Чарговая публікацыя нашай рубрыкі [5] "Чвэрць стагоддзя" прысвечана дакументам, прынятым кіраўніком дзяржавы, якія спрыялі развіццю і лібералізацыі прадпрымальніцтва ў краіне, — Дырэктыве № 4 і Дэкрэту № 7. Як прыклад — гісторыя паспяховага фермера, які заняўся спецыфічнай вытворчасцю і не прагадаў.
Сёння сялянска-фермерская гаспадарка «ДАК» (у назве выкарыстаны ініцыялы яе заснавальніка і гаспадара Дзмітрыя Анатолевіча Крылова) добра вядомая не толькі ў Дзяржынскім раёне і Мінскай вобласці, але і ў Беларусі. І, відаць, у перспектыве заявіць пра сябе і па-за межамі нашай краіны.
Шляхам спроб і памылак
А пачыналася ўсё ў далёкім 1992 годзе, калі сталічныя жыхары Дзмітрый Анатолевіч і яго жонка Галіна Эдуардаўна ўзялі зямлю каля вёскі Цяўлава Дзяржынскага раёна, каб займацца фермерствам. Перш чым гаспадарка стала паспяховай, самадастатковай, пачаткоўцам давялося адчуць цяжкасці станаўлення, шукаць правільнае рашэнне шляхам спроб і памылак.
У 1998 годзе Дзмітрый Крылоў пачаў займацца свінагадоўляй. Пабудаваў свінарнік, закупіў 200 парасят. Але канкураваць з гігантамі свінагадоўлі было цяжка — сабекошт прадукцыі атрымліваўся даражэйшы. Фермер вырашыў пераарыентавацца на вырошчванне коз, паколькі гэтая ніша не была занятая ні дзяржаўнымі прадпрыемствамі, ні прыватным бізнесам. Так, рынак быў свабодны, але разам з тым вузкі і спецыфічны. Беларусы не прывыклі да казінага малака і не гатовы былі галасаваць за яго рублём. Неабходна было знайсці свайго пакупніка, упэўніць яго, што гэта карысны і незаменны прадукт. Асабліва ён падыходзіць дзецям, людзям з аслабленым пасля хваробы імунітэтам, тым, хто не пераносіць малако ад каровы. Асвоіць яго без дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе льгот і прэферэнцый было б вельмі складана.
У 2012 годзе за кошт крэдыту Дзмітрый Анатолевіч рэканструяваў прадпрыемства. Цяпер у фермерскай гаспадарцы ёсць сучасная даільная зала з халадзільнікам, перапрацоўчы цэх, дзе вырабляюцца малочныя прадукты, ёгурты, сыры. Але гэта святая святых, куды нас не пусцілі нават у бахілах. Малако разліваецца ў паўлітровыя і літровыя бутэлькі, сыр двух відаў. Адзін — у спецыяльнай пергаментнай паперы, іншы нарэзаны пад вакуумам і ўпакаваны ў каробкі. А яшчэ выдатны сыр у вострай маслянай заліўцы.
— У нас створана служба дастаўкі, — расказаў памочнік кіраўніка фермерскай гаспадаркі аграном Іван Налётаў. — Любы ахвотны можа зайсці на наш сайт, пакінуць заяўку, і кур'ер прывязе па месцы прызначэння свежую прадукцыю.
Без хімікатаў і пестыцыдаў
Сёння ў гаспадарцы ўтрымліваецца тысяча коз зааненскай пароды і СФК «ДАК» з'яўляецца найбуйнейшым племянным прадпрыемствам па іх развядзенні. Лічыцца, што менавіта гэтыя жывёліны даюць малако без спецыфічнага паху. Акрамя таго, гаспадарка выпускае толькі натуральную прадукцыю, без розных дабавак і фарбавальнікаў, якая максімальна набліжана да групы арганічных прадуктаў. Цяпер у «ДАК» налічваецца больш за 100 гектараў зямлі, у тым ліку 87 гектараў выкарыстоўваецца для пасеву сельгаскультур, у асноўным шматгадовых злакавых траў, ёсць і кукуруза. Фермерская гаспадарка валодае адзіным арганічным сертыфікатам на раслінаводства. Зямля апрацоўваецца без выкарыстання хімікатаў і мінеральных угнаенняў, што дазваляе забяспечваць жывёлу арганічнымі кармамі. Але пакуль часткова. Астатнія кармы закупляюцца. Цягам часу Дзмітрый Крылоў плануе сертыфікаваць статак і вытворчасць прадукцыі.
