У Дзень Канстытуцыі Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў пашпарты 25 вучням сярэдніх школ і гімназій. Упершыню гэта падзея адбылася ў Палацы Незалежнасці.
"Гэтае свята, якое мы адзначаем ужо не першы год, асаблівае. І вы ведаеце, чаму. Таму што сёння мы адзначаем 25-годдзе Асноўнага Закона нашай краіны і з гэтай нагоды лепшым з лепшых уручаем пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь. Вы становіцеся законнымі, самымі паўнапраўнымі, самымі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны", — падкрэсліў беларускі лідар.
Пашпарты сёння ўручаюцца тым, хто ў свае 14 гадоў ужо дабіўся вялікіх поспехаў у вучобе, спорце, грамадскім жыцці, стаў гонарам бацькоў, а значыць — гонарам нашай краіны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І сімвалічна, па меркаванні Прэзідэнта, што ў той год, калі яны з'явіліся на свет, маладой беларускай дзяржаве таксама споўнілася роўна 14 гадоў.
"Бачыць сёння вас, такіх мэтанакіраваных, паспяховых, таленавітых — дастойных дзяцей нашай суверэннай Беларусі — шчасце, не толькі для вашых бацькоў — для ўсяго нашага беларускага народа і, перш за ўсё, для мяне. Для ўсіх, хто стаяў ля вытокаў стварэння незалежнай краіны, вы — самая вялікая каштоўнасць", — адзначыў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў кожным з прысутных увасабляецца шматвекавая мара нашых продкаў — быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Для ўдзельнікаў цырымоніі гэтая мара стала рэальнасцю, паколькі сёння яны вывучаюць гісторыю краіны і, напэўна, разумеюць, якое гэта шчасце — нарадзіцца і жыць у моцнай і незалежнай дзяржаве.
"Безумоўна, вы і вашы равеснікі — пакаленне новай фармацыі. І па сваім светапоглядзе вы грамадзяне свету", — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што лічбавая рэальнасць, якая стала часткай паўсядзённага жыцця падлеткаў, даўно сцёрла геаграфічныя межы і бар'еры ў зносінах, такія як адлегласць, культурныя і моўныя адрозненні. Але яны заўсёды павінны памятаць — іх Радзіма, іх дом — Беларусь. На яго думку, сувязь з роднай зямлёй, сваімі каранямі — гэта тое, што будзе заўсёды карміць іх жыватворнай энергіяй, даваць сілы на выкананне самых запаветных жаданняў.
"Сёння асаблівы дзень. Атрымліваючы пашпарт, вы робіце першыя крокі ў дарослае жыццё. Гэты дакумент сімвалізуе пачатак новага этапу абсалютна самастойнага жыцця, насычанага цікавымі і значнымі падзеямі. У тым ліку і палітычнымі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Пройдзе зусім няшмат часу, і вы ўжо будзеце прымаць важныя рашэнні ў гісторыі Беларусі, стаяць на варце дзяржаўных інтарэсаў. Будзеце ствараць будучыню краіны, думаць пра яе дабрабыт, аб тым, што пакінеце сваім дзецям. А значыць, зробіце ўсё магчымае, каб захаваць нашы духоўныя каштоўнасці, культурны здабытак і, самае галоўнае, мір на сваёй зямлі".
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што так і будзе, што наша родная Беларусь заўсёды будзе ў надзейных руках.
"І хай пашпарт і кніга з сімвалічнай назвай "Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь", якія сёння будуць вам урачыста ўручаны, стануць апорай і парадай у вашым доўгім, шчаслівым і напоўненым вялікімі справамі жыццёвым шляху", — дадаў Прэзідэнт.
Пасля адбылася цырымонія ўрачыстага ўручэння пашпартоў грамадзяніна Беларусі.
Потым школьнікам правялі экскурсію па Палацу Незалежнасці.
Як распавяла журналістам вучаніца гімназіі з гарадскога пасёлка Глуск Дар'я Камінская, уражанні ад сустрэчы з Прэзідэнтам і атрымання пашпарта ў яе вельмі добрыя. "Нават словамі немагчыма апісаць. Прэзідэнт — ён такі ж, у прынцыпе, як і мы. Ён такi добры ў зносінах, вельмі прыемна было размаўляць з ім, нават пару слоў віншаванняў. Уражанні вельмі моцныя", — падзялілася яна.
Школьніца дадала, што асабліва хвалявалася ў дзень, калі даведалася пра будучую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Потым стала спакайней, але асаблівае трапятанне ў яе выклікаў момант перад самым уручэннем. "Далонькі пацеюць", — з усмешкай патлумачыла Дар'я Камінская.
Яна станоўча ацаніла і экскурсію па Палацу Незалежнасці, асабліва адзначыла асабісты кабінет кіраўніка дзяржавы. На яе думку, сам Палац выдатна падыходзіць для мерапрыемстваў любога маштабу.
Вучань Глушанскага вучэбна-педагагічнага комплекса (Бабруйскі раён) Максім Пархімчык трапіў на гэтую цырымонію, таму што ён выдатна вучыцца і часта ўдзельнічае ў алімпіядах па фізіцы і матэматыцы.
Эмоцыі ад атрымання пашпарта ў хлопца выдатныя. "Толькі фатаграфія ў пашпарце, шчыра кажучы, не вельмі атрымалася, — са смехам сказаў школьнік. — Але я вельмі рады, што Прэзідэнт асабіста ўручыў мне гэты дакумент. Вядома, я гэтага не чакаў. Калі я даведаўся, што кіраўнік дзяржавы будзе ўручаць мне пашпарт, я быў у шоку".
Вучаніца сярэдняя школы №7 г. Барысава Ганна Кісялёва адзначыла, што адчувае гонар, радасць і шчасце ад таго, што трапіла ў Палац Незалежнасці і атрымала пашпарт ад Аляксандра Лукашэнкі. "Так пашанцавала, што менавіта нам — 25 з тысяч дзяцей, якія атрымліваюць пашпарт, — выпала ўдача атрымаць пашпарт з рук кіраўніка дзяржавы. Мы запомнім гэтую падзею на ўсё жыццё", — сказала яна.
Школьніца таксама асабліва адзначыла кабінет Прэзідэнта — па яе словах, у ім адчуваецца ўлада і палітыка.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/pershyya-pashparty
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka