Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі напярэдадні Міжнароднага дня тэатра робіць падарунак гледачам - два білеты па цане аднаго на спектакль "Сівая легенда" 26 сакавіка, паведамілі [1] БЕЛТА ва ўстанове.
Галоўнай падзеяй вечара стане опера "Сівая легенда" кампазітара Дзмітрыя Смольскага па аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Дзеянне разгортваецца імкліва і непрадказальна, быццам спружына, у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. "Мы трапляем у XVII стагоддзе - часы непрыступных замкаў, паляванняў, радавітых шляхціцаў, дзякуючы дэкарацыям сярэдневяковага замка, аснашчанага камінамі, пушкамі, старадаўняй мэбляй, манекенамі рыцараў, якія стварыў мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка", - расказалі ў тэатры.
У цэнтры драматычных падзей оперы - гісторыя кахання, у якой сплятаюцца жаночая рэўнасць і помслівасць, мужчынскае самалюбства, інтрыгі і няпростае сацыяльна-палітычнае становішча, пастаяннае процістаянне на глебе рэлігіі і сацыяльнага статусу. Здавалася б, глыбока асабістая гісторыя кахання і рэўнасці набывае разбуральную сілу, якая ўцягвае ў свой вір мноства людзей. У гэты вечар галоўныя ролі выканаюць народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Уладзімір Пятроў. За дырыжорскім пультам будзе Вячаслаў Чарнуха-Воліч.
"Кожны паказ оперы "Сівая легенда", творчы калектыў якой быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, становіцца падзеяй. І кожны раз тэатр рыхтуе для сваіх гледачоў нешта асаблівае. Так, 26 сакавіка адбудзецца выстаўка аднаго дня "Мастацтва раскошы. Ювелірныя вырабы з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", якая прадставіць унікальныя ўзоры ювелірнага майстэрства беларускіх майстроў і іх бліжэйшых суседзяў. Высакародны густ, тонкае пачуццё элегантнасці, бездакорнае валоданне найскладанейшымі тэхнікамі ліцця, чаканкі, гравіроўкі, эмаліравання, залачэння, дэманструюць аправы, падсвечнікі, прадметы сервіроўкі стала, створаныя ў XVIII - пачатку ХХ стагоддзяў", - адзначылі ў тэатры.
Акрамя таго, Барыс Лазука прэзентуе сваю кнігу "У засені замкаў і палацаў. Матэрыяльная культура сацыяльнай эліты Беларусі ХІІ-пачатку ХХ стагоддзя", адзначаную дыпломам на 58-м конкурсе "Мастацтва кнігі" ў намінацыі "Залатыя скрыжалі". Гэта выданне - першае ў айчынным мастацтвазнаўстве даследаванне значнай часткі нацыянальнай культуры, акрэсленай сферай быту арыстакратыі, іншых прадстаўнікоў сацыяльнай эліты з часоў старажытнабеларускіх княстваў да пачатку ХХ стагоддзя. Расказ аўтара аб стварэнні выдання будзе падмацаваны цікавымі рарытэтнымі помнікамі матэрыяльнай культуры з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/vjaliki-teatr-belarusi-padryhtavau-padarunak-gledacham-dva-bilety-pa-tsane-adnago-na-sivuju-legendu-76623-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-teatr-belarusi
[3] https://zviazda.by/be/tags/sivaya-legenda
[4] https://zviazda.by/be/tags/sivaya-legenda-kampazitara-dzmitryya-smolskaga
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich