Мала хто ведае, што для галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра Беларусі адна з галоўных пастановак яго жыцця адбываецца па-за межамі тэатра, хоць і ў мінскіх дэкарацыях. Завуць яе Аляксандра.
Аляксандра Панджавідзэ, у адрозненне ад вядомага таты, якому 5 сакавіка споўнілася 50 гадоў, нарадзілася ў Мінску. Пяцігадовая дзяўчынка ўжо гаворыць па-беларуску. І, безумоўна, займае важнае месца ў жыцці, а таксама й творчасці Міхаіла Аляксандравіча. Прынамсі, у невялічкім нават тэлесюжэце, які мае калегі са Сталічнага тэлебачання зрабілі з творчай сустрэчы галоўрэжа з гледачамі й прадстаўнікамі СМІ, ён згадаў і дачку Аляксандру. Журналісты казалі пра 14 пастановак опер, што здзейсніў ён з 2010 года ў Вялікім тэатры Беларусі, пра ўзнагароды, прызнанне публікі, прафесіяналаў… А для юбіляра Мінск, як бачым, стаў родным яшчэ й тым, што тут яго Сашка нарадзілася.
Прыцягненне зямлі — гэта, вядома ж, не толькі пра законы фізікі. Часцінку душы ўсе мы пакідаем там, дзе падоўгу жывем. І гэтаксама ж бяром адтуль у дарогу з сабою тое, чым узбагаціліся. Скажам, самога Міхаіла Панджавідзэ мае калегі часам называюць між сабой “дзіцём розных народаў”, бо ён — расійскі рэжысёр, з грузінскім прозвішчам і родавымі каранямі, жыў доўга ў Ашхабадзе: там працавалі бацькі-музыканты. Бабуля ж, ведаю, жыла ў Крыме, і чытала малому Мішку казкі на ўкраінскай мове — то ён яе й цяпер ведае. А Сашкіна мама, салістка оперы Екацярына Галаўлёва, родавыя карані мае ў Піцеры, нарадзілася, вучылася ў Маскве. Менавіта ў Мінску, як сама лічыць, пашанцавала ёй выканаць знакавую ў кар’еры партыю Саламеі ў аднайменнай оперы Рыхарда Штрауса. Дарэчы, якраз яна, пастаўленая Міхаілам Панджавідзэ, ішла ў Вялікім у дзень яго нараджэння. “Саламею” гэты рэжысёр вялікіх маштабаў лічыць самым сур’ёзным, складаным сваім спектаклем сярод пастаўленых ім амаль за 10 гадоў у Беларусі. А Екацярына Галаўлёва ў сакавіцкім нумары часопіса “Партер” прызнаецца наконт партыі Саламеі: “Годзе ў 2009‑м такой задачы й мары ў мяне ўвогуле не было, ды я й не ведаю, ці асмелілася б узяцца за такую працу. Тое, што яна атрымалася, гэта, вядома, вялікае шчасце для мяне”.
Калі мы рыхтавалі вялікае інтэрв’ю з Міхаілам Панджавідзэ для часопіса “Беларусь. Belarus” (гл.: “Свой сярод сваіх” — № 1, 2019; ёсць у інтэрнэце), ён сказаў: сваёй Кацяй, яе працай у “Саламеі” ганарыцца. Што ўсё вакальна было выдатна зроблена, і нягледзячы на шматлікія штодзённыя рэпетыцыі не сапсаваўся ў яе голас, і гук застаецца свежым.
З усім тым, казаў Панджавідзэ, яму проста пашанцавала. Цяжэй было з акцёрствам: Екацярыне трэба іграць юную Саламею. Выбудоўваючы логіку яе ўчынкаў, рэжысёр параіў жонцы: “Глядзі, назірай за нашай Сашкай! Я з яе ўсё спісваю. Гэта ж такая дзіцячая непасрэднасць!”
