Пракуратура Віцебскай вобласці вывучыла і накіравала ў суд Першамайскага раёну Віцебску крымінальную справу па абвінавачванні 26-гадовай жыхаркі абласнога цэнтра ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, яе мадыфікацыі і камп'ютарным сабатажы, паведамляецца на сайце пракуратуры [1].
Па паведамленні абласнога УСК, абвінавачаная зайшла 2 лістапада 2017 года на старонку ўліковага запісу ва «Укантакце» сваёй мінулай працы. Для гэтага яна ўвяла заведама вядомыя ёй лагін і пароль і не менш як чатыры разы ажыццявіла несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі.
Пасля гэтага фігурантка, дзейнічаючы з помсты да дырэктара камерцыйнага прадпрыемства, размясціла для агульнадаступнага агляду на старонцы ўліковага запісу не менш за шэсць відэаролікаў непрыстойнага зместу, не звязаных з працай ТАА і падрываючых яго імідж і дзелавую рэпутацыю. Змяніла налады прыватнасці ўліковага запісу, што прывяло да немагчымасці для патэнцыйных кліентаў аглядаць прапанаваную арганізацыяй прадукцыю, а для прадпрыемства - атрымліваць ад кліентаў паведамленні.
Яна ж ад імя законнага карыстальніка ТАА выдаліла з яго старонкі не менш за 20 фотаальбомаў, якія ўтрымоўвалі больш за 3000 фотавыяў прапанаванай прадукцыі з яе характарыстыкамі, больш за 200 карыстальнікаў з раздзелу «Сябры», тэксты электроннай перапіскі з кліентамі, чым знішчыла камп'ютарную інфармацыю камерцыйнай арганізацыі.
Спасылкі
[1] http://www.prokuratura.gov.by/ru/info/novosti/nadzor-za-resheniyami-po-ugolovnym-i-grazhdanskim-delam/zhenskaya-mest-prokuratura-vitebskoy-oblasti-napravila-v-sud-ugolovnoe-delo-o-prestupleniyakh-protiv/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/pomsta