У сувязі з рэканструкцыяй Полацкага пуцеправода ў Віцебску з'явяцца новыя аб'екты. На вуліцы Касманаўтаў пабудуюць падземны пешаходны пераход. На вуліцы Цітова - дадатковую электрападстанцыю: тут зноў будуць хадзіць трамваі. Праўда, у ваколіцах велізарнай будоўлі давядзецца высекчы больш за 400 дрэваў, паведамляюць [1] «Витебские вести».
Новы пуцеправод будзе дасягаць шырыні 45 метраў, разам з уздымам і спускам яго даўжыня складзе больш за 400 метраў.
Заязджаць і з'язджаць з яго трэба будзе па развязкам-«матылькам», а з боку вуліцы Касманаўтаў з'явіцца падземны пешаходны пераход. Па вуліцы Цітова адновіцца рух трамваяў, тут дадаткова пабудуюць цягавую электрападстанцыю.
Зараз на аб'екце кожны дзень задзейнічана каля 70 спецыялістаў і 15-18 адзінак тэхнікі. Асноўная нагрузка - на бетоншчыкаў, зваршчыкаў і арматуршчыкаў, яны робяць падмурак пад прамежкавыя апоры, якія будуць трымаць мост. Усяго іх трэба будзе ўзвесці 45, пакуль гатовыя 7.
Чакаецца, што ў другім паўгоддзі пачнуць узводзіць апоры моста і з боку вуліцы Цітова, амаль ля самога Полацкага рынка. Будаўнікі запэўніваюць, што гэта не паўплывае на працу папулярнага базару.
Зараз рэканструкцыя падыходзіць да самага важнага этапу - у красавіку плануюць пачаць дэмантаж старога моста, які праходзіць над чыгункай.
З дакладнасцю да хвілін неабходна разлічыць час, каб развесці цягнікі, пакуль краны на чыгуначных платформах будуць разбіраць 30-тонныя бетонныя пралёты, частка якіх даўжынёй да 14 метраў. Для гэтага спатрэбіцца не раз абмяжоўваць рух чыгуначнага транспарту на 7-8 гадзін. Калі б не ажыўлены трафік, будаўнікі справіліся б за тыдзень, а так спатрэбіцца як мінімум месяц.
- Пры добрым раскладзе ў гэтым годзе мы плануем асвоіць каля 40 млн рублёў, а каштарысны кошт аб'екта ў дзейных цэнах - каля 115 млн, - растлумачыў першы намеснік генеральнага дырэктара УКБ аблвыканкама Веньямін Барсук. - Вылучаюцца грошы з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, вядзецца праца па адкрыцці крэдытнай лініі на 50 млн рублёў ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Гэта ўсё дасць магчымасць ужо ў 2019-м цалкам адпрацаваць рэканструкцыю пуцеправода з боку вуліцы Касманаўтаў, пабудаваць апоры і падмурак моста праз чыгунку.
Пры рэканструкцыі пуцеправода высякуць 406 дрэў. На гэта ёсць адпаведнае рашэнне гарвыканкама. Эколагі атрымалі кампенсацыйныя выплаты на пасадку новых дрэў.
Спасылкі
[1] http://vitvesti.by/economy/kak-idet-stroitelstvo-puteprovoda-polotckii-v-vitebske-reportazh-so-stroitelnoi-ploshchadki.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk