Паказаў сыну сваю фотагалерэю з дзевяностых. Ён здзівіўся і кажа:
— Ты што, быў бандытам?!
— З чаго ты ўзяў?
— У вас твары як з фільмаў пра бандытаў.
— Тады ва ўсіх такія твары былі.
— Чаму?
— Час быў такі, «Фэйсбука» не было.
Сын паважліва:
— Добра, што цяпер ён у цябе ёсць.
Старэйшая дачка, гледзячы на тыя ж фота:
— Жах... Ну і морды...
Потым, спахапіўшыся:
— Але ўсё роўна, татачка, ты тут самы сімпатычны.
Усё-такі наколькі больш прыемна мець справу з дзяўчаткамі: яны нават там, дзе ўсё дрэнна, знойдуць штосьці добрае і цябе пашкадуюць.
* * *
Поля з раніцы ўстала — вакол вока чырвоным фламастарам намаляваны круг. Пытаю яе:
— Гэта што яшчэ такое?
— Проста Ксенія мяне будзіла, я не хацела прачынацца, і яна мне вырашыла намаляваць вока, як быццам я не сплю.
Здрыгануўся ад думкі, што сёння мяне таксама маглі будзіць такім вытанчаным спосабам. Нават на ўсякі выпадак паглядзеўся ў люстэрка: ці не намалявалі на мне нічога, пакуль я спаў.
Увогуле, калі вы аднойчы ўбачыце ў мяне вакол вока яшчэ адно вока, не пужайцеся: гэта значыць, што я проста хацеў даўжэй пакачацца ў ложку.
P. S. А пакуль сказаў старэйшым дзецям прыбраць далей іх цыркулі. Раптам фламастара акажацца недастаткова, каб мяне разбудзіць. Сплю ж я моцна.
* * *
Сяджу на кухні, дзеці ў сваіх пакоях робяць урокі. Раптам чую, хтосьці з малодшых крычыць:
— Тата, а дваццаць тры мінус сем будзе шаснаццаць?
Крычу ў адказ:
— А ты як думаеш?
— Думаю, што не.
— Чаму?
— Не ведаю.
— А я думаю, што так.
— Дзякуй!
Праз тры хвіліны зноў крык:
— Тата, а дваццаць тры мінус сем будзе шаснаццаць?
Я (раздражнёна):
— Вы ж мяне толькі што аб гэтым пыталі!
— Гэта Поля пыталася, а я Вера.
— Ну дык спытай у Полі, яна ведае.
— Нам настаўніца не дазваляе адно аднаму падказваць.
(Трэба ж, якія правільныя, усё павінны зрабіць самі!)
Давялося паўтарыць і для Веры таксама — толькі б настаўніца была задаволена.
P. S. Цяпер вось сяджу і думаю: а дваццаць тры мінус сем дакладна шаснаццаць будзе? І самае крыўднае — спытаць няма ў каго: сын з ліцэя яшчэ не прыйшоў.
Павел ХОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pavel-holad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/natatki-shmatdzetnaga-tatki