Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і дыскусійна-аналітычная супольнасць «Ліберальны клуб» прэзентавалі даследаванне «Дыялог бізнесу і дзяржавы ў рэгіёнах: як павысіць эфектыўнасць работы саветаў па развіцці прадпрымальніцтва на лакальным узроўні?».
Летась для стымулявання бізнес-ініцыятывы ў Беларусі былі створаны рэгіянальныя саветы па развіцці прадпрымальніцтва. Як новыя структуры садзейнічаюць дыялогу ўлады і бізнесу на мясцовым узроўні, расказалі прадстаўнікі Ліберальнага клуба.
«У кожнай вобласці намі былі абраны зрэзы з найбольшым і найменшым прадстаўніцтвам бізнесу і прааналізавана праца за год. І для таго каб паглядзець, як функцыянуе дыялог бізнесу і дзяржавы на рэгіянальным узроўні, мы вывучылі ўзаемадзеянне на прыкладзе Віцебскай вобласці. Намі быў апытаны шэраг лакальных бізнесменаў, прадстаўнікоў аблвыканкама/гарвыканкамаў», — расказаў аб сутнасці працы аўтар даследавання Мікіта БЯЛЯЕЎ.
Праект дазволіў вызначыць праблемныя пункты працы рэгіянальных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, якія перашкаджаюць ім стаць дзейснай пляцоўкай для дыялогу. Але ж гэта хаатычны характар працы без бачання канкрэтных задач.
«Мы вывучылі палажэнні многіх саветаў, і сфарміравалася тры мэты, якія існуюць сёння. Першая — дапамога ўсім формам уласнасці. Другая — кансультаванне бізнесу і трэцяя — выпрацоўка прапаноў», — паведаміў Мікіта Бяляеў.
Адна з умоў функцыянавання саветаў — узначальваць іх неабходна прадстаўніку бізнес-супольнасці. Па словах даследчыкаў, гэта ўмова парушаецца ў 41 % выпадкаў.
Няма адзінага падыходу да складу членаў гэтага органа. Дзесьці ёсць саветы з двух чалавек, а ў некаторых раёнах з 27 членаў. Адны з іх складаюцца толькі з прадпрымальнікаў, а ў іншых колькасная перавага ў прадстаўнікоў улады. Адна з праблем і ў тым, што бізнес-саюзы слаба ўключаны ў работу саветаў.
Выпрацаваў Ліберальны клуб і свае прапановы па вырашэнні праблем. Неабходна ўніфікацыя функцыяналу гэтых структур — стандартызацыя мэт, задач і правоў савета, што абгрунтоўвае неабходнасць падрыхтоўкі тыпавога палажэння. Распрацоўка гэтага дакумента дазволіць вызначыць ролю і месца саветаў у сістэме ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу.
У склад саюзаў сёння ўключаны прыкладна 1700 прадстаўнікоў бізнесу краіны, таму ўсе саветы павінны быць у адзінай сістэме ўзаемадзеяння.
«Склад перш за ўсё павінен быць рэпрэзентатыўны ў адносінах да таго бізнесу, які знаходзіцца на тэрыторыі раёна, дзе функцыянуе савет. Калі на тэрыторыі раёна 90 % прадпрымальнікаў займаюцца гандлем, адпаведна, і ў структуры павінен быць такі ж працэнтны склад прадстаўнікоў са сферы гандлю», — акцэнтаваў увагу суаўтар даследавання Яўген МАРДАСЕВІЧ.
Праблемы, якія не вырашаюцца доўгі час, аўтары праекта прапаноўваюць старшыні раённага Савета агучваць на сумесных пасяджэннях у вобласці. Мясцовыя саветы павінны мець магчымасць непасрэдна размаўляць з прадстаўнікамі ўлады і калегамі з Савета па развіцці прадпрымальніцтва, створанага пры Прэзідэнце.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne