Ваенная тэма ў айчыннай літаратуры традыцыйная: ледзь не бяскрайняе поле, якое перайсці цяжка нават сучасным пісьменнікам: крочым далей, да новых даляглядаў. Сутнасць псіхалогіі чалавека ў выпрабавальных сітуацыях як адну з найцікавейшых катэгорый найбольш яскрава і пераканаўча можна адлюстраваць менавіта ў жанрах ваеннай прозы. Але зацікавіць, не толькі сюжэтам і зваротам да пачуццяў даволі складана, таму, відавочна, варта шукаць новыя падыходы ў гэтым кірунку. Спробы ёсць. Якія ж?
У цэнтры аповесці Анатоля Матвіенкі «Судны дзень 1973» (Мінск, «Харвест», 2018) — падзеі араба-ізраільскага канфлікту 1973 года. Героямі твора сталі двое ваенных родам з СССР. Яны даўнія знаёмыя — танкісты з аднаго палка, штурмавалі Берлін, жанатыя на родных сёстрах. Адзін — савецкі ваенны, саветнік у танкавай дывізіі Сірыйскай арміі, другі — бежанец, камандзір танкавага батальёна Арміі абароны Ізраіля. Яны выконваюць свой абавязак, але па розныя бакі супрацьстаяння. Жанчыны, іх жонкі, таксама змагаюцца — па-свойму, больш за сваіх родных, чым за ідэі ці па абавязку. Тэма рознасці поглядаў у такім становішчы непазбежная. Гэты кантраст вельмі важны для твора такога кшталту. Ён цалкам зразумелы ў аповесці, але не надта адчувальна выліваецца ў глыбокія жывыя спрэчкі ці хаця б філасофскія роздумы, якія б маглі ўскалыхнуць сюжэтную лінію і надзяліць персанажаў жывымі рысамі, зрабіць іх больш зразумелымі і пазнавальнымі. Стаўленне галоўных герояў да вайны крытычнае, але ключавы дыялог, які б мог расставіць акцэнты, атрымаўся, на мой погляд, не вельмі выразны. Але, магчыма, у гэтым выяўляецца жаданне аўтара ад першага і да апошняга радка быць аб’ектыўным і не прымаць, не падтрымліваць ніякі з бакоў, якіх на самай справе не два, а нашмат больш...
Увогуле ж сам зварот да такой тэмы выклікае непадробную цікавасць. Не кожны беларускі пісьменнік возьмецца за адлюстраванне далёкай і іншы раз увогуле незразумелай для нас рэчаіснасці, і датычыцца гэта, дарэчы, не толькі ваенных дзеянняў. Летапіс падзей аўтар стварае праз прызму ўспрымання савецкага чалавека, што дапамагае глянуць на гэтую гісторыю непрадузята, з боку. Здаецца, кожнаму пісьменніку цяжка схаваць сваё стаўленне да таго, што адбываецца. Але ў гэтым выданні асоба творцы насамрэч засталася ўбаку. Такую нейтральную пазіцыю ў апісанні гэтакіх значных і няпростых падзей вытрываць вельмі цяжка.
«Судны дзень 1973» дае ўяўленне, як «не свая вайна» пераўтвараецца ў асабістую «сваю, калі могуць загінуць родныя і сябры». Так, спачатку героі ставяцца да падзей скептычна, бо ўсё ж яны на чужой зямлі (дарэчы, па радзіме ніяк не сумуюць, што важна для характарыстыкі персанажаў), але сітуацыя змяняецца, і змагацца даводзіцца не толькі за свае прынцыпы, але і за амбіцыі палітыкаў. А гэта, па сутнасці, становіцца роўным абароне сваіх сем'яў. Увогуле, антымілітарысцкая ідэя адчуваецца больш за іншыя.
Лагічным, больш за тое, патрэбным на першых старонках стаў вобраз дыму — гэта свайго роду сімвал актыўных ваенных дзеянняў і метафара незразумеласці таго, што адбывалася падчас вайны. Дакладей, баёў Другой сусветнай — з чаго, дарэчы, і пачынаецца пралог гісторыі. Працяг — у апісаннях кашмарных сноў, ад якіх пакутаваў адзін з галоўных герояў, адбітку вайны. Далейшы расповед склалі падрабязныя апісанні першых дзён араба-ізраільскага канфлікту. Нагадвае сцэнарый кінафільма на ваенную тэму. Пра гэта сведчыць і кампазіцыя твора, дзе даецца паралельнае апісанне адразу некалькіх гісторый з пункту гледжання двух галоўных герояў і членаў іх сямей. Ды і завяршэнне — калі знаёмыя героі сустракаюцца праз доўгія гады і дзеляцца ўспамінамі пра тое, чым жа скончылася гісторыя і як хто пайшоў з жыцця. Аповесць успрымаецца як сукупнасць карцінак-кадраў: ад завязкі і да кульмінацыі. Гэта не добра і не дрэнна — тыпова для твораў такога кшталту, і ў іх ёсць патрэба.
Яшчэ адна асаблівасць выдання ў тым, што рэальныя падзеі гісторыі так і засталіся ў тэксце асновай, а жыццё герояў — на другім месцы. Ёсць і пытанні да логікі дзеянняў і характараў некаторых персанажаў, хаця дзеля справядлівасці варта адзначыць, што на сюжэт гэта не паўплывала.
Думаецца, кнігай будуць найперш зацікаўленыя аматары гісторыі, асабліва даследчыкі значных ваенных узрушэнняў.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/krytyka