З трэцяй суботы сакавіка (сёлета яна прыпадае на 16-е чысло) адкрываецца паляванне на самцоў вальдшнэпа, якое будзе доўжыцца па другую нядзелю мая (12-е чысло).
Паляваць можна ў перыяд з 18 да 22 гадзін ружэйным спосабам з засады (на цязе). Дазволена выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю і патроны са шротам. Для вышуку і падачы здабытай дзічыны дапускаецца мець паляўнічых сабак — тэр'ераў, такс, лягавых, спаніэляў, рэтрывераў, водных сабак.
З 20 сакавіка па 10 мая ў перыяд з 3 да 9 гадзін дазволена здабываць самцоў глушца і цецерука. Спосаб палявання — ружэйны на таках, з падыходу і з засады. Можна выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 400 джоулей, гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі са шротам, паляўнічыя лукі і арбалеты пэўных параметраў. Пералік патронаў, якія забяспечваюць дульную энергію, і параметры лукаў і арбалетаў пазначаны ў Дадатку 2 да Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/palyavanne
[2] https://zviazda.by/be/tags/ptushki