Маштабны спартыўна-культурны фестываль «Brіght Fеstіvаl» адбудзецца 11 мая на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама», ён будзе складацца з некалькіх блокаў. Ініцыятарамі фэсту сталі фонд «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года», ТАА «Джэт Фэст» і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
З 15.00 на аб'екце стартуюць розныя зоны актыўнасці, наведвальнікі змогуць выпрабаваць сябе на дзясятках інтэрактыўных пляцовак федэрацый па відах спорту, а таксама сустрэцца з вядомымі беларускімі спартсменамі. На стадыёне будуць прадстаўлены песенныя і танцавальныя батлы, конкурсы, фота-зоны, майстар-класы, фудкорт.
«Фестываль збярэ поўны стадыён «Дынама», для нас гэта стане добрым тэстам, у першую чаргу перад цырымоніямі адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў, мерапрыемства дазволіць зразумець, да чаго рыхтавацца, — расказвае намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў. — Першае адказнае мерапрыемства на стадыёне прайшло летась, гэта футбольны матч мінскага «Дынама» і піцерскага «Зеніта», але там была адмысловая катэгорыя гледачоў — футбольныя балельшчыкі, тут жа гледачы будуць розныя».
Арганізацыяй фестывалю займаецца кампанія «Джэт Фэст», у паслужным спісе якой арганізацыя найстарэйшага фестывалю краіны «Космас наш!» і «Рок за Баброў». У фэсце «Brіght Fеstіvаl» прымуць удзел самыя вядомыя беларускія выканаўцы, такія як J-Морс і «Ляпіс-98», а таксама папулярныя выканаўцы з суседніх краін, у ліку якіх Святлана Лабада і гурт «Каста», а хэдлайнер мерапрыемства пакуль трымаецца ў таямніцы.
«Для нас велізарны гонар быць часткай яркай каманды, — адзначае сузаснавальнік і дырэктар кампаніі «Джэт Фэст» Аляксандр Косач. — Нам хацелася б зрабіць гэты фестываль максімальна даступным для ўсіх слаёў насельніцтва, магчымасці стадыёна «Дынама» і ідэя дазваляюць. На свяце будуць задзейнічаны не толькі трыбуны стадыёна, але само ядро, на якое пакладуць спецыяльнае пакрыццё».
Білеты на фэст ужо паступілі ў продаж, за першыя тры дні іх было прададзена каля трох тысяч. Цяпер іх кошт складае 25 рублёў, невялікае павышэнне цэн запланавана пасля 20 сакавіка.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019