Калі крытыку ў XXI стагоддзі (у якім, нагадваю, з кожнага праса апяваюць іронію і гульню з тэкстам) захочацца зрабіць яскравы, вясёлы і дужа шчыры разбор чыёйсьці творчасці, запакаванай у кардоннацэлюлозную каробку (не забываючыся на аналітыку), — гэта ягонае поўнае права.
Фелікс Баторын, аўтар, пра кнігу якога сёння ідзе гаворка («Яблычны пах цішыні»), дакладна з тых, каму так званая традыцыя не перашкаджае быць сабою. А ўсё з-за таго, што традыцыя традыцыі не роўная. Калі пад Пушкіна ці Фета ў нашыя часы адметна ўжо не напішаш, то водгукі таго ж шасцідзясятніцтва і сёння выглядаюць вельмі свежа. Напрыклад, у невялікім вершы з назвай «Задуха» такая шчыльнасць шасцідзясятніцкіх фанетычна багатых рыфмаў, што шкада будзе не працытываць яго цалкам:
Сіняватая кветачка келіхам.
Кот лінялы, як п’яніца ў споднім.
А на небе, падгледжаным Рэрыхам,
Заблудзілася поўня апоўдні.
І сасмягла-знямогламу хочацца
Ад спякоты ўцячы да купальні
Праз дзядоўнік, як кактус, ігольчасты
І асот, што як парасткі пальмы.
І ні сэрца, ні розум не радуюць
Ні крыўлянне папсовых куміраў,
Ні паэты з іх казачнай праўдаю,
Ні палітыкі з праўдай няшчырай.
У кожнай страфе стабільна ёсць па адной пары рыфмаў, у якіх блізкія да 100% двухскладовыя супадзенні што галосных, што зычных (споднім — апоўдні, купальні — пальмы і радуюць — праўдаю). Акрамя гэтага, ёсць унутраная гукапісная гульня — заблудзілася поўня апоўдні — але пра гэты аўтарскі прыёмчык крыху пазней. З іншых шасцідзясятніцкіх фішак — кароткія стопы, якія шчэ больш падобныя да сваіх вытокаў у спалучэнні з той жа моцнай рыфмоўкай у вершы «Палёт флюгера»:
У ваколіцах лютага
Адбываецца штось.
У бляшанага флюгера
Перацерлася вось...
Шчэ адзін характэрны да той эпохі момант — разбіўка трохскладовых вершаваных памераў трыбрахіямі — ненаціскнымі стопамі, як, напрыклад, гэта відаць у вершы пад назвай «Засталіся» (зноў не без выдатных рыфмаў):
Адышлі ў нябыт камінары
З націральшчыкамі паркету.
Адышлі ў нябыт камунары —
Летуценнікі і аскеты.
У нябыт сышлі і пачвары —
Крыважэрныя прайдзісветы.
Засталіся дурні і скнары.
Немагчыма іх звесці са свету…
Але не толькі рускі кантэкст уплывае на паэта Баторына: дзіўнавата было б для беларускамоўнага. Але на тое, каб спраўдзіцца, гэтыя дзівацтвы не маюць аніводнага шанцу. Аўтар шмат палемізуе з беларускай літаратурнай гісторыяй, гэта відаць нават па назвах вершаў: «На ўгодкі В. Быкава», «Янка Купала. Год 1930», «Уладзіслаў Галубок», «Перачытваючы У. Караткевіча» і г. д. Асобнае месца ў кнізе займае аўтарскае пераасэнсаванне купалаўскай паэмы «Магіла льва» (ці, можа, арыгінальнага фальклорнага сюжэта), якая ў Фелікса называецца наўпрост «Машэка»:
Уступ
Ільвом называлі Машэку
За сілу, за жорсткае зверства,
За тое, што мы ў чалавеку
Сурова завем «крыважэрства».
І ў тысячным нават калене
Мы ўспомнім у жаху і ў жалі
Ільвоў, што на рымскай арэне
Няшчасных жыўцом разрывалі.
А можа, мы ўпалі ў аблуду?
Мо штось недачулі, глухія?
А можа, Хрыста і не Юда
Прадаў за чырвонцы ліхія?..
З гэтага кавалка, дарэчы, можна прадбачыць, да якой тэмы паэт звяртаецца часта: відавочна, да біблейскай. Шмат герояў асэнсоўваецца Феліксам Баторыным: і Адам з Евай, і Каін, і Алаферн, і, зразумела, сам Творца. Таксама ёсць перазовы з Эклезіястам і Талмудам. Але гэта не проста шпурлянне імёнамі з мэтай зачапіцца за вока чытача дзякуючы кліпаваму мысленню, ды тое, што насамрэч хвалюе аўтара, і выклікае яго асабісты інтарэс. Так наступныя словы ён прамаўляе ў сваім дыптыху «Каін»:
«Пашкадуйце Каіна!»
За яго раскаянне
Папрасіце ў Бога
Усяго нямнога:
Каб навекі знікнуць мог
Каін з небакраю,
Каб яго пазбавіў Бог
Ад пекла і ад раю...
Тут аўтар замаўляе за Каіна, каб яму даравалі. І гэты матыў гэткім жа чынам прагледжваецца ў іншых калязаветных вершах: шмат якія з іх маюць канкрэтнага (усявышняга) адрасата і таму гучаць хутчэй не як вершы, а як малітвы.
Напэўна, самыя цікавыя моманты кнігі — тыя часткі вершаў, дзе паэт пускаецца ў юнацкія гульні са словамі ці ў болей глабальныя эксперыменты з формай — казаць шчыра, падобных хадоў ад чалавека такой шматгадовай загартоўкі не чакаеш. Алё ён выдае і выдае, адзін ход за іншым. Дзесьці аўтар па-майстэрску ўжывае поўную рыфму:
Гэты вяз, закаханы ў раку,
Раскідае зялёныя крылы,
Запар некалькі год — не ўраку
— Хараства набірае і сілы…
Дзесьці — падчас свайго лірычнага аповеду — захапіўшыся моўнымі здольнасцямі — гэтым неспадзявана робіць адным з герояў верша і саму мову:
Дзвярамі, дзвярыма, дзвярмі
Заляпаў абуджаны ранак.
Яшчэ адну ношу прымі,
Падэшвамі зношаны ганак…
І як найбольш красамоўны прыклад, як нейкая квінтэсэнцыя аўтарскай моцы — верш, які адначасова мае і лексічную гульню, і шасцідзясятніцкі дух, і пачуццё гумару, пра якое пойдзе крыху далей — верш «Танкі»:
Ідуць, як танкі. Ды не Танкі.
І хоць складаць умеюць танкі,
А дылетанты й дылетанткі
Яны па сутнасці сваёй.
І іх не ўзяў бы ў маркітанткі
Паэзіі сапраўднай вой...
Багаты Баторын і на формы твораў: акрамя звычайных вершаў у кнізе можна знайсці паэму, некалькі балад, трыялет і досыць вясёлая спроба напісання рамана ў пісьмах.
Аўтар быццам ведае і пра іронію, і пра самаіронію, але гэтыя веды неяк нестабільна рэалізуюцца на практыцы, здараюцца там-сям неспадзяванкі. Дзе-нідзе атрымліваецца нешта прыемнае і афарыстычнае, як тут, у вершы з назвай «Дыягназ»:
Вы — безнадзейны інвалід
(І нават болей!).
Вы зблыталі радыкуліт
З душэўным болем.
Вы разбярыцеся спярша
(Даўно не хлопчык!):
Зусім штось іншае душа,
Чым крыж ці копчык.
Баліць вам, дружа мой крывы,
Слінява-слізкі,
Таму, што кланяліся вы
Занадта нізка!
Просценькая, але добрая такая сатыра. Але ж некалі — прарэжацца, бывае, зусім дзіўны гумарок, які даросламу чалавеку нават неяк і не да твару:
Ні цяпла, ні святла, ні вясны на зямлі не бывае,
Калі лысіна ззяе, што сонцам сябе адчувае.
«Яблычны пах цішыні» — гэта не толькі назва кнігі, але і назва верша, які выглядае наступным чынам:
Яблычны пах цішыні.
Мігі маўклівых ападаў.
Яблычныя прамяні
Сцежкі спярэсцілі саду.
Птушкі збіраюцца ў шлях,
Памяць пакуюць у клункі.
Яблычны смак на губах —
З вераснем пацалункі.
І як вам? Ці падобны гэты твор на штосьці настолькі манументальнае, каб браць яго першы радок у якасці назвы кнігі? Гэта ж нават не самыя моцныя радкі з тых, што працытаваныя ў гэтай рэцэнзіі! Але ў нейкай ступені гэтая назва адсылае да зместу кнігі: нягледзячы на тое, колькі незвычайных момантаў удалося падкрэсліць, агульны тон кнігі нашмат больш шэры. І хаця кніга выйшла ў саліднай серыі «Кнігарня пісьменніка» ды з трыма сотнямі старонак, наклад яе усяго толькі 200 экзэмпляраў. Можа, не трэба было выціскаць з сябе цэлюлозных сокаў на 300 старонак, а замест гэтага абмежавацца якой-небудзь сотняй?
Пры ўсіх тых мінусах, якія можа адчуць чытач, калі азнаёміцца з «Яблычным пахам цішыні» (не па гэтай рэцэнзіі, але і па самім зборніку), Фелікс Баторын усё роўна застаецца аўтарам неблагой кнігі. Бо відавочна, што аўтар, па-першае, добра ўмее слухаць музыку слова (хоць і карыстаецца гэтым навыкам не надта часта), а па-другое, гледзячы на колькасць выкарыстаных культурных кодаў, умее чытаць — чытаць розныя тэксты ад розных людзей. Менавіта гэта чытацкая самаўпэўненасць робіць досыць упэўненай у сваіх сілах і гэтую кнігу.
Даніла ЛЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka