Індыя рыхтуецца да стварэння першага нацыянальнага пілатуемага падводнага апарата. Як паведамляе [1] ТАСС са спасылкай на газету The Times of India [2], ён павінен быць гатовы праз тры гады.
Экіпаж будзе вывучаць падводны свет, шукаць раней невядомыя формы марскога жыцця, разведваць карысныя выкапні ў Індыйскім акіяне - разлічваюць спецыялісты Нацыянальнага інстытута акеанскіх тэхналогій (National Institute of Ocean Technology, NIOT) у Чэнані. Распрацоўка стане часткай праграмы індыйскіх улад "Глыбакаводная місія", мэта якой - стварэнне тэхналогій, што дапамогуць краіне ў пошуку рэсурсаў у акіяне.
Плануецца, што экіпаж з трох чалавек будзе размяшчацца ў сферычным адсеку з тытану дыяметрам 3,2 метра і зможа апускацца на глыбіню да 6 тысяч метраў.
Паколькі важныя сістэмы падводнай лабараторыі маюць шмат агульных рыс з касмічнымі апаратамі, інжынеры інстытута збіраюцца супрацоўнічаць з індыйскай Арганізацыяй касмічных даследаванняў (ISRO). Для працы над праектам Індыя гатова звярнуцца да іншых краін, якія маюць досвед стварэння і ўпраўлення глыбакаводнымі апаратамі.
Спасылкі
[1] http://tass.ru/nauka/6252561
[2] https://timesofindia.indiatimes.com
[3] https://zviazda.by/be/tags/tehnalogii
[4] https://zviazda.by/be/tags/indyya