Аматараў струннага гучання чакае вясновы падарунак: пятага сакавіка на сцэне вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі выступіць выхаванец Беларускай дзяржаўнай гімназіі-каледжа пры БДАМ, выпускнік Парыжскай кансерваторыі, лаўрэат Конкурсу імя П. Чайкоўскага і Конкурсу імя Каралевы Лізаветы, што ладзіцца ў Бельгіі, віяланчэліст-віртуоз Іван Карызна. Напярэдадні сустрэчы майстар прапанаваў музычныя задачы на хуткасць, адлегласць і час.
Парыж — Гановер
— У Мінск я прыеду разам з цудоўным піяністам Барысам Кузняцовым, — распавядае музыкант. — Мой калега ў раннім дзяцінстве пераехаў з Расіі ў Германію, дзе прайшоў лепшую нямецкую піяністычную школу ў Гановеры. Наша знаёмства з Б. Кузняцовым адбылося паўтара года таму. У хуткім часе пасля гэтай выпадковай сустрэчы мы і вырашылі выступаць дуэтам. Да гэтага сезона мы ўжо тройчы ігралі разам. У леташняй праграме вырашылі аб’яднаць творы трох вялікіх нямецкіх кампазітараў. У першым аддзяленні канцэрта выканаем санату ля-мінор «Арпеджыонэ» Ф. Шуберта і санату мі-мінор І. Брамса. Для другога аддзялення мы падрыхтавалі санату ля-мажор Л. ван Бетховена, вядомую яшчэ як «Крэйцарава». Выбар Бетховена абумоўлены і тым, што рэпертуар для віяланчэлі значна меншы, чым рэпертуар фартэпіянны. Першапачаткова «Крэйцарава» была напісана для скрыпкі і фартэпіяна. Але любімы вучань кампазітара Карл Чэрні зрабіў перакладанне скрыпічнай партыі для віяланчэлі. Гэты варыянт выкарыстоўваецца і сёння.
Камерная музыка патрабуе духоўнага збліжэння паміж удзельнікамі дуэта: музыканты павінны адчуваць адзін аднаго. Часам вельмі няпроста сумяшчаць уменне ісці на кампрамісы з жаданнем прытрымлівацца свайго меркавання. Наша супрацоўніцтва з Барысам Кузняцовым ускладняецца тым, што жывём у розных гарадах. Для мяне і нядзіўна сыграць ранішні канцэрт у Гамбургу, днём парэпеціраваць з Кузняцовым у Гановеры і ў той жа дзень вярнуцца ў Парыж. Шчасце, што ў нас ужо ёсць досвед супольнага выканання, і зараз, каб загучаць, злучыць партыі, нам дастаткова двух-трох дзён з інтэнсіўнай пяцігадзіннай працай. І яшчэ я ведаю, што ўсе цяжкасці забудуцца, як толькі мы выйдзем са сваім мастацтвам да публікі.
Суаўтарства з бессмяротнымі
— З тэхнічным удасканаленнем інструментаў узрастаюць і магчымасці для самавыяўлення музыкантаў. Але не трэба забывацца на нашу галоўную задачу: пастарацца як мага глыбей зразумець задуму кампазітара, угадаць яго пачуцці і перадаць гэтае пасланне свету. У той жа час, укладаючы ў музыку эмоцыі, мы становімся суаўтарамі стваральнікаў. Менавіта ўласнае разуменне твораў і робіць нас, выканаўцаў, непадобнымі адзін да аднаго. Здараецца так, што я не згодны з прапанаваным кампазітарам тэмпам: проста адчуваю матэрыял па-іншаму. У такім выпадку іграю, як лічу патрэбным, і не бачу ў гэтым злачынства. Але іншыя «хуліганствы» з класікай вельмі рызыкоўныя.
