Белтэлерадыёкампанія рыхтуе да запуску новы забаўляльна-інтэлектуальны праект — шоу «На вылет!», галоўны прыз якога складае 2000 беларускіх рублёў. Першыя чатыры выпускі інтэлектуальнай гульні ўжо запісаныя [5], а прэм'ера праекта, цэнтральнай дзеючай асобай якога стаў радыёвядучы і праграмны дырэктар станцыі «Unіstаr» Аляксандр Найдзёнаў, адбудзецца на «Беларусь 1» на наступным тыдні — 31 сакавіка.
Гульня, удзельнікаў якой ва ўзросце 18+ набіраюць па папярэднім запісе, складаецца з пяці раўндаў. У кожным з іх ігракі павінны правільна адказаць на пытанні вядучага — спачатку простыя, а потым усё больш мудрагелістыя, далёка па-за школьнай праграмай. Пры гэтым той, хто памыляецца альбо папросту не ведае адказу, сыходзіць «на вылет», і колькасць удзельнікаў няўхільна скарачаецца: спачатку іх 32, потым 16, 8, 4, 2... І як апетыт прыходзіць падчас яды, у гэтым выпадку азарт нараджаецца ў працэсе гульні, людзі ўсё больш уцягваюцца ў інтэлектуальнае спаборніцтва, і праявіць сябе можа абсалютна кожны. На ўсіх этапах ёсць свае спецыяльныя прызы, і каманда ў любы момант можа задаволіцца імі і пакінуць гульню — тады шанц паказаць сваю эрудыцыю атрымлівае каманда, якая раней прайграла. Пераможцу ж прапануюць узяць удзел у супергульні, і, калі ўдасца адказаць хоць бы на адно з трох зададзеных пытанняў, галоўны прыз у яго ў кішэні. Зрэшты, магчымыя і іншыя расклады і сюрпрызы, а таксама вяртанне ў барацьбу тых, хто выбыў з яе першы, — шанц выйграць ёсць практычна ў кожнага, і гэта робіць праект дынамічным і захапляльным. Асаблівае ж хараство і каштоўнасць новага шоу ў тым, што гэта не запазычаны з іншых каналаў і краін папулярны фармат, а ўласная, цалкам арыгінальная прыдумка.
«Мне спадабаўся атрыманы вынік, — падзяліўся пасля здымак аўтар ідэі і рэжысёр гульні «На вылет!» Яўген Папковіч. — Выйшла на сто працэнтаў тое, што я і задумваў, калі распрацоўваў правілы праекта. Больш за тое, у працэсе мантажу мы і самі захапіліся, уцягнуліся ў праграму, нібы наноў перанесліся на пляцоўку — спадзяюся, што гледачоў гульня таксама прыцягне».
Аляксандра Найдзёнава, у якога вялікі вопыт работы на радыё, але для тэлебачання гэта чалавек новы, абралі на ролю вядучага праз кастынг — стваральнікаў праекта падкупіў не толькі інтэлект вядучага, але і яго асаблівая харызма. «Ведаеце, ён умее прымяніць дзве грані: як выклікаць сімпатыю з першага позірку, так і ўключаць адмоўнае абаянне, халодную стрыманасць. Нам падалося, гэта менавіта тое, што патрэбна для праграмы, — расказаў «Звяздзе» рэжысёр. — Да таго ж, Саша малайчына, раней ніколі не здымаючыся, ён вытрымаў вялізную нагрузку — у адзін дзень мы запісвалі чатыры праграмы, так што можна толькі ўхваліць яго за гэтую вытрымку і самаадданасць у працы».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] http://zviazda.by/be/news/20190314/1552560742-vedy-cyarpenne-i-kryhu-udachy-bt-zdymae-intelektualnae-shou-na-vylet
[6] https://zviazda.by/be/tags/belteleradyyokampaniya