Знакаміты беларускі дзіцячы гурт рыхтуецца адзначыць 50-гадовы юбілей
Заслужаны аматарскі дзіцячы калектыў «Дударыкі» для Беларусі, а можа і для ўсяго свету — з’ява ўнікальная, непаўторная. Тое разумееш, успрымаеш як неаспрэчны факт нейкім «шостым» пачуццём, калі бачыш і чуеш іскрыстыя, жывыя (ніколі ніякай «фанеры»!) выступленні юных артыстаў на сцэне. Можна і ў інтэрнэце глянуць: відэа, фотаздымкі з выступленняў гурта з Мінска ў розных краінах свету вельмі ўражваюць.
Дзясяткі тры таленавітых дзяцей розных узростаў, не прафесійных артыстаў, ствараюць на сцэне шматколернае, шматгалосае шоу: віртуозна граюць на гармоніках, дудках, дудах, скрыпках, акарынах, цымбалах, барабанах і бубнах, а то й на чыгунках ці пілах, пральных дошках, звычайных чарацінках ці саломінках. Яны й танцуюць, і спяваюць, прычым творыцца ўсё ў яркіх сцэнічных касцюмах зладжана, з вельмі пазітыўнай энергетыкай ды ў народным стылі.
Такім плённым даўгалеццем, шматлікімі ўзнагародамі на прэстыжных міжнародных конкурсах, пры тым заўсёднай свежасцю і маладосцю, адметным народным каларытам, гучаннем, спяваннем, танцаваннем — які яшчэ з гуртоў можа з «Дударыкамі» зраўняцца?
Прыгожая крона й глыбокія карані
Адкуль яны, «Дударыкі»? На якой глебе ўзрасла такая прыгажосць? Дзе бярэ сілы для жыцця, калі ўсё больш актыўна пранікаюць на сцэны, у тэле- і радыёэфіры, нашы душы «інвазіўныя» віды музыкі й спеваў, раней зусім чужыя для слыху нашых бацькоў і дзядоў?
Звычайна, бачачы разгалістае высокае дрэва, мы й не задумваемся, што глыбока ў зямлі яно мае доўгія, моцныя карані. Больш таго: у беларускай міфалогіі якраз карані, а не крона, у жывым арганізме дрэва атаесамляюцца з «галавою». І сапраўды: некаторыя ж дрэвы здольныя адрадзіцца, даць новыя парасткі й тады, калі крона знішчана цалкам. Без каранёў жа — няма жыцця.
Так і ў народнай творчасці, ды, бадай што, любой іншай: дзе ёсць шыкоўная «крона», там знойдзеш і каштоўны досвед папярэднікаў. Мы яшчэ звернемся да каранёў таленту Дзмітрыя Ровенскага, на якім у многім і трымаюцца «Дударыкі» амаль паўстагоддзя.
Адлік жыцця творчых гуртоў вызначаюць ад часу першых выступленняў. На сайце 14‑й мінскай гімназіі (па вуліцы Васняцова ўтварыўся й нязменна жыве гэты калектыў), з галоўнай яго старонкі ёсць пераход на блок матэрыялаў пра «Дударыкі». Пункцірна пазначаны творчы шлях калектыву, пададзены тэксты песень, якія гучаць са сцэны, ёсць невялічкая фотагалерэя. І менавіта 1970‑ы значыцца як год нараджэння «Дударыкаў». Не за гарамі й 40‑годдзе Сямейнага ансамбля Ровенскіх (створаны ў 1980‑м). І Музей беларускай культуры й побыту, які музыка-самародак заснаваў з аднадумцамі ў 1985 годзе — таксама ж моцны «корань» для росту. Ён, як і Музей музычных інструментаў (заснаваны ў 2003‑м) падтрымлівае вялізнае дрэва «Дударыкаў». Бо ёсць адметнасць у гурта: штогод «прырастае» ён новымі талентамі — але ж і праводзіць выпускнікоў-«дударыкаў». Пэўна, у такой фішцы й прыхаваны галоўны сакрэт даўгалецця.
