З 25 па 29 сакавіка пройдуць пазнавальныя мерапрыемствы для школьніц. Любы педагог, класны кіраўнік, школьны псіхолаг ці хтосьці з бацькоў можа сабраць групу дзяўчат (вучаніц 4-9 класаў) і наведаць разам з імі ў акадэміі заняткі па інтэрнэт-бяспецы, прафарыентацыі ці майстар-клас па сучасных ІТ-навыках (асновах акадэмічнай графікі, медыядызайну, акварэльнаму скетчынгу і іншыя).
Акадэмія крэатыўных тэхналогій для дзяўчат (ІT Рrіnсеss Асаdеmу) прасоўвае ідэю жаночай тэхнічнай адукацыі. Узрост “прынцэс” — ад 7 да 15 гадоў. Лічыцца, што ва ўмовах сепаратнага навучання дзяўчаты становяцца больш упэўненымі ў сабе, у іх павышаецца самаацэнка, фарміруюцца лідарскія якасці.
У акадэміі выкарыстоўваецца новы падыход да напаўнення навучальнага плана (навука, тэхналогіі, інжынерыя, матэматыка плюс мастацтва). Ён стварае баланс паміж творчым пачаткам і тэхналагічным, тым самым палягчае вывучэнне тэхнічных дысцыплін.
Матэматыка, фізіка выкладаюцца праз мастацтва, дызайн, музыку і іншыя цікавыя рэчы. Упор робіцца на ўласныя праекты. Можна, напрыклад, стварыць калекцыю моды (фэшн-калекцыю), 3D-гульню, запусціць відэаблог, запісаць музычны трэк, асвоіць фотарэтуш. Праграма дазваляе развівацца адначасова па 16 прафесійных напрамках у галіне тэхналогій, дызайну, музыкі, медыя...
Важны раздзел праграмы — навыкі для жыцця: работа ў камандзе, камунікатыўнасць, стварэнне стылю, іміджу, крытычнае і крэатыўнае мысленне. Апошняе — вельмі карысны інструмент для жыцця і працы, які дапамагае знаходзіць нестандартныя рашэнні нават у самых складаных сітуацыях.
Удзел ва ўсіх мерапрыемствах бясплатны, але па папярэдняй рэгістрацыі [4]. Падрабязную праграму ІТ-канікул можна знайсці на сайце [5].
Адрас ІT Рrіnсеss Асаdеmу — Мінск, праспект Пераможцаў, 5 (3 паверх).
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://itpa.by/itkanikuly
[5] http://itpa.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/shkolnyya-kanikuly
[8] https://zviazda.by/be/tags/it-sfera-2
[9] https://zviazda.by/be/tags/dzyauchaty