Можна ўбачыць у вострасюжэтным баевіку «Чорны сабака», які створаны на «Беларусьфільме» па замове Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Глеб Шпрыгаў, прадзюсар, неаднойчы бываў у кабінеце старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Гэтага прыемнага і нешматслоўнага чалавека Мікалай Іванавіч, дружалюбны да любога госця, выдзяляў асабліва. Маўляў, ведае толк у кіно. І нядзіўна, бо Глеб Шпрыгаў — гэта досвед, памножаны на майстэрства. Гледачу вядомыя фільмы «Снайпер», «Маёр Ветраў», «Нерэальнае каханне», якія ён прадзюсіраваў. Кіраўніка пісьменніцкай арганізацыі і Глеба Шпрыгава звязвае творчасць, у аснове якой — вострасюжэтныя кнігі вядомага майстра дэтэктыва.
Час ад часу Мікалай Іванавіч згадваў новую задумку прадзюсара. Менавіта Шпрыгаву належала ідэя надаць экраннае жыццё раману пад інтрыгоўнай назвай «Чорны сабака». Рэжысёрам-пастаноўшчыкам фільма выступіў Аляксандр Франскевіч-Лае, які вядомы кінааматарам па фільмах «Маёр Ветраў», «У чэрвені 1941», «Тонкі лёд» і інш.
Як вядома, здымкі кіно — справа няспешная. Вось і «Чорны сабака» «адазваўся» і… заціх. Але здымкі ішлі: няпростая сюжэтная лінія вылілася ў чатыры серыі. Дарэчы, «Чорны сабака» — гэта назва спецаперацыі, вартай вострасюжэтнага баевіка.
...Дзеянні пачынаюцца на Блізкім Усходзе. Сюжэт захоплівае інтрыгай, карцінамі змаганняў. Ведаючы пра беларускае паходжанне фільма, міжволі ўзнікае думка пра месцы яго здымак — настолькі натуральна выглядаюць сірыйскія горныя пейзажы, пераканаўчая ігра акцёраў у нязвыклых для іх абставінах чужой краіны. Гэта ў кадры. За кадрам, як высветлілася, — кар’ер у Мікашэвічах, куды амаль на працягу двух гадоў пралягаў шлях здымачнай групы.
Гранітны кар’ер у Мікашэвічах, адзін з самых буйных у Еўропе, — унікальная прыродная мясціна Беларусі. Кар’ер нагадвае кратар незямнога паходжання. Магчыма, сюды вернецца яшчэ не адзін рэжысёр, каб скарыстаць унікальныя магчымасці рэльефу. Але тое, што ў вострасюжэтным баевіку кар’ер ужо сыграў сваю ролю, — гэта дакладна. Мікашэвіцкія краявіды цалкам можна прыняць за відарысы Блізкага Усходу.
Мікалай Чаргінец так бачыць пераемнасць у сваіх фільмах: Бэн Ладэн адышоў у нябыт гісторыі. На змену сусветнаму тэрарысту прыйшоў яго сын Грэг Брынэр — з сучаснымі і яшчэ больш амбіцыйнымі планамі.
На экране мы бачым: маёр спецназа Рубцоў развітваецца з жонкай у Мінску, пераконваючы яе ў тым, што заданне, якое мае, — справа двух тыдняў. Рубцову і самому хацелася б у гэта верыць…
Маёр прызначаны кіраўніком спецгрупы, якой дадзена заданне захапіць Брынэра і знішчыць тэрарыстаў. У выніку паспяховай аперацыі тэрарыст затрыманы, але з-за здрады «саюзніка» гінуць байцы групы Рубцова. Сам маёр цудам выжыў, праўда, страціў памяць… Але ён будзе помсціць за гібель сяброў, ратаваць сваю сям’ю, змагацца з міжнародным тэрарызмам…
Нядаўна Глеб Шпрыгаў завітаў у Саюз пісьменнікаў Беларусі з тым, каб запрасіць аўтара сцэнарыя на прагляд кінастужкі. І вось на пачатку сакавіка ў сталічным кінатэатры «Піянер» адбыўся перадпрэм’ерны паказ фільма «Чорны сабака».
Сабралася шмат гледачоў, у тым ліку калег-пісьменнікаў. Фільм сапраўды ўражвае. Лёс маёра спецназа Рубцова — гэта адлюстраванне сучаснага свету, поўнага супярэчнасцяў, напоўненага вернасцю і здрадай. Кіношны герой дапамагае ліквідаваць верхаводаў міжнароднай злачыннай групоўкі, якая імкнулася паставіць свет на мяжу маштабнай гуманітарнай катастрофы. А ці не тоіць сучасны свет такія пагрозы ў рэчаіснасці? Пра гэта кажа Мікалай Чаргінец і ўсе, хто мае дачыненне да кінааперацыі «Чорны сабака».
Галоўную ролю маёра Рубцова выконвае Уладзімір Епіфанцаў, які зняўся ў фільмах «Вікінг», «Спарта», «Эластыка», «Нязломны»... Адну з галоўных роляў сыграла зорка серыяла «Мажор» Карына Разумоўская. Шэраг значных роляў выканалі беларускія артысты Ігар Сігаў, Павел Харланчук, Аляксандр Аверкаў, Уладзімір Молчан, Анатоль Кот, Андрэй Карака. Прынамсі, увесь акцёрскі склад кінастужкі выклікае вялікую павагу. Відавочна, праца была вельмі цяжкая, але вынік бліскучы. Глядач знаходзіцца ў пастаянным псіхалагічным напружанні, уражваюць каскадзёрскія трукі, пазнаюцца краявіды Мінска і яго ваколіц.
Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская, якая пабывала на перадпрэм’ерным праглядзе, пераканана, што кіно такога кшталту варта падтрымліваць.
Расійскі глядач пачаў знаёмства з фільмам 3 сакавіка на канале НТВ-Расія. Застаецца чакаць, калі фільм выйдзе на экраны ў Беларусі.
Алена СТЭЛЬМАХ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-stelmah
[2] https://zviazda.by/be/tags/kino