Напярэдадні Міжнароднага дня лялечніка, які святкуецца 21 сакавіка, у віцебскім Беларускім тэатры «Лялька» ўпершыню паказалі спектакль «Мастак. Вяртанне ў Віцебск».
Рэжысёр спектакля і мастацкі кіраўнік «Лялькі» Віктар Клімчук у новым спектаклі пры дапамозе лялек пастараўся пазнаць свет Шагала, яго творчае станаўленне і цярністы шлях да сусветнай славы. Пра выпрабаванні, праблемы і перажыванні Марк Шагал напісаў у аўтабіяграфіі «Маё жыццё», якая і стала асновай п'есы і спектакля.
Галоўную ролю мастака выканаў адзін з самых вопытных акцёраў «Лялькі» Юрась Франкоў, ён прызнаўся, што новая роля — самая складаная ў яго творчай кар'еры.
Падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» тэатр з'яўляецца сталіцай праекта «Лялечны квартал». Пачынаючы з 2014 года, жыхары і госці Віцебска маюць магчымасць пабачыць спектаклі для дзяцей і дарослых не толькі на сцэне: традыцыяй сталі вулічныя спектаклі і перформансы.
Прафесійны ўзровень «Лялькі» ўжо шмат разоў высока ацэньваўся на конкурсах, фестывалях, ды іншых творчых акцыях у розных краінах, дзе спектаклі на беларускай мове добра ўспрымаліся нават без перакладу.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-teatr-lyalka-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk