У Мінскім Палацы дзяцей і моладзі ўзнагародзілі фіналістаў XXI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Ратаўнікі вачыма дзяцей». Юныя творцы паказалі больш за 250 прац у 9 намінацыях - малюнак, плакат, выраб, скульптура малых формаў, мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, казка, апавяданне, верш, стыкер-пак МНС. Усе яны атрымалі прызы і падарункі.
- Кваліфікаванаму журы было няпроста выбраць лепшых, - прызнаўся Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. – Але разам з тым я ўзрадаваны, што школьнікі неабыякавыя да праблем бяспекі. А гэта значыць, што нам ёсць на каго спадзявацца.
Дзесяцікласніца Сафія Корзун атрымала спецыяльны прыз Дзяржпрамнагляду ў намінацыі “Плакат”.
- Я – юны ратавальнік-пажарны каманды "Прымус". Пра існаванне яе мне падказаў наш педагог-мастак. Але ў актыве нашай каманды не толькі творчасць. Штогод непадалёк ад Маладзечна праходзяць зборы ў ваенна-палявым лагеры. Уцягнуцца ў рытм было проста - бацька ў мяне ваенны. І таму спецыфіку службы ратаўнікоў я праз гэтую прызму разумею.
Аўтары лепшых прац атрымалі падарункі і граматы ад арганізатараў конкурсу. Імі сталі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З выявамі прац можна азнаёміцца на сайце МНС [3].
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://mchs.gov.by/tsentr-bezopasnosti-mchs/detskoe-tvorchestvo/raboty-pobediteley-xkhi-smotra-konkursa-spasateli-glazami-detey/?bitrix_include_areas=Y&clear_cache=Y
[4] https://zviazda.by/be/tags/ratauniki