Вось ужо некалькі гадоў на Гродзеншчыне не ўдаецца дасягнуць планавых паказчыкаў па вытворчасці лёну. У КДК Гродзенскай вобласці разбіраліся, дзе дае збой тэхналагічны ланцужок. Аказалася, што ўвесь працэс — ад нарыхтоўкі да перапрацоўкі — мае пэўныя хібы.
Перад аграрыямі рэгіёна стаіць задача нарыхтаваць у год 8,7 тысячы тон ільновалакна. Але фактычна ў мінулым годзе ўдалося атрымаць толькі 3,2 тысячы тон. Менш за план у 2,5 раза.
Асноўная прычына — у фінансавым стане заводаў, які нельга назваць здавальняючым. Пры гэтым, адзначаюць у КДК, прадпрыемствам аказваецца дзяржпадтрымка. Напрыклад, за апошнія два гады было выдзелена з бюджэту амаль 11,5 млн рублёў на закупку абсталявання. Вось толькі не ўсюды яно выкарыстоўваецца эфектыўна. Так, на ААТ «Карэлічы-Лён» бельгійская лінія, якая абышлася ў 420 тысяч рублёў, загружана толькі на 20 %, пры гэтым тэхнічныя характарыстыкі прадукцыі значна ніжэйшыя, чым дазваляе абсталяванне. І такая сітуацыя не адзінкавая. На заводзе ў Дзятлаўскім раёне набыта лінія за 580 тысяч рублёў, а яе загрузка ў студзені — кастрычніку мінулага года склала толькі 11 %.
Нізкая вытворчасць не дазваляе справіцца з дзяржзаказам па валакне. Калі два гады таму пастаўкі набліжаліся да планавых, то ў 2018-м выканана толькі 67 % ад патрэбнага. Спецыялісты КДК высветлілі, што праблема пачынаецца ад парушэння тэхналогіі вырошчвання лёну.
Пад пасевы выдзяляюцца не самыя лепшыя землі, а таксама не вытрымліваюцца тэрміны сяўбы. Складана ідуць справы з падкормкай. Яе папросту не хапае. Спецыялісты КДК звярнулі ўвагу, што і пад сёлетні ўраджай частка земляў не адпавядае патрабаванням па гумусе.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodzenskaya-voblasc