Свой, адметны чытач у газеты «Звязда». Ён жа, хочацца верыць, глядач тэлеканала «Беларусь 3» і ў прыватнасці праграмы «Размаўляем па-беларуску». Гэтая тэлевіктарына ўжо каторы год у эфіры і магла б выходзіць далей — у звычным фармаце. Аднак стваральнікі вырашылі ўдасканаліць яго (над чым і працуюць)...
А пакуль усе, хто цікавіцца мовай, шануе яе і, магчыма, плануе ўдзел у віктарыне, могуць праверыць сваё веданне з дапамогай «Звязды». Такім чынам,
ці ведалі вы, што:
асэсар — важны, уплывовы чалавек;
асягнуць — ахапіць, акінуць, спасцігнуць;
выкрут — 1) незвычайны паварот; 2) прыём з хітрыкамі;
засціць — засланяць, затуляць сабой; ставіць на задні план;
злыгаць — злучыць, звязаць;
пышыцца — празмерна ганарыцца, задавацца;
спорыцца — ісці паспяхова, удавацца каму-небудзь;
цурбалак — кусок дрэва, абрубак;
шыба — кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму;
даць дыхту — насварыцца, расправіцца (беларускія сінонімы: лазні даць, на абаранкі ўскінуць (даць), на бабку збіць; рускі адпаведнік: задать баню);
настрашыў мех, дык і торба страшная — аб празмернай асцярожнасці (беларусы яшчэ скажуць: ратаваны з вады конь і лужыны баіцца; напужаная варона і вераб'я баіцца; біты сабака кія баіцца; рускія: пуганая ворона куста боится).
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/razmaulyaem-pa-belarusku-0