У Індыі ўрачам атрымалася дастаць кулю, якая захрасла ў дыхальных шляхах пацыента. Пра гэта паведамляе lenta.ru [1] са спасылкай на выданне Daily Mail.
Пацярпелага з некалькімі кулявымі раненнямі даставілі ў бальніцу горада Гургаон, штат Хар'яна. 45-гадовы пацыент быў без прытомнасці. Лекары аглядалі яго і знайшлі тры кулявыя раненні: у жываце, на локці і на падбародку. У першых двух выпадках медыкам удалося знайсці і дастаць кулю, аднак у ране на падбародку снарада не аказалася.
Лекары зрабілі індыйцу рэнтгенаўскі здымак і выявілі, што куля затрымалася ў яго трахеабранхіяльным дрэве. Яе вынялі ў два этапы: спачатку з дапамогай шчыпцоў дасталі абалонку, а затым вынялі стрыжань, выкарыстоўваючы інструмент для выдалення жоўцевых камянёў.
Мужчына выжыў, урачам таксама атрымалася выратаваць яго ад інваліднасці.
Хірург выказаў здагадку, што куля першапачаткова трапіла яму ў левую шчаку і «запаволілася». Затым пацыент страціў прытомнасць і ў гэтым стане ўдыхнуў яе.
Спасылкі
[1] https://lenta.ru/news/2019/03/19/bullet/
[2] https://zviazda.by/be/tags/indyya