Па-рознаму пісьменнікі прыходзяць у сапраўдную літаратуру. Некаторыя, як Аркадзь Куляшоў, ярка заяўляюць аб сабе яшчэ ў школьныя гады, другія, як Янка Маўр, пачынаюць літаратурны шлях ужо ў даволі сталым узросце. Мой даўні сябар Уладзімір Мазго пісаць вершы пачаў яшчэ ў школьныя гады. І не толькі пісаць, але і актыўна друкавацца.
Памятаю, як некалькі гадоў таму я наведаў Нацыянальную бібліятэку. Працаваў тады намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» і трэба было тэрмінова пагартаць нумары гэтага часопіса за гады 1974—1976. І хоць ведаў, што якраз у тыя гады будучы вядомы пісьменнік актыўна з «Бярозкай» супрацоўнічаў, але ўсё ж неяк нязвычна было чытаць пад вершам імя аўтара: Валодзя Мазго, школьнік. А я ж у той далёкі час ужо ў арміі служыў, але аб уласнай літаратурнай дзейнасці яшчэ і не задумваўся...
Чытаючы тыя вершы ў старой «Бярозцы», зразумеў я, што Уладзімір Мазго ўжо ў школьныя гады яскрава выявіў свае паэтычныя здольнасці. І вершы ягоныя друкавала тады не толькі «Бярозка» — газеты «Гродзенская праўда», «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «Знамя юности», нават часопіс «Маладосць». Дэбютаваў ён, на той час дзесяцікласнік, у штотыднёвіку «ЛіМ», дзе ў 1976 годзе была надрукавана яго вершаваная падборка. Някепска для школьніка?
Потым была вучоба на філалагічным факультэце БДУ, служба ў арміі, работа ў рэдакцыях газет, на тэлебачанні, у выдавецтве «Юнацтва», у часопісах «Вясёлка», «Полымя», «Неман»...
І паэзія, паэзія, паэзія…
Бо ўвесь гэты час Уладзімір Мазго не здраджваў аднойчы выбранаму шляху і менавіта паэзія стала самой асновай ягонага жыцця. І застаецца ёй па сёння...
Многія з тых, што пачыналі свой творчы шлях як паэты, з узростам часцей звяртаюцца да прозы. І не толькі невялічкія замалёўкі альбо лірычныя мініяцюры пачынаюць з’яўляцца на свет з-пад іх творчага пяра (а цяпер усё часцей зпад «творчай» клавіятуры камп’ютараў), але і салідныя аповесці і раманы.
Не ведаю, што гэтаму прычынай, хоць і сам прылічваю сябе да такіх вось «здраднікаў паэзіі». Не таму перайшоў на прозу, што перастала раптам падабацца паэзія, тым больш не таму, што менш запатрабаваная яна ў сучасным грамадстве... Проста штосьці непрыкметна, але незваротна змянілася раптам у душы... Не ведаю, як канкрэтна ахарактарызаваць такое змяненне, магчыма, гэта «знікненне здольнасці заўважаць тыя нязначныя падзеі, міма якіх усе астатнія людзі проста праходзяць з абыякавым выглядам, а таксама знікненне здольнасці здзіўляцца і нават прыходзіць у захапленне ад нязначных гэтых падзей». Крыху даўгавата, але, спадзяюся, чытачы зразумелі...
Здольнасць заўважыць нясмелы сонечны праменьчык, які так асцярожна слізгае на шкляной паверхні восеньскай лужыны. Здольнасць здзівіцца чароўнаму ззянню кропелек расы на пожні яснай летняй раніцай. Здольнасць прыпыніцца, каб проста прыслухацца да вясёлага цурчання гарэзлівага вясновага раўчука, каб проста палюбавацца пяшчотнымі пералівамі шматколернай вясёлкі пасля навальніцы, проста захапіцца нябеснай сінечай сакавіцкіх пралесак на лясной палянцы…
Калісьці ўсё гэта мяне вельмі кранала, здзіўляла, захапляла нават... а зараз…
Зараз проста праходжу міма.