Выдатныя выдаткі
— Для паспяховай кар’еры віяланчэлісту неабходны выдатны інструмент. А набыць яго самастойна не можа ні адзін музыкант. Сёння існуе тэндэнцыя: кошт на творы Страдзівары, Маджыні, Амаці ўзрастаюць на дзесяць працэнтаў штогод. Гэта значыць, што калі зараз інструмент Гварнеры каштуе паўтара мільёна, то праз дзесяць гадоў ён будзе даражэйшы мінумум у два разы. Без дапамогі інвестараў струнным выканаўцам проста немагчыма. Тым, хто жыве ў Германіі, Францыі, Англіі, гэтую праблему вырашыць прасцей: у Заходняй Еўропе добра развіта культура мецэнацтва. У нашай жа краіне, на жаль, пакуль нямногія рызыкнуць укласці грошы ў музычны інструмент. Хаця насамрэч гэта вельмі выгаднае рашэнне. З фінансавага боку ўдзел у музычных конкурсах — найпрасцейшы шлях: ён патрабуе вялізных намаганняў, але не патрабуе матэрыяльных выдаткаў. Наадварот, разам з дыпломам можна атрымаць і неблагую фінансавую падтрымку. Асноўныя буйныя спаборніцтвы для віяланчэлістаў — гэта Конкурс імя П. Чайкоўскага ў Маскве, Конкурс імя Каралевы Лізаветы ў Бруселі і «ARD Music Competition» у Мюнхене. Менавіта гэтыя праекты дапамагаюць моладзі звярнуць на сябе ўвагу. Але варта памятаць, што ніякай гарантыі на поспех не існуе. Музыка — гэта не дакладная навука, і ацэньваецца прадстаўленне твора заўсёды вельмі суб’ектыўна. Таму я кажу пачынаючым музыкантам, што акрамя выканальніцкага майстэрства варта развіваць уменне знаёміцца, размаўляць, дэманстраваць здольнасці.
Расклад для роздуму
— Як правіла, выбар праграмы плануецца прыкладна за год да новага сезона. То-бок сёння я сур’ёзна задумваюся, з чым выйду на сцэну ў наступным лютым. Пры вялікім жаданні разабраць новы твор можна і за тыдзень. Але рэч не толькі ў правільнасці інтанацыі і фальшы нот. Важна, каб прыйшло ўнутранае прыняцце твора (роздум над творам працягваецца ўсё жыццё!), а для ўсведамлення, замацавання сувязі да опуса трэба дакранацца некалькі месяцаў.
Як і з вырашэннем рэпертуару, расклад канцэртаў таксама плануецца загадзя, часам і на два гады наперад. Безумоўна, важную ролю ў арганізацыі выступаў іграюць агенты. На вялікі жаль, і ў мастацтве сёння распаўсюджаны фабрычныя спосабы прасоўвання: у цэнтры ўвагі застаецца не прафесіяналізм артыста, а яго актыўнасць у сацыяльных сетках і прывабная знешнасць. Я бачыў, як агенцтвы выкарыстоўваюць музыкантаў, а калі тыя станавіліся крыху старэйшымі, адмаўлялі ім у паслугах; я чуў у галасах музычных арганізатараў непрыкрытае раўнадушша да музыкі… Але выканаўцу-пачаткоўцу трэба вучыцца пераадольваць сябе і казаць усім магчымасцям: «Так!»
Смех скрозь слёзы
— Калі я быў маленькі, заняткі музыкай часам праходзілі скрозь слёзы. Акрамя віяланчэлі, было шмат тэарэтычных урокаў, аркестр, агульнаадукацыйныя прадметы. Варта сказаць, што бацькі вельмі ўважліва сачылі за маёй паспяховасцю, мама часам прыходзіла на ўрокі па спецыяльнасці. Вольнага часу, як разумееце, у мяне амаль не заставалася... Сёння я са смехам успамінаю, як на час хатніх рэпетыцый бацькі зачынялі залу, у якой стаяў тэлевізар, і хавалі ад мяне ключы. Вось такія былі меры захаваць маю музыку ад перашкод. А я ўсё адно з хітрасцю падробліваў ключы, прабіраўся да тэлевізара, і гэта быў мой уласны бунт супраць вучобы, музыкі, загружанасці! І хаця я моцна злаваўся на музыку, пакінуць яе не мог. Зноў і зноў прыходзіў у клас, бачыў свайго неверагоднага выкладчыка Уладзіміра Паўлавіча Перліна, чуў яго натхнёныя словы, і да мяне вярталіся сілы займацца. Так я пазнаваў сябе праз музыку.
Прызнанне
— Дзесяць гадоў таму, калі мне было ўсяго сямнаццаць, я адважыўся на новы крок, на новае жыццё — пераезд у Францыю. І менавіта тут, за мяжой, я па-сапраўднаму пачаў цаніць тое, што ў мяне было на радзіме: шчырасць, добразычлівасць, невытлумачальная прастата ў побыце і размовах. Гэтыя беларускія рысы я імкнуся знайсці ў людзях, падарожнічаючы па свеце.
Марыя СТРАХ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/muzyka