Зрэшты, да арганічнага земляробства ў фермерскай гаспадарцы ішлі вельмі доўга. З 2004-га, калі пачалі займацца развядзеннем коз. Падрыхтоўчы перыяд зацягнуўся на некалькі гадоў, пакуль атрымалі атэстат Еўрапейскага саюза. Штогод гаспадарку наведвае інспектар, які бярэ аналізы проб зямлі, непасрэдна аглядае расліны. Усё карпатліва правяраецца на рэшткі пестыцыдаў, аналізуюцца таксама севазвароты, якія выкарыстоўваюцца, унясенне арганічных угнаенняў у выглядзе гною, таму што галоўная мэта кантролю — не дапусціць выкарыстання хімічных прэпаратаў і павышаных доз гною, які ўтрымлівае азот. Азот можа разбурацца да мачавіны і іншых элементаў, як нітраты і нітрыты. Усё гэта назапашваецца зямлёй і перадаецца ў прадукцыю. У такім выпадку яе нельга лічыць экалагічнай.
Цэнтр інавацыйнага развіцця козагадоўлі
На маё пытанне ці не цягне назад у горад, Дзмітрый Анатолевіч толькі адмахнуўся, маўляў, забудзьце, я ўжо дваццаць пяць гадоў як сельскі жыхар. «На прыродзе добра жыць і працаваць. А пры неабходнасці ў сталіцу можна дабрацца на машыне за паўгадзіны», — кажа мой суразмоўнік.
— І ўсё ж, як адпачываеце з сям'ёй, відаць, і на замежныя курорты хочацца выбрацца хоць зрэдку, — цікаўлюся ў яго.
— Цяпер не да гэтага, — канстатуе мой суразмоўнік. — Пачалі грандыёзнае будаўніцтва новага комплексу на дзве тысячы коз. На яго базе будзе створаны цэнтр інавацыйнага развіцця козагадоўлі, што дазволіць адкрыць дадаткова дваццаць два высокатэхналагічныя рабочыя месцы. Тут прадугледжана таксама база штучнага асемянення і трансплантацыі эмбрыёнаў дробнай рагатай жывёлы. Акрамя таго, у цэнтры будуць апрабоўвацца сучасныя тэхналогіі, якія існуюць сёння за мяжой. Плануем укараняць усё новае, каб было што паказаць і на чым трэніравацца. Гэта будзе база для практыкі, навучання студэнтаў, аспірантаў. У межах праекта будуем яшчэ і эксперыментальны завод для вытворчасці прадуктаў з казінага малака, якія ў краіне пакуль не выпускаюцца.
— Грэх скардзіцца, дзяржава дапамагае, падтрымлівае фінансава, — кажа Дзмітрый Крылоў. — Дзякуючы гэтаму мы сталі флагманам у краіне, самай буйной племянной гаспадаркай, якая не толькі вырошчвае коз, але і займаецца перапрацоўчай вытворчасцю. Банк развіцця выдзеліў нам ільготны крэдыт на будаўніцтва цэнтра, нас уключылі таксама ў праграму інавацыйнага развіцця.
Па словах Дзмітрыя Анатолевіча, у сельскай гаспадарцы дужа не разбагацееш, але сям'ю забяспечыць зможаш.
— Паглядзіце, колькі за апошнія гады фермеры купілі тэхнікі за кошт крэдытаў, узялі яе па лізінгу. А тыя падатковыя паслабленні, прэферэнцыі ў сельскай мясцовасці для вядзення бізнесу, якія дала дзяржава — усё гэта падштурхнула да развіцця. Так, сельская гаспадарка не вельмі прыбытковая справа, ды яшчэ і рызыкоўная. Тут шмат працы і марудны абарот капіталу. Таму і падтрымка з боку дзяржавы важкая. У прынцыпе, на вёсцы можна адкрываць справу — умовы тут спрыяльныя, — упэўнены фермер. — Адзіная праблема для нас — не вельмі добрыя дарогі. Але і тут спрабуем самастойна справіцца — зімой чысцім ад снегу, вясной падсыпаем.
«Кукуполіс» і кукурузны лабірынт
Гаспадары фермы заўсёды рады наведвальнікам, правядуць экскурсію, арганізуюць адпачынак. Да паслуг гасцей і турыстаў — забаўляльны парк «Кукуполіс» з кантактным заапаркам, дзе можна пакатацца на кані і нават падаіць казу. Асабліва любяць кантактаваць з гэтымі мілымі і разумнымі істотамі дзеці. Летам на хутар Лізавецінскі прыязджаюць цэлымі сем'ямі, кампаніямі, ладзяць карпаратывы, адзначаюць святы. Асабліва даспадобы беларусам і замежным гасцям квэст у кукурузным лабірынце, які сёлета пройдзе трэці раз. З кожным годам удзельнікаў становіцца ўсё больш.
Дарогу асіліць той, хто ідзе. Самая неаспрэчная ў наш час ісціна.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[2] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[5] http://zviazda.by/be/tags/chverc-stagoddzya
[6] https://zviazda.by/be/tags/chverc-stagoddzya