27 сакавіка ў сталіцы пройдзе II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Лічбавая трансфармацыя адукацыі DTE-2019”.
Канферэнцыя ўяўляе сабой міжнародную інтэлектуальную пляцоўку для свабоднага абмену ідэямі і вопытам у галіне адукацыі і сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. На ёй будуць абмяркоўвацца тэхналагічныя трэнды ў адукацыі, лічбавыя кампетэнцыі будучыні, сістэмы кіравання адукацыяй у лічбавую эпоху, анлайн-платформы для навучання, перспектывы IT-адукацыі ў Беларусі і іншыя актуальныя пытанні.
У ліку ключавых спікераў на DTE-2019 выступяць кіраўнік дэпартамента электронных паслуг Міністэрства адукацыі і навукі Эстоніі Андрэс Арэмаа, эксперт-кансультант па ключавых інфармацыйных рашэннях Elsevier Дзмітрый Качаткоў, выканаўчы дырэктар Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Інфармацыйнае грамадства” Сяргей Енін, вядучыя спецыялісты ГІАЦ Мінадукацыі і іншыя прызнаныя эксперты ў галіне лічбавай трансфармацыі адукацыі.
Андрэс Аремаа прадставіць вынікі даследаванняў па ўкараненні ІТ у сістэму адукацыі Эстоніі і магчымасці прымянення эстонскага вопыту ў краінах СНД. Дзмітрый Качаткоў раскажа пра лічбавыя інструменты аналізу і развіцця публікацыйнай актыўнасці беларускіх вучоных. Сяргей Енін раскрые асноўныя фактары поспеху лічбавай трансфармацыі адукацыі. Дырэктар ГІАЦ Міністэрства адукацыі Павел Ліс і начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі Максім Багатка падымуць стратэгічныя пытанні ўкаранення ІТ у адукацыйны працэс, раскажуць аб фарміраванні Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя і спосабах забеспячэння кібербяспекі ва ўстановах адукацыі Беларусі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kanferencyya
[2] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/it-sfera-2
[4] https://zviazda.by/be/tags/dte
[5] https://zviazda.by/be/tags/lichbavaya-transfarmacyya