Вялікую праграму, прысвечаную творчасці жанчын, прадставіць сёлета Беларускі саюз мастакоў. Разлічаны гэты культурны праект як мінімум на год.
Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў падкрэслівае: жанчыны ў творчасці — далёка не адны толькі коцікі, кветкі і матылькі, як многія лічаць. Работам сучасных мастачак уласцівыя незвычайныя тэмы, сучасная стылістыка, інтэлектуальнасць, новае мысленне і няспынныя пошукі.
Своеасаблівым мастацкім анонсам будучай жаночай праграмы стала прадстаўленая ў сталічным Доме прэсы выстаўка, у якую ўвайшлі 18 работ беларускіх мастачак Кацярыны Сумаравай, Ілоны Касабукі, Марты Шматавай і Улады Белавусавай-Кірэенкі. Усе карціны — розныя, напоўненыя кожная сваімі адметнымі эмоцыямі і фарбамі. Уласна, у гэтай жаночай разнастайнасці, настраёвасці і шматграннасці сэнс усяго праекта, які беларусы неўзабаве змогуць ацаніць. А ў найбліжэйшых планах Саюза мастакоў — адкрыццё 29 сакавіка справаздачнай выстаўкі секцыі жывапісу «Лабірынт», якая традыцыйна размесціцца на пляцоўцы Палаца мастацтваў.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/mastaki