Тэлеканал вядзе вяшчанне на тэрыторыю нашай краіны з лютага гэтага года.
Адкрываючы мерапрыемства, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізіма адзначыў: «Я вельмі рады, што ў беларусаў з'явілася магчымасць глядзець тое, што аб'ектыўна адбываецца ва Украіне».
Для вяшчання ў Беларусі быў абраны UA TV — адзін з дзвюх дзяржаўных ўкраінскіх тэлеканалаў. Гэта інфармацыйна-пазнавальны канал з невялікім блокам навін.
Па словах дыпламата, ва Украіне зараз цяжкі час, але пры гэтым развіваецца прамысловасць, будаўніцтва, ёсць пазітыўныя моманты ў гандлі. «Мы хацелі паказаць, што ў нас ёсць нармальнае жыццё: праводзяцца рэформы, развіваецца вытворчасць, квітнее культура. У нас добрыя адносіны з многімі краінамі, у тым ліку з Беларуссю. Вельмі важна ўзаемнае пранікненне тэлебачання для таго, каб народы Украіны і Беларусі лепш пазналі адзін аднаго і валодалі інфармацыяй з першакрыніцы». Пасол праінфармаваў, што ва Украіне тэлеканал «Беларусь 24» мае вялікую тэрыторыю пакрыцця.
Дзяржаўны сакратар Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны Арцём Бідэнка адзначыў, што з самага пачатку ўдзельнічаў у перамовах па вяшчанню ўкраінскага тэлеканала ў Беларусі. Ён падзякаваў пасла Ігара Кізіма, міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Карлюкевіча і яго намеснікаў, намаганнямі якіх чатырохгадовыя перамовы паспяхова завяршыліся. Паводле яго слоў, дзяржаўны канал арыентаваны на міжнародную аўдыторыю.
Начальнік упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Беларусі Уладзімір Рабаволаў павіншаваў прысутных з «уваходжаннем украінскага тэлеканала ў тэлепрасторы Беларусі». «Мы зацікаўлены ў тым, каб нашы грамадзяне атрымлівалі інфармацыю пра культуру і нацыянальныя каштоўнасці Украіны», - сказаў ён.
Дырэктар тэлеканала UA TV Людміла Бярозаўская праінфармавала, што канал гаворыць на мовах тых краін, дзе транслюецца: на рускай, англійскай, украінскай, арабскай і крымска-татарскім. Яна не выключае, што ў перспектыве UA TV загаворыць і па-беларуску. Кіраўнік тэлеканала падзякавала Мінінфарму Беларусі і кіраўніку ўкраінскай дыпмісіі за тое, што «ўвесь час давалі адчуванне, што мы тут патрэбныя і нас чакаюць».
Пакуль 20 кабельных аператараў заключылі дагаворы аб трансляцыі UA TV. Тэлеканал папулярны ў памежных абласцях — Гомельскай і Брэсцкай. Вядуцца перамовы з кампаніямі Velcom і «Белтэлекам» пра ўключэнне ў сетку вяшчання ўкраінскага тэлеканала. Для таго, каб замежны канал быў уключаны ў сацыяльны пакет, неабходна, каб у яго 30% кантэнту было беларускай вытворчасці.
На прэзентацыі казалі пра тое, што ўслед за UA TV яшчэ некалькі ўкраінскіх тэлеканалаў выказваюць зацікаўленасць у сваёй прысутнасці ў Беларусі. У прыватнасці, па словах дырэктара кампаніі «Навігатар ТБ» Вадзіма Ціхановіча, на днях падалі заяўкі на вяшчанне ў Беларусі тэлеканалы «1+1 International» і «Квартал». У нашай краіне ўжо разглядаюць заяўкі ўкраінскіх каналаў Star Cinema і Star Family. Вядома, што «Інтер+» таксама плануе падаваць заяўку на вяшчанне ў Беларусі.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота прадстаўлена Пасольствам Украіны ў Беларусі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/telebachanne