У сувязі з набліжэннем сезоннай актывізацыі незаконнага збору і продажу на рынках "чырванакніжнай" расліны чарамшы, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае аб забароне на самавольнае адабранне і знішчэнне названай дзікай расліны і заклікае грамадзян не стымуляваць пакупкамі яго незаконны збор.
Самавольнае адабранне і знішчэнне чарамшы цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь. Мінпрыроды звяртаецца да грамадзян з просьбай інфармаваць аб фактах выяўлення незаконнага збору чарамшы абласныя, раённыя і гарадскія інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Разам з тым спецыялісты міністэрства заклікаюць вырошчваць гэтую расліну самім. "Найлепшы спосаб дапамагчы прыродзе — заводзіць чарамшу самім на прысядзібных участках. Яна добра размнажаецца насеннем і расадай, непатрабавальная", — раяць у Мінпрыроды.
Тэрытарыяльныя органы міністэрства будуць арганізоўваць сумесныя рэйды з работнікамі органаў унутраных спраў, СМІ па месцах масавага продажу чарамшы і першацветаў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/charamsha
[2] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pryrodnyh-resursau-i-ahovy-navakolnaga-asyaroddzya