Вось якая мінская фея ёсць у Міхаіла Панджавідзэ, а таксама Екацярыны Галаўлёвай — яны разам больш за 20 гадоў. Ва ўжо згаданым інтэрв’ю Міхаіл Аляксандравіч шмат цёплых слоў гаворыць пра Сашку. Мы даведаліся, што ягоны беларускі слоўнікавы запас папаўняецца ў тым ліку й дзякуючы малой. Меркавалі, тата з дачкою разам вывучаюць мову. Аднак, як аказалася, дзяўчынка яе асвойвае самастойна, у дзіцячым садзе, размаўляючы з дзеткамі. Яшчэ няня Люда ў яе была да трох гадоў, якая размаўляе на трасянцы — змешанай руска-беларускай мове. Сашка й пачала выкарыстоўваць розныя словы. “У яе лексіконе ёсць кіпцікі, тэпцікі… — згадваў Міхаіл Аляксандравіч. — Калі ад Люды малая прыязджала, то розныя словы з задавальненнем прамаўляла. Неяк бабуля яе з Масквы ў нас гасцявала, пачула, што Сашка лапоча, пытае: а чё такое киптики? Дачка ёй патлумачыла, хоць у свае два з паловай не вельмі добра гаварыла… Пацешна было чуць: кіпцікі — гэта ногти, а тэпцікі — тапки… Дзіця ж не разумее, па-беларуску гэта ці па-руску, калі ўжывае словы. Але ўжо адчувае, што такое дзве мовы. КамЕнная Горка — таксама ёсць у яе лексіконе (новы мікрараён Мінска ўзяў назву прыгараднай вёскі. — Аўт.). І націскі ў словах робіць, як тое ўласціва беларусам. То я й не выпраўляю, хай гаворыць: усяму свой час. А калі едзем у гарадскім транспарце, Сашка, здараецца, гаворыць так, як і аб’яўляюць прыпынкі: “Наступны прыпынак — вуліца Камуністычная”.
Мы яшчэ пацікавіліся, ці чытае Сашка беларускамоўныя вершы — і тата слова ў слова паўтарыў адзін з іх: “Сонечны зайчык бяжыць па сцяне/ Ён уцякае, відаць, ад мяне./ Сонейка зноўку за хмарку зайшло —/ Зайчыка быццам як і не было”. Міхаіл Панджавідзэ згадаў, што іх старэйшы сын, калі прыехалі ў Мінск, вучыўся ў школе, і ў хуткім часе пачаў добра чытаць па-беларуску: “Без праблем, адразу. Каця яшчэ разбірала спачатку, як тыя літары чытаць. А ён — разгортвае кніжку й чытае, лёгка перакладае, хоць і хадзіў у звычайную дзесяцігодку. Яшчэ і ў музычнай вучыўся — там таксама ж беларуская мова была. Наогул, я лічу: каб хацелася некаму вывучаць беларускую мову, не варта прымушаць вывучаць яе сілай. Хто мяне прымушаў? Але я вывучыў! Можа не надта добра, але ж ведаю. Паглядзім: калі застанемся жыць у Беларусі — значыць, буду вучыць лепш”.
Першай у Мінску Міхаіл Панджавідзэ паставіў у 2010‑м оперу “Набука” Джузэпэ Вердзі, і ў той жа год — “Тоску” Джакома Пучыні. Знакавым праектам у ягонай творчай біяграфіі (адзначаным і медалём Францыска Скарыны) стала й пастаноўка нацыянальнай оперы “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага. Дарэчы, лібрэта яе напісаў Уладзімір Караткевіч, аднайменную аповесць якога Панджавідзэ чытаў без перакладу: “Мяне ўразіла аповесць “Сівая легенда”. Ёсць вялікая розніца, дарэчы, паміж аповесцю й лібрэта для нашай оперы. Прычым адразу ж я чытаў аповесць у арыгінале, толькі на беларускай мове. Прынцыпова! Эксперыментаваў: ці змагу зразумець інтуітыўна беларускую мову. Пасля чытаў ужо ў рускім перакладзе. І пераканаўся, што ўсё адразу добра зразумеў. На мой погляд, творы Караткевіча трэба чытаць і паміж радкоў, бо шмат розных падтэкстаў ён у іх закладваў”.
Скажам, рэжысёр у лібрэта, зробленым класікам, расчытаў прароцтвы пра вялікую бяду для Бацькаўшчыны, якую нясе раскол у грамадстве: “Браты, або пабрацімы ў “Сівой легендзе” Раман і Кізгайла становяцца ворагамі — у тым увесь канфлікт оперы. Ёсць момант у ёй, калі Кізгайла крычыць: “Будуць свары паміж намі, вайна, пажары, раны…” І што смерць ды кроў паміж імі ўстануць. Ён, а значыць і Караткевіч, прадчувае, што будзе, калі разломліваць эліту, народ”.
На жаль, беларускае грамадства й цяпер знаходзіцца пад вялікім уплывам розных светапоглядных ідэй як з Усходу, так і Захаду. Аднак, як не раз пераконваліся беларусы, лепш за ўсё спадзявацца ў жыцці на свае ўласныя сілы, адстойваць нацыянальныя інтарэсы. “Вам асабіста камфортна жыць у Беларусі?” — задалі мы галоўрэжу пытанне ў канцы інтэрв’ю. “Цалкам, — адказаў Міхаіл Панджавідзэ. — Хоць ва ўсім свеце цяпер вельмі неспакойна. Мне неяк нават задалі такое правакацыйнае пытанне: а вось калі паміж Расіяй і Беларуссю канфлікт будзе, ты за каго пойдзеш ваяваць? Я адказаў: гэта добрае пытанне, таму што, дзякуй Богу, такога не можа быць! Але калі што, не дай Бог, то я вазьму аўтамат, выйду на лінію фронту і не буду падпускаць ні тых, ні другіх — адзін да аднаго”. Наш суразмоўца гатовы здзейсніць такі міратворчы самаахвярны акт, каб расіяне й беларусы не сышліся ў прамым супрацьстаянні…
А пакуль жа ў галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра зусім іншыя, мірныя клопаты. Прычым, як можна меркаваць па юбілейным інтэрв’ю Міхаіла Панджавідзэ ў часопісе “Партер”, праца з беларускім оперным матэрыялам яго па-ранейшаму прываблівае. І найцікавую прапанову ён агучвае наконт дзіцячых пастановак: “Было б цудоўна, калі б нехта з сучасных беларускіх кампазітараў напісаў прыгожую оперу па матывах беларускіх народных казак — не для таго, каб самавыявіцца, а каб гледачоў парадаваць, каб дзеці прывучваліся да такога ды ведалі сваю культуру. Гэта ж так важна!”
Цалкам з вамі згодны, Міхаіл Аляксандравіч! І магу нават выказаць меркаванне: гэта вашая маленькая беларуская фея Аляксандра такія сюжэты вам начамі нашэптвае. Бо, пэўна, жадае вам далейшай плённай працы менавіта на карысць беларускай культуры. То давайце бараніць, а таксама й пашыраць яе ў свеце разам — без аўтаматаў, мірнымі сродкамі. Як і належыць сваім, родным па духу людзям.
Дарэчы. Калегі з Вялікага тэатра Беларусі паведамілі нам: 10 сакавіка споўнілася 80 гадоў з часу адкрыцця будынка тэатра. Якраз 10 сакавіка 1939 года гледачы ішлі да Троіцкай гары, і ў той дзень Вялікі тэатр Беларусі расчыніў свае дзверы: у яго з’явіўся новы ўласны будынак! На сцэне тады давалі прэм’еру — оперу Яўгена Цікоцкага “Міхась Падгорны”. Да юбілею калегі прапанавалі гледачам адпраўляць фотаздымкі з выявай любімага тэатра і хэштэгам #Дому_80 #БТБ_80 #Вялікаму_80 у любую сацсетку. Самыя цікавыя здымкі абяцаюць размясціць на афіцыйным сайце тэатра і ў яго сацсетках. А трое пераможцаў фотаконкурсу атрымаюць білеты на бліжэйшыя спектаклі ў Вялікі тэатр.
Іван Ждановіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy