ягадах ведаюць многія. Зоркі шоу-бізнесу рэкламуюць іх як сродак для пахудзення. І сапраўды, маюць мноства карысных рэчываў. У першую чаргу — вітаміны і мінералы.
Ягады годжы — гэта плады кустарніка дзераза звычайная. Іх яшчэ называюць воўчымі, але яны неядавітыя. Распаўсюджана расліна ў Кітаі. Але культывуюць яе і ў Еўропе.
Кустоўе балгарскай селекцыі гродзенцы закупілі ў Польшчы. Пакуль пасадзілі доследны ўчастак плошчай адзін гектар. Пасля таго як атрымаюць сертыфікат, памеры пашыраць.
— Ідэя заняцца вырошчваннем ягад годжы прыйшла пасля наведвання плантацыі ў польскім Кракаве, — расказвае дырэктар філіяла «Парачанка» Анатоль Кужалінаў. — Кліматычныя ўмовы ў нас аднолькавыя, а рэнтабельнасць культуры высокая. Кошт годжы оптам у сырым выглядзе дасягае пяці долараў за кілаграм, у замарожаным — сямі.
Па словах дырэктара, палякі гатовы купляць ягады ў замарожаным стане. У іх ёсць спецыяльныя тэхналогіі для атрымання высушанай сыравіны. У такім стане ягады ідуць на рэалізацыю ў аптэчную сетку з пэўнымі рэкамендацыямі па выкарыстанні. Усе працэсы ліцэнзаваны.
Але гэта пакуль перспектывы. Зараз у гродзенскіх аграрыяў стаіць задача — максімальна захаваць саджанцы, якія былі высаджаны мінулай вясной. За станам зімоўкі і вегетацыяй сочыць аграном гаспадаркі. Для росту раслін патрэбны пэўныя ўмовы — нейтральная глеба і арганічныя ўгнаенні. За год можна зняць да сямі ўраджаяў, бо кустарнікі пладаносяць са жніўня да маразоў.
Што датычыцца ўжывання, ягады годжы можна заліваць кіпнем і настойваць некалькі хвілін, дабаўляць у гарбату альбо проста есці ў сухім выглядзе. Таксама іх выкарыстоўваюць у якасці дабаўкі да салатаў, кладуць у суп альбо кашу, напрыклад у аўсяныя шматкі на сняданак.
Маргарыта Ушкевіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/yagad-godzhy
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodzenski-myasakambinat
[6] https://zviazda.by/be/tags/yagady