Лютаўскае «Полымя» адкрывае цудоўная лірычная падборка Алеся Бадака пад назвай «Мяне трава вучыла гаварыць». Адметна, што вобраз травы даволі часта сустракаецца ў пісьменнікаў розных эпох у гісторыі літаратуры (можна згадаць «Лісце травы» Уолта Уітмена, «Глядзіце на траву» Янкі Брыля, «У высокай траве» Стывена Кінга, «Траву бясконцасці» Віктара Шніпа). Трава — як антэна, што ловіць хвалі ў сусветным эфіры і перадае чалавеку, далучаючы яго да касмічных вібрацый. Шчаслівы той, хто можа іх адчуваць, як лірычны герой Алеся Бадака:
Мяне трава вучыла гаварыць,
Каб чуць маглі не людзі, а нябёсы,
І ў тайны ў сваім свеце шматгалосым
Магла яна ахвотна пасвяціць,
Прымусіўшы паверыць у дзівосы...
Назва паэтычнай падбокі Юліі Алейчанкі «Кранаць валасы каралевы...» адсылае ў даўні рамантычны свет рыцараў і прыўкрасных дам, роднасны, блізкі аўтарцы:
Чуеш ты нашых продкаў сны,
Чуеш бразгат варожай зброі.
І чакаеш сваёй вясны,
Каб зрабіцца былінным воем...
«Блізка, блізка да вясны», — сцвярджае Зміцер Арцюх вуснамі лірычнага героя, быццам адзін яе надыход здольны кагосьці зрабіць шчаслівым... Тым не менш, стомлены жыццёвымі выпрабаваннямі, лірычны герой ведае, што яму патрэбна для шчасця:
Я збег
Ад гэтага змагання з лёсам
На вёску,
Дзе зімуюць сны І дыхаюць жыццём
Нябёсы...
Ён, сузіральнік, — сапраўдны мудрэц, бо разумее: жыццё — мітусня, «суета сует», а для чалавека, каб пачувацца шчаслівым, істотна адчуванне сусветнай гармоніі і далучанасць да зямлі продкаў, а гэтага наўрад ці можна дасягнуць, штурхаючыся ў грамадскім транспарце ці стоячы ў чарзе ў шматлюднай краме...
Прозу прадстаўляюць аўтары Уладзімір Гніламёдаў (падаецца працяг яго рамана «Праўда жыве пасярэдзіне»), Навум Гальпяровіч з апавяданнямі і Любоў Філімонава з фантастычным расповедам пад назвай «Русал».
Герой Уладзіміра Гніламёдава, студэнт Валодзя, спасцігае навуку і мудрасць жыцця ў сценах педагагічнага інстытута на прыкладзе старажытнагрэчаскіх герояў на лекцыях умудроных кніжным досведам выкладчыкаў, якія, напрыклад, вучаць, што «жанчыны павінны быць пакорлівыя і ў гэтым бачыць сваё шчасце», а таксама на ўласным вопыце рэальных знаёмстваў, сустрэч і расчараванняў...
Навум Гальпяровіч пазначыў свае гісторыі як «нявыдуманыя» (у іх найбольш і выяўляецца ягоны адметны аўтарскі стыль) — тым яны найперш і цікавыя, бо мелі месца ў жыцці і працы аўтара як карэспандэнта радыё і сведчаць пра немагчымасць поўнага спасціжэння Боскай задумы чалавечага лёсу... Толькі прайшоўшы пакручастымі сцежкамі, чалавек мае шанс наблізіцца да разумення найвышэйшага сэнсу свайго існавання...
Падзеі ў апавяданні Любові Філімонавай, якое называецца «Русал», цалкам рэалістычныя, нічога звышнатуральнага ў іх няма. І нават тое, што падаецца аўтаркай як фантастычнае, можна прыняць за мроі, фантазіі, уяўленні галоўнага героя апавядання...
Рубрыка «Галасы свету» прадстаўляе старонкі творчасці польскамоўнага пісьменніка Ігнацы Яксы Быкоўскага (1750 — пасля 1823) у перакладзе Ганны Гладковай:
Сёння толькі тое мне цешыць душу,
Што халоднага попелу частка,
Калі ланцугі жыцця скінуць змагу,
З тваім попелам злучыцца разам.
Уражвае глыбіня пачуццяў і тое, як трапна яны «апранаюцца» ў словы.
Яна БУДОВІЧ
Асабістыя пытанні
Пішучы , творца звяртаецца не толькі да сваёй аўдыторыі, але і да самога сябе. Дзесьці бывае кат эгарычны, дзесьці — ласкавы, дзесьці абвінав ачв ае, а недзе даруе. Але заўсёды выказвае сябе ў пытаннях, над якімі чытач не думаў — да часу.
«Нёманскія» апавяданні Адама Глобуса (пераклад на рускую мову Наталлі Казапалянскай) — абсалютна розныя творы. «У школу ісці не хацелася…» — твор даволі рэалістычны і нават псіхалагічны, хоць і не багаты на глыбокія дыялогі і дэтальнае апісанне характараў нешматлікіх герояў, у тым ліку з-за аб’ёму невялічкага апавядання. Але персанажы настолькі пазнавальныя праз дыялогі, матывацыю, учынкі, што разуменне з’яўляецца амаль адразу. Дапамагае ў гэтым і акрэслены мастацкі час, хоць і няяўна, але зразумела: гэта яшчэ савецкі перыяд. Ды прывязка да часу тут не мае значэння, бо захаванае самае галоўнае — патрэбная прастора, натуральнасць канфлікту і яго развязкі, злабадзённасць. Сюжэт даволі просты: двое хлапчукоў-аднакласнікаў збягаюць з урокаў ад «школьных ваўкалакаў», каб схадзіць у кіно. Днём у гэтым узросце з партфелямі не пусцяць, таму яны пакідаюць іх недалёка ад чыгуначных пуцей, а вярнуўшыся, не знаходзяць: рабочы забраў іх і верне ў выпадку, калі тыя прынясуць па пяць рублёў. Вядома ж, хлопцы іх вяртаюць. А далей ёсць два шляхі: забыць ці адпомсціць. Галоўны герой абірае другі варыянт... Дарэчы, толькі дачытаўшы і праглядзеўшы твор нанова, прыкмячаеш ідэю рознасці характараў хлапчукоў, якая на самой справе праглядаецца амаль з першага сказа. А напрыканцы паўстае выбар: рабіць ці не? Гаварыць ці маўчаць? Адплаціць ці жыць з цяжарам альбо без? Ды ці добра гэта — помсціць за хоць і няяўную, але несправядлівасць? А калі помста зараджаецца ў раннім узросце? Заўважыў адно: пры чытанні варта звярнуць увагу на тое, як кожны з хлапцоў здабыў грошы.
Другі твор А. Глобуса «На канцэрце» пачынаецца з таго, як цяжка было ў свой час купіць білеты на канцэрт «Песняроў». Але герою гэта трэба не толькі з-за любові да музыкі калектыву, а з-за жадання запрасіць сваю дзяўчыну «ў які-небудзь тэатр ці на канцэрт». Згубіўшы падчас выступлення ансамбля залаты пярсцёнак каханай, герой шукае яго пад подыумам і раптам бачыць сваё жыццё, дзе гучаць яго песні і вершы, што ён калісьці напіша. Адну з іх выконвае пясняр Барткевіч... Як гэта разумець? Няхай вырашыць чытач.
Рэлігійныя матывы ў нізцы вершаў Юрыя Мацюшкі «Калі святлее неба» праходзяць ледзь не праз усе творы аўтара. Тут і пунсовыя росчыркі на небе, і анёлы, і маленні, і могілкі... Без надрыву. Гэта хутчэй пастаянныя для творцы вобразы, праз якія прасочваецца погляд аўтара на сучаснае жыццё: меркаванні пра ўласную творчасць, пра стасункі паміж людзьмі, дзесьці з надзеяй, але часцей — даволі змрочна. Вось так — важкасць пражытых гадоў чамусьці становіцца ледзь не лейтматывам творчасці многіх паэтаў.
У цэнтры паэзіі Уладзіміра Мазго (нізка вершаў «Душы і радасна, і балюча» ў перакладзе з беларускай мовы Анатоля Аўруціна) — любоў да радзімы, галоўным чынам да свайго роднага кутка. Перад чытачом паўстаюць Аненскі кірмаш, Шведская гара ў Ваўкавыску, Сынкавіцкая царква… Традыцыйны матыў пустой роднай хаты, бацькоўскага кутка не гучыць як трызна, а наадварот — як песня замілавання роднымі мясцінамі, куды заўсёды можна вярнуцца — са светлай душой і чыстым сэрцам.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Подых вясновай «Маладосці»
Паэзія лютаўскага нумара «Маладосці» шчырая і поўная надзей, надзеленая своеасаблівай атмасферай радасці. Яна як нельга лепш падыдзе, каб адчуць надыход вясны, такой маладой і светлай у нашых марах. У свеце паэзіі Алёны Палачанскай («Замілаванне») можна знайсці як адчуванне цішыні і спакою, так і болю і скрухі. Лірычная гераіня існуе ў творах як нешта няўлоўнае і празрыстае, але часам набывае форму шчырага і нязломнага «я», што крочыць па дарогах Сусвету, трываючы і змагаючыся. Вершы Таццяны Палхоўскай з падборкі «Мінаючы межы й бязмежнасці» напоўнены адчуваннем рэальнасці і рамантыкі адначасова: пяшчотай, надзеяй, адданасцю. Паэтэса нібы гуляецца з рытмам і рыфмай, адначасова гуляючыся з чытачом у тэмах і вобразах: ёй то надакучвае нуднае правільнае і яна губляе розум, то стварае да пасінелых пальцаў, жадаючы знайсці таго, хто пачуе яе, то шукае азначэнне свайму каханню, якое засталося ў выглядзе шматкроп’я.