А без усяго гэтага нельга, на жаль, застацца паэтам. Сапраўдным паэтам.
Вось чаму цяпер я — празаік, амаль на ўсе сто адсодкаў, які пачынаў калісьці як чысты паэт. А некаторыя паэты так імі і засталіся, нягледзячы на ўзрост. Іх пастаянству можна толькі пазайздросціць. Па-добраму…
Вось і Уладзімір Мазго падышоў да свайго шасцідзесяцігоддзя, так і не здрадзіўшы паэзіі, як дарослай, так і дзіцячай. І нават невялікія празаічныя абразкі, якія прысутнічаюць побач з вершамі, напрыклад, у кнізе «Адвечныя скарбы Радзімы», — гэта ў першую чаргу проза паэта. Светлая і лірычная, чытаючы якую нават не заўважаеш, як плаўна і непрыкметна краязнаўча-гістарычныя нататкі першага раздзела пераходзяць у паэтычную другую частку.
Бліжэй да сэрца
Прыгарну я
Сівых стагоддзяў даўніну,
Дзе ранак
Сонцам карануе
У неба ўзнятую сцяну.
Нам расказаць
Пра ўсё павінны,
Дадаць
Адвечнага цяпла
Руіны велічнай краіны,
Што лёсам дадзена была…
Як арганічна перагукаюцца словы гэтага верша, дзе апавядаецца аб руінах некалі велічнага Навагрудскага замчышча, з празаічнымі мініяцюрамі аўтара пра археалагічныя раскопкі ў Брэсце альбо аб царкве-крэпасці ў вёсцы Сынкавічы. Дарэчы, гэтай царкве Уладзімір Мазго прысвяціў і асобны верш:
Адвечная крэпасць-царква.
Аблокаў-анёлаў світа,
Якую вітаў калісь Вітаўт,
А потым — уся Літва…
І такіх прыкладаў мноства. Як і саміх кніг Уладзіміра Мазго.
Яго шматгранны талент не застаўся незаўважаны.
Уладзімір Мазго — выдатнік друку Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва, лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі. У 2008 годзе ўдастоены прэстыжнай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» за дзіцячую кнігу «Цуда-Вуда». У 2014 годзе Уладзімір Мінавіч уганараваны ордэнам Францыска Скарыны.
А яшчэ Уладзімір Мазго — шырока вядомы паэт-песеннік, лаўрэат такіх рэспубліканскіх тэлевізійных фестываляў эстраднай песні, як «Залатая ліра» і «Песню бярыце з сабой». На якіх толькі міжнародных і нацыянальных фестывалях не гучалі песні на вершы Уладзіміра Мазго: у Вільнюсе і Беластоку, у Віцебску і Маладзечне. Многія з гэтых песень наогул сталі хітамі ў выкананні такіх спевакоў, як Уладзімір Ярмоленка, Алеся, Іна Афанасьева, ансамбляў «Сябры» і «Бяседа»... А для сваёй малой радзімы, Зэльвы, Уладзімір Мінавіч напісаў словы песні, якая крыху пазней стала яе гімнам.
Але не толькі словы гімна звязваюць знакамітага паэта з яго малой радзімай. Ажно з 1997 года па ініцыятыве Уладзіміра Мазго ў Зэльве праводзіцца штогадовае вясновае свята паэзіі і музыкі «Зэльвенскія Сакавіны», удзельнікамі якога ў розныя гады былі пісьменнікі Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Саламаха, Міхаіл Пазнякоў, Анатоль Зэкаў, Мікола Чарняўскі і многія іншыя, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, і не таму толькі, што Уладзімір Мазго — мой добры сябар, а ў першую чаргу з-за таго, што ён — адзін з найвыдатнейшых сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Творца, які і на шасцідзясятым годзе жыцця застаўся верны музе свайго далёкага юнацтва — Яе Вялікасці Паэзіі!
Генадзь АЎЛАСЕНКА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/genadz-aulasenka
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura