Да дня нараджэння акцёра тэатра і кіно, народнага артыста Беларусі Уладзіміра Гасцюхіна тэлеканал «Беларусь 3» падрыхтаваў тэматычны эфір. 10 сакавіка ў праграме — драма «Вазьму твой боль», а таксама дакументальны фільм «Паглыбленне. Уладзімір Гасцюхін».
У драме Міхаіла Пташука «Вазьму твой боль», знятай на «Беларусьфільме» паводле аднайменнага рамана Івана Шамякіна амаль 40 гадоў таму, Гасцюхін сыграў галоўную ролю — Івана Батрака, які ў дзяцінстве падчас Вялікай Айчыннай вайны страціў родных, а ў дарослым узросце наноў сустрэўся з самым страшным сваім кашмарам, былым паліцаем, які ўдзельнічаў у расстрэле сям'і хлопчыка, і, адседзеўшы значны тэрмін, вярнуўся ў вёску і імкнецца забіць адзінага сведку свайго колішняга злачынства...
А вось дакументальны фільм, які рэжысёр Сяргей Кацьер зняў пра акцёра ў 2014-м, — гэта не проста кінапартрэт, а адкрыты маналог, нават споведзь. У ёй, напрыклад, Уладзімір Гасцюхін дапусціў тэлевізійнікаў у асабісты архіў, прыгадаў службу ў арміі, шчыра расказаў пра стасункі з уласнымі дзецьмі і раскрыў некаторыя факты са сваёй біяграфіі, якія раней нідзе не згадваліся.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-vasilevich-gascyuhin
[5] https://zviazda.by/be/tags/telekanal