Юлія Шэдзько з нізкай вершаў «Сонца ў сабе, у табе, у сэрцы» прапаноўвае павандраваць па свеце фантазій і сноў. Яна ўмела перадае тыя ці іншыя вобразы, што не пакідаюць і пасля прачытання, застаючыся ўспамінам у выглядзе таго, як, напрыклад, рыбінай б’ецца сэрца. Асаблівасць твораў Багданы Куталоўскай («Гараць успамінаў пяшчотных гронкі») — ідэйная выразнасць, якая ствараецца не простым называннем сваіх пачуццяў ці думак, а цікавымі і ўзаемазвязанымі вобразамі, кожны з якіх — складнік непаўторнага настрою верша. Светаадчуванне і прырода ў паэтэсы непарыўна звязаныя і ўтвараюць цэлыя эмацыянальныя ланцужкі: гаротны лёс, які прарасце раннім квеццем, старыя думкі, што павернуць птушыныя спевы, непрамоўленыя словы, якія глядзяць зорамі…
Проза таксама вылучаецца нейкай лёгкасцю, ненапружлівасцю, хоць, натуральна, больш прывязаная да рэальнасці. Апавяданне Кірыла Стаселькі «Шалмей» падобнае да легенды, якая згубілася ў прасторы і часе. Гэта гісторыя пра небяспечную і чараўнічую музыку шалмея, навука якога перадавалася з пакалення ў пакаленне, ды абарвалася на бацьку апавядальніка. Гетман, якому патрэбна перамагчы над другім сынам свайго бацькі, уладальнікам трох імёнаў, жонка, з якою раіўся галоўны герой, бо так было прынята, і сам Міхал, далёкі продак, які быў першым у родзе ў справе музыкі, — нешматлікія персанажы, якія перанясуць чытача ў свет ці то міфалогіі, ці то народнай творчасці, ці то аўтарскай задумы. Дакладней, усяго адразу.
Вольга Ропат у «Акне з рабінавай лямпай» мела на мэце падаць расповед, нібыта расказваючы знаёмаму (хоць постаці аўтара амаль няма ў тэксце, акрамя канструкцый-звяртанняў да чытача). Атрымалася крыху містычнае апавяданне, складзенае з дэталёвых апісанняў вобразаў дзвюх асоб, чые душы скралі. На чым заснаваны сюжэт існавання ракавой дамы, што забівае, і які ўвогуле сэнс гісторыі, здагадацца цяжка. Адгадка, магчыма, у падабенстве з магічным рэалізмам.
«Кветкі на асфальце» Вадзіма Крука — апавяданне, якое формай і зместам — з традыцыйнай беларускай літаратуры. Перш-наперш гэта прачытваецца ў лёгка ўяўляльнай атмасферы невыноснай цяжкай спёкі, парнасці летніх дзён, якія ўплываюць на светаадчуванне героя. Добрая «распісанасць» персанажаў і зместу ўсёй гісторыі ўвогуле, узаемасувязь унутранага і знешніх канфліктаў, якія прыводзяць да вечнага пытання ўсведамлення цяжару зробленых памылак і ганьбы, суіснуюць у апавяданні натуральна. Тэма сумлення, якая часцей за ўсё ўзнікае ў людзей больш сталых, чым у юнага галоўнага героя, прымусіць задумацца, што такое юнацтва і ці мае яно права нешта прабачаць. Бо твор даказвае: нават чалавека, які раней не надаваў вялікага значэння сваім учынкам, не задумваўся пра іх вартасць, гэтае пытанне можа застаць неспадзеўкі і атруціць жыццё.
У нумары — творы ўдзельнікаў конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя»: Надзея Скрыпнік з «Шасцю вандроўкамі і адным фантасмагарычным інтэрв’ю» і Аліна Агрэніч з «Добрымі птушачкамі». Першае апавяданне распавядае пра Уладзіслава Сыракомлю, які паўстае экскурсаводам па прасторы і часе з кубкам горкай кавы ў руках... Аліна Агрэніч жа абрала для твора постаць Францішка Багушэвіча. У цэнтры ўвагі аўтара — мноства адметных дробных гісторый, праз якія стварыўся вобраз жывога чалавека.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-budovich
[2] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[3] https://zviazda.by/be/tags/krytyka