Добрушскае лясніцтва ўваходзіць у склад Гомельскага вопытнага лясгаса Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання. Лясніцтва мае вялікую плошчу — больш за 19 тысяч гектараў. Тры чвэрці з іх — землі, якія падвергліся забруджванню пасля катастрофы на ЧАЭС. Зразумела, такія асаблівасці ўплываюць на дзейнасць арганізацыі, якая, дарэчы, па сукупнасці паказчыкаў стала найлепшай сярод 179 лясніцтваў Гомельшчыны.
Тры гады, як Добрушскае лясніцтва ўзначаліў Вадзім Караленка. Ён пачынаў некалі з майстра. Ляснічы кажа, што ў 2016 годзе прыйшлося кардынальна змяняць стратэгію работы. Укараненне сучасных тэхналогій — гэта першапачатковая справа:
— Напрыклад, пры нарыхтоўцы драўніны дзедаўскія метады неактуальныя. Раней валкай лесу займаліся леснікі, а гэта — не іх асноўная задача. Леснікі павінны ахоўваць лес ад шкоднікаў, пажараў, садзіць новыя дрэвы. Не паўсюль можа ўжывацца сучасная лесанарыхтоўчая тэхніка, а вось умелы вальшчык з бензаматорнай пілой зможа дабрацца і туды, дзе не пройдзе спецыялізаваная машына.
Менавіта таму цяпер у лясніцтве ёсць спецыялізаваная брыгада вальшчыкаў. Пяць работнікаў працуюць па так званай скандынаўскай тэхналогіі. Суровыя мужчыны ў касках — віртуозы сваёй справы на дзялянках, дзе вядзецца нарыхтоўка драўніны. Вялізны хваёвы ствол за некалькі хвілін становіцца каштоўным будаўнічым матэрыялам пасля таго, як вальшчык спілуе галіны і распілуе на сартымент. Гэта адзначае, што дрэва падзелена на вызначаныя кавалкі.
— Калі дрэвы павалены правільна, — тлумачыць Вадзім Валер'евіч, — можна максімум якаснай драўніны з іх атрымаць. І ўсё залежыць ад талковага вальшчыка.
У брыгадзе ўсе працуюць вельмі акуратна і зладжана. Пасля чаго пагрузачныя машыны збіраюць гатовую драўніну і вязуць яе на склад. У нас такім чынам павысілася прадукцыйнасць працы ў разліку на аднаго чалавека. Заробак здзельна-прэміяльны. Таму людзі зацікаўленыя працаваць і атрымліваюць ад 1400 да 1800 рублёў. Да таго ж спецыялісты самі вымяраюць аб'ём нарыхтаванай драўніны. Даныя мы пераправяраем. Магу сказаць, што нашы вальшчыкі сумленна працуюць. Калі раней у Добрушскім лясніцтве нарыхтоўвалі за месяц каля 3200 метраў кубічных, то летась — больш за 4000.
Тое, што вялікія плошчы лясніцтва знаходзяцца на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі, некалькі ўскладняе работу. Перш чым сячы драўніну з нейкага ўчастка лесу, пілавінне абавязкова правяраецца на ўтрыманне радыяцыйных элементаў. Да таго ж трэба пільна кантраляваць, што ідзе на дровы, а што — на дзелавую драўніну.
— Самае галоўнае — пасля высечкі пасадзіць маладыя дрэвы, — адзначае Вадзім Караленка. — Апошнія тры гады мы сеялі і садзілі ад 100 да 160 гектараў лесу за кожны год. Нам у гэтай справе вельмі дапамагаюць валанцёры. Жыхары Добрушскага раёна кожную вясну далучаюцца да важнай справы. А восенню мы разам праводзім акцыю «Чысты лес».
Штогод супрацоўнікі лясніцтва нямала намаганняў і сродкаў накіроўваюць на навядзенне парадку ў лясным фондзе. Напрыклад, пазалетась была прыбрана ад смецця лесапаласа ўздоўж аўтадарогі М-10, высаджаны дрэўцы каля пасёлка Рассвет, прыбраны звалкі ў лясах, закладзена алея каля царквы ў гонар святога Алега Бранскага. Летась пасадзілі 20 тысяч дрэў вакол скрыжавання аўтамабільных дарог: Добруш — Гомель — Церахоўка — Рассвет. У такіх работах заўсёды прымаюць удзел прадстаўнікі БРСМ і супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Добраахвотнікаў забяспечваюць неабходным інвентаром.
Устаноўка мабільных фотапастак у розных раёнах лесу таксама прыносіць плён. Звычайна іх выстаўляюць там, дзе нядобрасумленныя грамадзяне выкідаюць смецце ці браканьеры спакушаюцца на драўніну. Ляснічы гаворыць, што ў такіх выпадках на прафілактыку правапарушэнняў уздзейнічае не толькі штраф, але і «праслаўленне» парушальнікаў у СМІ:
— Такая мера зменшыла колькасць парушэнняў, але лес па-ранейшаму патрабуе да сябе павышанай увагі. Вядома, што апошнім часам па поўдні Беларусі распаўсюдзіўся жук-караед, з якім і мы вядзём барацьбу. У 2017 годзе з-за яго ў лясніцтве прыйшлося высекчы 80 гектараў лесу, а летась — каля 90. Гэтыя плошчы трэба наноў засадзіць дрэвамі. Дарэчы, сёлета плошчы, пашкоджаныя караедам, некалькі паменшыліся. Невялікія ачагі назіраем у асноўным на цяжкадаступных участках.
За апошнія два гады было шмат зроблена для мадэрнізацыі лясніцтва, адзначае Вадзім Валер'евіч:
— Абноўлены выгляд набылі гаражы і склады, пабудаваны новыя навесы для абсталявання, памяняны агароджы. Дзякуючы дырэктару нашага лясгаса Ігару Мікалаевічу Дзягцярыку, для Добрушскага лясніцтва закуплены два новыя трактары і аўтамабіль УАЗ. Для леснікоў — майстроў лесу — набылі тры матацыклы. Сёлета плануем правесці рамонт фасада і даху адміністрацыйнага будынка. Таксама будзем працягваць добраўпарадкаваць тэрыторыю лясніцтва.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
УНП 400399274
*На правах рэкламы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/dobrushski-rayon