Яшчэ прыгледзімся да вехаў пры шляху гурта. У 1996‑м Дзмітры Ровенскі стварыў ансамбль «Мінскія музыкі». Ён таксама, расказваў, спрыяе развіццю «Дударыкаў». Бо некаторыя з музыкаў, прайшоўшы ўжо школьна-гімназічны этап творчасці, застаюцца ў сілавым полі «ММ». 20 гадоў таму Дзмітрыю Дзмітрыевічу прысвоена было званне «Заслужаны дзеяч культуры Беларусі», а ў 2006‑м — і званне «Выдатнік адукацыі». Безумоўна, «статуснасць» кіраўніка — на карысць яго дзецішчу. У 2008‑м Дзмітры Ровенскі быў адным з галоўных заснавальнікаў фэсту «Гармонік збірае сяброў», а ў 2010‑м кіраўніка «Дударыкаў» уганаравалі званнем «Мінчанін года».
І згаданы фэст гарманістаў, што праводзіцца на базе Палаца культуры Мінскага трактарнага завода, несумненна, свой «корань» мае. Ідэя фэсту падгледжана ў Сібіры, а ў Беларусі прыжылася. З 2006 года Дзмітры Ровенскі бываў не раз у Новасібірску як член журы Маланінскага конкурсу гарманістаў. З ім ездзілі туды калегі-музыкі з Мінска ды вучні (як удзельнікі конкурсу). Яны давалі там канцэрты ў розных аўдыторыях. У 2015‑м беларускі музыка-самародак за такое падзвіжніцтва быў ушанаваны званнем «Народны музыка Зямлі Рускай»: за дабрачынныя канцэрты, за майстэрства, за прапаганду гармоніка ў Беларусі і падрыхтоўку вучняў-лаўрэатаў Маланінскага конкурсу.
Сотні выступленняў, дзясяткі прызоў і творчых перамог на рахунку «Дударыкаў». Прычым што цікава: як жонка Лідзія Яўгенаўна й трое дзяцей (Маша, Васіль і Віталь), так і сямёра ўнукаў, а таксама зяці-нявесткі Ровенскіх далучаныя да музыкі. Наймалодшы цяпер у дынастыі — унук Цімоха. Ён у чацвёртым класе, асвойвае гармонік, барабан, дудку, бубен. Трохі старэйшая Сафійка вучыцца граць на цымбалах у 14‑й гімназіі. Дзяўчынка была ўжо лаўрэаткай міжнароднага конкурсу, грала й на вялікім канцэрце, калі ў студзені 2018‑га ў Палацы культуры МТЗ адзначалася 70‑годдзе яе любімага дзядулі. Мы ўжо згадалі пра Сямейны ансамбль Ровенскіх, а ў 2012‑м гэта сям’я атрымала Гран-пры Рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года ў Беларусі».
З узнагарод апошняга дзесяцігоддзя самога кіраўніка «Дударыкаў» згадаем такія: медаль за прапаганду народнай культуры ў Еўропе (Аўстрыя, 2012), нагрудны знак Мінкультуры «За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры й мастацтва, захаванне нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны» (2016), медаль Беларускага фонду культуры «Рупліўцу. Стваральніку» (2017). Ён — сябар Беларускага саюза музычных дзеячаў. У 2017‑м імя Дзмітрыя Ровенскага занесена ў кнігу Працоўнай славы Капыльскага раёна (музыка родам з горада Капыля, Мінскай вобласці), а ў 2018‑м ён абраны сябрам Рады Беларускага фонду культуры.
Шлях ад Капыля…
Вельмі цікава расказвае пра свой музычны радавод, капыльскае дзяцінства ды юнацтва Дзмітры Ровенскі. Прывяду фрагмент з нашай шчырай размовы.
«Бацька мой, Дзмітры Фёдаравіч, са Стаўраполля родам, з Кубані. У мяне па бацькоўскай лініі казацкія карані. Дзед, Фёдар Аляксандравіч Ровенскі, быў дваранін, упраўляючы памесця, сам адукаваны і ўсе тры дачкі яго мелі вышэйшую адукацыю. Ён добра граў на скрыпцы, прычым тая любоў да музыкі й дапамагла выжыць сям’і за савецкім часам. Нам цётка Аксана расказвала: пасля рэвалюцыі, не чакаючы канфіскацыі, дзед усю маёмасць аддаў бальшавікам. Толькі скрыпку пакінуў. І зарабляў на жыццё, працуючы ў школе настаўнікам музыкі й спеваў. Потым — вайна, і ўсе тры дачкі пайшлі на фронт. Ацалела толькі мая цётка Аксана, другая згарэла ў самалёце, трэцяя — у танку. А бацьку й 18‑ці не было, дык ён год сабе дадаў і пайшоў ваяваць казаком. І вось які лёс: армія генерала Бялова, куды ён патрапіў, ведаю, дайшла да Берліна, вызваляла й Беларусь. Тут казак Ровенскі й пазнаёміўся з маёй будучай мамай-беларускай з роду Нагорных.
У маім «музычным радаводзе» ёсць важная дэталь: тата вярнуўся з вайны да маёй будучай мамы ў званні старшыны з шашкаю й трафейным гармонікам-«венкаю». І я на тым складаным гармоніку нямецкага строю (там на жым і разжым розныя гукі) вучыўся граць. Ён і цяпер ёсць у мяне. Тата, як і дзед, вельмі любіў музыку. Яны з мамай пажаніліся. Ён закончыў у Каўнасе школу міліцэйскую, вярнуўся ў Капыльскі раён працаваць участковым, потым следчым. І ўжо Лейтэнантам быў, калі не стала яго ў 1968‑м — я ў арміі тады служыў. Я нарадзіўся ў Капылі 15 лістапада 1947 года (у пашпарце: 5 студзеня 1948-га), мама ж родам з вёскі Ржаўкі, там і Бабоўня побач — гэта й мая малая радзіма, мясціны маленства, юнацтва.
З гармоніка трафейнага, які часам бацька браў у рукі, пачынаўся мой інтарэс да музыкі. А як споўнілася мне пяць гадоў, то бацька яго й падарыў мне. Я мелодыі падбіраў. Дапамагала й мама, Ліна Ануфрыеўна. Дарэчы, і ўнучка Ліна ў мяне ёсць: у «Дударыках» выступала — цяпер у Маскве замужам. Мама спявала хораша, а я спрабаваў падыгрываць. У дзяцінстве ж найлепш музыцы вучыцца. Не паверыце: першае сваё вяселле я ўжо сыграў з сябрам Сашкам, калі мы яшчэ ў школу не хадзілі! З таго й пачалося: запрашалі на вечарынкі, гулянкі. А жыў я да школы ў вёсцы Ржаўцы ў бабулі Серафімы. Там на вяселлях, фэстах ігралі музыкі, ды й сама яна цудоўна спявала, танцавала. Мяне да музыкі падахвочвала, казала: «Давай я буду «выцілінчваць», а ты падбірай». Я ведаю, што й дзед мой Амброжый, які загінуў у вайну, быў вельмі добрым барабаншчыкам.
Увогуле ўвесь род мой беларускі надзвычай схільны да музыкі: абодва маміны браты, напрыклад, былі знатнымі народнымі музыкамі. Людзі старэйшыя памятаюць, што амаль усе Нагорныя гралі на розных інструментах, хоць не мелі музадукацыі. З радні склаўся цэлы аркестр! Тых музыкаў-самародкаў з вёскі Казакоўкі на Капыльшчыне звалі «Сляпыя», бо іх кіраўнік, Уладзімір Міхайлавіч Давідовіч, быў зусім сляпы. Ды яшчэ амаль без пальцаў: у яго ў руках разарваўся снарад. А як здорава граў на баяне! Слава пра музыкаў грымела па ўсёй акрузе, «Сляпых» не проста запрашалі граць на вяселлі, фэсты, святы. Канцэрты ці гастролі, як цяпер сказалі б, распісаны былі на паўгода ці больш, звычайна ж на выхадныя. Са «Сляпымі» й я пазней шмат адыграў. З 1966 года ўжо ў Мінску жыў, а прыязджаў з імі граць, і вельмі многаму ў іх навучыўся».
Вось якія глыбокія, жывыя карані ў таленту Дзмітрыя Ровенскага! Да іх далучаны, праз свайго старэйшага сябра, і ўсе «Дударыкі». Мой субяседнік усё дзяцінства правёў з гармонікам, так што музычнай практыкі яму хапала. У 12 гадоў пры Палацы культуры ў Капылі закончыў духавую школу па класе барытона, пазней іграў вяселлі ўжо і ў складзе духавога аркестра. А прыкладна з 1961‑га яны з бацькам і сястрой ігралі ў «Капыльскіх дударах»: то быў вядомы гурт па ўсёй Беларусі. Фільмы пра яго здымалі, па радыё часта яго музыка гучала. І калі ў Мінску Дзмітры Ровенскі ствараў дзіцячы гурт, то назваў яго «Дударыкі» — у памяць пра людзей, з якімі пачынаў выходзіць на прэстыжныя сцэны Беларусі. А яшчэ назва — у памяць пра дударскую традыцыю, хай сабе й гралі мінчане ўжо часцей на звычайных дудках, а не на дудах з мяхамі. «Даўнія традыцыі музыкі, спеваў спрадвеку жылі ў сэрцах землякоў, на роднай Капыльшчыне, — гаворыць Дзмітры Ровенскі. — «Дударыкі» ніколі не адрываліся ад народных каранёў. Сотні юных талентаў прайшлі праз гурт, дзясяткі сталі прафесійнымі музыкамі. У рэпертуары — больш за сто мелодый песень, танцаў, найгрышаў».
…да ЮНЭСКА і Парыжа
Дзіцячы гурт дзякуючы такім скарбам ведаюць не толькі ў Беларусі — па ўсім свеце. Як расказаў Дзмітры Ровенскі, да творчасці «Дударыкаў» інтарэс у цёплую пару года звычайна большы: артысты выступаюць і на адкрытых пляцоўках, вялікіх сцэнах, пераважна фестывальных. Рэпетыцыі ў групах калектыву (розныя інструменты, спевакі, танцоры) ідуць пастаянна, ды адрываць гімназістаў ад вучобы надоўга ніяк не выпадае. Таму выступаюць пераважна ў Мінску ці з выездам на адзін дзень у гарады Беларусі, галоўныя ж паездкі — у летнюю пару ці на асенніх, зімовых, вясновых вакацыях.
Па гэты час дударыкаўцы згадваюць, як выступалі ў Парыжы, хоць з 2014‑га склад гурта й змяніўся. Тады ж амаль месяц доўжыліся самыя маштабныя Дні беларускай культуры ў Францыі. Каля 30 гарадоў трапілі ў сілавое поле праекта: на імпрэзах прадстаўлена было тэатральнае, харэаграфічнае, музычнае, выяўленчае мастацтва, кінамастацтва й літаратура Беларусі. Вялікім падарункам стала паездка ў Парыж і для «Дударыкаў»: паехалі ў поўным складзе. Помню, тэлефанаваў мне ў красавіку, перад ад’ездам Дзмітры Дзмітрыевіч: «Мы запрошаны ў штаб-кватэру ЮНЭСКА з цэлым канцэртам. Новыя касцюмы ў нас цяпер, і настрой ва ўсіх выдатны».
На пачатку мая 2014‑га на сайце Амбасады Беларусі ў Францыі з’явілася інфармацыя: «У штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Парыжы ў вялікай канцэртнай зале прайшоў канцэрт беларускага дзіцячага заслужанага фальклорнага калектыву «Дударыкi» мінскай гімназіі № 14 сумесна з Нацыянальным акадэмічным хорам імя Пятніцкага Расійскай Федэрацыі. Канцэрт ладзіўся з нагоды 60‑годдзя ўступлення Беларусі ды Расіі ў ЮНЭСКА».
Пазней Ровенскі ўдакладніў: было больш за 700 гледачоў. Тагачасны Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў коратка расказаў пра дасягненні Беларусі ў галіне культуры, прадставіў «Дударыкаў». За кулісамі ж калегі з хору Пятніцкага спрабавалі крыху пакпіць: «О, беларусы «Лявоніху» прывезлі…» На жаль, наша народнае мастацтва цяпер мала ведаюць і ў Расіі, таму й ёсць пэўныя стэрэатыпы ў яго ўспрыманні. Даўно марыць кіраўнік «Дударыкаў»: знайшоўся б спонсар ды зладзіў гастролі гурта па гарадах Расіі… «А пасля нашага выступлення й спевакі знакамітага хору былі ў захапленні, — згадвае Дзмітры Ровенскі. — Мы больш за паўгадзіны гралі, спявалі, танцавалі — адпрацавалі «на ўра». Было шмат апладысментаў, нават авацыі». Прадэманстравалі гледачам у Парыжы «Дударыкі» сваё высокае майстэрства, а гралі на розных інструментах: гармонікі, дуды, акарынкі, гучалі й чыгункі, пілы, косы й дуга.
Гарачы быў май‑2014 для Дзмітрыя Ровенскага! Я тады пісаў для газеты «Голас Радзімы» пра выступленне «Дударыкаў» у Парыжы — а ён праз колькі дзён ужо ў Новасібірску быў. Таксама важная справа: беларус не раз дапамагаў там ладзіць фестываль «Карагод сяброў», узначальваў журы на Міжнародным музычным конкурсе імя Івана Маланіна ў намінацыі «Гармонік». Сяброўства ж яго з Новасібірскам завязалася дзякуючы Беларускаму культурна-адукацыйнаму цэнтру імя Еўфрасінні Полацкай. І, вядома ж, гэта вялікі гонар: быць старшынёй журы аднаго з самых аўтарытэтных форумаў выканаўцаў на народных інструментах у Расіі.
Музей, прысвечаны «Дударыкам»
Пра той «Парыжскі май» мы згадвалі нядаўна, калі Дзмітры Ровенскі наведаўся ў рэдакцыю. Яму з Чылі, далёкай заакіянскай краіны, перадаў два экзатычныя музінструменты наш добры сябар, былы капітан дальняга плавання Пётр Рабко. Ён хоць і ўкраінец, аднак бацька ягоны загінуў, вызваляючы Беларусь — і таму ён, Пётр Дзям’янавіч, сябе таксама лічыць беларусам. Раней гэты нястомны вандроўнік бываў у гасцях у «Дударыкаў», слухаў іх музыку, спевы. Вельмі спадабаліся! Цяпер сябрам па ўсім свеце расказвае, што за цуд ёсць у Беларусі, дзеліцца спасылкамі на іх відэа. Вось і вырашыў зрабіць заакіянскі падарунак дударыкам. Дзмітры Дзмітрыевіч з цікавасцю аглядваў як экзатычную акарыну (паспрабаваў іграць), так і рэч з рознаўзроўневымі драўлянымі цыліндрыкамі ў два рады (таксама духавы інструмент). Папрасіў перадаць вялікі дзякуй дабрадзею.
Дык вось, яшчэ пра «Дударыкаў» у Парыжы. Безумоўна, тое выступленне паспрыяла развіццю гурта: і па СМІ хваля публікацый прайшла, і чыноўнікі ад культуры, адукацыі з большай увагай сталі ставіцца да самабытнага калектыву. Гімназістаў у гурт і раней бралі праз конкурс — цяпер ён яшчэ большы. І вельмі прыгожыя сцэнічныя касцюмы ў гурта пасля Парыжа засталіся. «Нам цяпер за тое галава не баліць, — прызнаўся Дзмітры Дзмітрыевіч. — І выступленні, як кажуць, на міжнародным узроўні прадаўжаем. Вось летась мы ў поўным складзе далі вялікі канцэрт, калі 1 чэрвеня ў Мінску адзначаўся Дзень Італіі. Амбасада краіны здымала вялікае памяшканне пад імпрэзу каля Парка Горкага, было можа 600 гасцей, у тым ліку й дыпламаты з розных краін. Амбасадар Італіі спецыяльна папрасіў нас на свяце выступіць».
З асаблівай цеплынёй згадаў Дзмітры Дзмітрыевіч родны Капыль, у якім ён цяпер — Ганаровы грамадзянін горада. У «Дударыкаў» з’явілася й новая традыцыя: даваць канцэрт на «зямлі дудароў», калі адзначаецца Дзень горада. Дарэчы, у Ровенскага там і цяпер жывуць дваюрадныя браты — Анатоль і Мікалай, а родная сястра Людміла — у Мінску. Шмат і сяброў, знаёмых — горад дзяцінства! «І ўявіце сабе: Музей імя «Дударыкаў» у Капылі стварылі! — не хавае радасці Дзмітры Ровенскі. — А як даведаліся? Лаліта, унучка мая, на канцэрце ў Маладзечне была. Падышла там да яе жанчына: я вас ведаю, вы з «Дударыкаў». І сказала: мы стварылі музей пры беларускай школе. Калі ёсць што для нас прыслаць — дашліце. Я ж, хоць вучыўся ў рускай школе, такой навіне ўзрадаваўся».
Музей — гэта лагічна: «Дударыкі» цяпер — частка нашай гісторыі, культуры. Вядомы брэнд, і нават нацыянальная каштоўнасць. Дзмітры Ровенскі адправіў у школьны музей кампакт-дыскі з запісамі, буклеты. І нават спецыяльны паштовы канверт, які быў выпушчаны да 25‑годдзя гурта.
Цяпер жа, натхнёны новымі сустрэчамі з землякамі, увагай іх да творчасці «Дударыкаў», Дзмітры Ровенскі напісаў новую песню, бо яму «хочацца спяваць пра свой Капыль». І я паспрабаваў яму ў тым дапамагчы, даслаў верш са згадкамі пра зямлю дудароў, песеннае мінулае краю. Даводзім пакуль твор да ладу. Мяркуецца, да лета, чарговага Дня горада песня загучыць. «Там такія гістарычныя мясціны — вам абавязкова трэба пабываць! — расхвальвае родны горад субяседнік. — Вось цяпер адзначаецца 100‑годдзе БССР — а там жа, на маёй вуліцы Карла Маркса, некалі праз 5 хат ад нашай жыў Цішка Гартны, пісьменнік і першы кіраўнік ураду БССР. Ёсць, напэўна, нейкая глыбінная логіка ў тым, што з «краю дудароў», чалавек з творчым пачаткам такую пасаду заняў! І «Капыльскія дудары», якія сваёй творчасцю вельмі паўплывалі на ўсю беларускую нацыянальную свядомасць — таксама з Капыля. Дарэчы, я 50 гадоў шукаў фільм «Беларускія напевы» пра «Капыльскіх дудароў». І знайшоў у архіве ў Дзяржынску. Там ёсць на кадрах мой настаўнік Аляксей Фядотавіч Клякін, і мы з бацькам таксама. Гэта фільм 1964 года. У мяне ж адтуль дарога ў свет музыкі пачалася. Таму Капыль для мяне — гэта любімая, можна сказаць, песня».
Іван Ждановіч
Фота аўтара